Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прабегчы на «Крылах анёлаў». Тры гісторыі валянтэрства

абноўлена

Менскі паўматарон 2015 году.
Менскі паўматарон 2015 году.

«Было б файна, калі б зьявілася яшчэ і аналягічная перадача "Толькі мужчыны" з такімі ж натхняльнымі і кранальнымі гісторыямі», прапанавала Наста Кудасава пасьля дыскусіі з трыма жанчынамі-валянтэркамі — Кацярынай Парыжаскай, Крысьцінай Крук і Крысьцінай Вітушкай.

Такім чынам прыроду, перавагі і выдаткі валянтэрства абмяркоўваюць гісторык Павал Каралёў, які апякуецца Вайсковымі могілкамі, валянтэр шэрагу гуманітарных праектаў Віталь Саболька і Дзьмітры Цімашкоў, кіраўнік каманды «Крылы анёлаў», якая ладзіць прабегі з вазочнікамі.

Што дае валянтэрства

Дзьмітры Цімашкоў: І калі мы разам з дачкой прабеглі Менскі паўмаратон (яна была ў вазку, а я яе штурхаў перад сабой), мне здалося, што гэта вельмі добры шлях назад, у грамадзтва, да людзей, таму што бацькі людзей зь інваліднасьцю аказваюцца на задворках жыцьця.

Павал Каралёў: Валянтэрства — незвычайная прастора. На Вайсковых могілках я пазнаёміўся зь дзясяткамі людзей, якіх я б ня ведаў і мог бы не сустрэць. Падчас іншых працаў у валянтэрскіх летніках я перайшоў на беларускую мову...

Віталь Саболька: Тамара Лісіцкая зьбірала падарункі для дзяцей у дзіцячым анкалягічным шпіталі ў Бараўлянах. І я падумаў, а чаму б мне не зрабіць сьвята дзецям. Я раз, другі, трэці перадаваў падарункі, потым мне патэлефанавалі супрацоўнікі анкацэнтру і запыталіся, ці не магу я дапамагчы канкрэтнаму чалавеку. І гэта мяне запаліла, адкрыла новы сьвет. Пазнаёміўся зь валянтэрамі каманды «Дом на скале», потым зьявіліся праекты «Альтанка для чытанкі», «Ад сэрца да сэрца»...

«Мы разам з дачкой прабеглі Менскі паўмаратон»

Ганна Соўсь: Як прыйшла ўсьведамленьне, што вашая дапамога патрэбная, што вы ня можаце заставацца ў баку, што вы мусіце дапамагаць, ствараць і не чакаць дапамогі ад дзяржавы?

Дзімітрый Цімашкоў з дачкой.
Дзімітрый Цімашкоў з дачкой.

Дзьмітры Цімашкоў: Я пачаў займацца грамадзка-карыснай дзейнасьцю праз маю асабістую гісторыю. Гэта праблема са здароўем маёй дачкі, у яе інваліднасьць, цяжкая ступень ДЦП. Я сутыкнуўся з сытуацыяй, што немагчыма ў адзіночку з гэтым справіцца, патрэбная дапамога іншых людзей. Я сам пачаў дапамагаць і ўвесь час шукаў людзей, якія маглі б мне дапамагчы. І калі мы зь ёй разам прабеглі Менскі паўмаратон (яна была ў вазку, а я яе штурхаў перад сабой), мне здалося, што гэта вельмі добры шлях назад, у грамадзтва, да людзей, таму што бацькі людзей зь інваліднасьцю аказваюцца крыху на задворках жыцьця.

Я падумаў, што гэта добры спосаб вярнуцца, і паклікаў іншых далучацца. Я знайшоў шмат жадаючых, валянтэраў, спартовых валянтэраў, якія дапамагалі прыводзіць дзяцей зь інваліднасьцю на прабегі, і проста валянтэраў, якія дапамагалі нам арганізоўваць уласныя прабегі. Мой шлях пачынаўся ад асабістай патрэбы, асабістай зацікаўленасьці.

Ганна Соўсь: Як даўно гэта пачалося? Як шмат людзей вы натхнілі сваім прыкладам?

Дзьмітры Цімашкоў: Менскі паўмаратон, пра які я казаў, адбыўся ў верасьні 2015 году. На ім мы ўтварылі каманду «Крылы Анёлаў», і ўжо ў наступным годзе ў Менскім паўмаратоне ўдзельнічала 30 спартовых валянтэраў, якія правялі ад старту да фінішу шэсьць вазкоў зь дзецьмі зь інваліднасьцю. Зараз гэта ўжо сотні людзей, якія ўдзельнічаюць у нашых прабегах. Двойчы на год у Менску мы праводзім масавае дабрачыннае мерапрыемства «Прабег «Крылы Анёлаў». Мы заклікаем іншых людзей прабегчы на знак салідарнасьці, дапамагчы, у тым ліку фізычна, паўдзельнічаць у гэтым прабегу дзецям зь інваліднасьцю. А ў апошнім прабегу ўдзельнічала амаль 700 чалавек.

«Патрэбны чалавек, які б сказаў, што тут не пройдзе такая лухта»

Ганна Соўсь: Павал, калі прыйшло ўсьведамленьне, што «хто, калі не я»?

Павал Каралёў.
Павал Каралёў.

Павал Каралёў: Гэта было 14 таму таму. Я быў студэнтам Унівэрсытэту культуры і мастацтва і тады ўпершыню сутыкнуўся з тэмай валянтэрства. Мы зьбіралі подпісы за захаваньне Крэўскага замку. Сабралі некалькі тысяч подпісаў, прынесьлі ў Мінкульт, і нам сказалі, што, маўляў добра, што вы гэта зрабілі (праўда, незадаволена прымалі гэтыя подпісы), але калі вам гэта баліць, то і рабіце самі. Спачатку ўспрынялося гэта дзіўна, што хтосьці прыходзіць і штосьці хоча, а ў адказ кажуць, самі і рабіце, але пасьля ў нейкім сэнсе так яно і пайшло. Некалькі гадоў мы наладжвалі валянтэрскія летнікі па кансэрвацыі Крэўскага замку. А пасьля былі розныя іншыя праекты, да якіх далучаліся валянтэры — Фэст экскурсаводаў, абарона Ракаўскіх могілак і ўрэшце абарона Вайсковых могілак.

У нашай сытуацыі лісты не дапамагаюць. Можна напісаць колькі заўгодна лістоў... Канешне, калі гэта будзе масава, то зьверне на сябе ўвагу. Патрэбны чалавек, які, умоўна кажучы, умацаваўся на гэтым аб’екце, які б сказаў, што тут вось ня пройдзе такая лухта, ня пройдзе гэты звыш жудасны падыход... І пакуль ня будзе чалавека, які ўстане і скажа, што я вас не прапушчу, што я буду так ці іначай старацца абараняць, дзейнічаць, надаваць гэтаму ўвагу, пакуль няма такіх людзей, усе аб’екты або любая справа, якая так ці іначай ад нас не залежыць, будуць шкодзіцца. І таму з Вайсковымі могілкамі атрымалася менавіта так.

Год таму я займаўся гэтай тэмай, мяне пераканалі, што ўсё будзе добра, нармальна, па законе, але калі я прыехаў на могілкі сёлета пасьля таго, як пабачыў фотаздымкі, то я пабачыў сытуацыю, якая прымусіла мяне застацца. Пэўны плён наша актыўнасьць дае, таму што зараз працы афіцыйна прыпыненыя, але барацьба далёка ня скончаная...

«У мяне ёсьць магчымасьць дапамагчы. Чакаць, што нехта прыйдзе і дапаможа, ня варта»

Ганна Соўсь: Віталь, як часта ў вашым жыцьці ўзьнікала сытуацыя, пасьля якой вы «проста заставаліся»?

Віталь Саболька.
Віталь Саболька.

Віталь Саболька: Гэта працягваецца, як мінімум, пяць гадоў. Кожны раз узьнікае новая сытуацыя — у людзей здараюцца праблемы са здароўем, псыхалягічным станам, у матэрыяльным пляне — і я пачынаю штосьці рабіць. Сытуацыя такая, што ў мяне ёсьць магчымасьць дапамагчы фінансава, маральна або нейкім іншым чынам, і чакаць, што нехта, можа, дзяржава, прыйдзе і дапаможа, ня варта.

Калі да чалавека прыходзіць нейкая хвароба, то клеткі ўжо пачынаюць працаваць, каб зрабіць арганізм здаровым, а мозг будзе думаць, ну вось, пакуль я схаджу да доктара, потым у аптэку, потым яшчэ куды-небудзь, а потым буду лекавацца. Жыцьцё — складаная рэч, кожнае імгненьне нешта адбываецца, і я, як клетка, як валянтэр, павінен рэагаваць, тым больш, што маю магчымасьць. Проста так кінуць сытуацыю я не магу.

«Я шчасьлівая, бо магу дапамагаць». Чаму становяцца валянтэркамі

«Жыцьцё сумаваць не дае. На розныя прапановы я адгукаюся з задавальненьнем»

Ганна Соўсь: Віталь, мне назвалі вас валянтэрам з валянтэраў. Вы — саўдзельнік многіх праектаў. Вы дапамагаеце дзецям і дарослым у дамах-інтэрнатах, дзецям зь цяжкімі захворваньнямі, ладзіце беларускамоўныя чытаньні, і шмат чаго іншага.. Распавядзіце, калі ласка, пра ваш самы розны досьвед валянтэрства.

Віталь Саболька: Усё пачалося гадоў пяць таму, калі Тамара Лісіцкая зьбірала падарункі для дзяцей у дзіцячым анкалягічным шпіталі ў Бараўлянах. Там быў вялікі сьпіс — розныя лялькі, фотаапараты, тэлефоны, хто што там прыдумаў з дзяцей. І я падумаў, а чаму б мне не набыць нешта, не аднесьці туды, не зрабіць сьвята дзецям, якія знаходзяцца ў складаных жыцьцёвых сытуацыях. Я раз, другі, трэці перадаваў падарункі, потым мне патэлефанавалі ўжо самі супрацоўнікі анкацэнтру і запыталіся, ці не магу я дапамагчы канкрэтнаму чалавеку. Тады давялося ўпершыню сутыкнуцца, ужо прыватна, зь дзіцяці, у якога была складаная сытуацыя, і дапамагчы маральна. І гэта мяне запаліла, адкрыла новы сьвет.

Валянтэр Віталь Саболька. Ініцыятыва Вольгі Міклашэвіч - творчыя заняткі з дзецьмі ў "Ждановіцкім дзіцячым доме".
Валянтэр Віталь Саболька. Ініцыятыва Вольгі Міклашэвіч - творчыя заняткі з дзецьмі ў "Ждановіцкім дзіцячым доме".

Зьяўляліся новыя дзеці з анкалягічнымі хваробамі. А потым я пазнаёміўся з людзьмі, якія ўжо групай займаліся. Калі разам нешта робіш, гэта неяк лягчэй і весялей. Пазнаёміўся зь валянтэрамі каманды «Дом на скале», потым зьявіліся праекты «Альтанка для чытанкі», «Ад сэрца да сэрца», розныя прыватныя ініцыятывы... Воля Міклашэвіч клясныя праекты робіць. Дзесьці я проста валянтэр, дзесьці я каардынатар. Розныя інклюзіўныя мерапрыемствы. Жыцьцё сумаваць не дае. На розныя прапановы я адгукаюся з задавальненьнем. Не магу сказаць, што я валянтэр з валянтэраў, таму што кожная, нават драбнічка, калі хтосьці што-небудзь робіць, гэта ўжо вялікая справа. Не будзем мяне ўзвышаць! (сьмяецца)

Ганна Соўсь: Колькі вашага вольнага часу займае валянтэрства?

Валянтэр Віталь саболька. "Ад сэрца да сэрца" - раздача падарункаў жыхарам Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната пасьля канцэртнай праграмы.
Валянтэр Віталь саболька. "Ад сэрца да сэрца" - раздача падарункаў жыхарам Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната пасьля канцэртнай праграмы.

Віталь Саболька: Дзьве траціны вольнага часу. Акрамя саміх мерапрыемстваў трэба напісаць справаздачу, пост у сацсетках, знайсьці інфармацыю для паста, фактычна як журналіст працуеш. А калі некалькі ініцыятываў, то і сама падрыхтоўка да мерапрыемстваў займае час. Такім чынам дзьве траціны вольнага часу плюс ад паловы да дзьвюх трацін заробку на гэта сыходзіла. Я працую ў прыватнай кампаніі, якая займаецца гандлем матэрыяламі. Часам даводзіцца дамаўляцца, браць адгулы, бо так проста ня пойдзеш з працы. Або можна пайсьці ў адпачынак у гэты час. Стараюся, выкручваюся па-рознаму.

«Няма такога стану здароўя, які б перашкаджаў чалавеку ўдзельнічаць у жыцьці»

Ганна Соўсь: Дзьмітрый, на старонцы «Каманды анёлаў» ў Фэйсбуку ёсьць пытаньне, адказ на якое вы ведаеце дакладна. «Ці бывае такі стан здароўя, які не дазваляў б чалавеку быць сярод усіх, удзельнічаць у жыцьці?»

Дзьмітры Цімашкоў: Адказ на гэтае пытаньне я знайшоў за апошнія тры гады, калі наша арганізацыя «Крылы анёлаў» спрабавала наладзіць кантакты з партнэрскімі арганізацыямі, зь іншымі людзьмі, якія займаюцца прыкладна тым самым. Я пабачыў, што на самай справе ва ўсім сьвеце — я маю на ўвазе больш цывілізаваную частку сьвету — няма такога стану здароўя, які б перашкаджаў чалавеку ўдзельнічаць у жыцьці, у прыватнасьці ў спорце. Проста для гэтага патрэбная дастатковая падтрымка.

Мы былі ў ЗША, у Гішпаніі і Швэцыі на міжнародных маратонах. Бачылі людзей, якія наогул ня могуць рухацца. Я ў Швэцыі на прабегу бег побач з бацькамі, якія беглі з вазком, у якім ляжала дзяўчынка, якая дыхала праз апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нават у такой сытуацыі можна ўдзельнічаць! Гэта вельмі важна для тых бацькоў, якія большую частку жыцьця займаюцца тым, што фактычна змагаюцца за яе выратаваньне, за яе жыцьцё. І гэта такая форма, калі яны могуць удзельнічаць у пэўным грамадзкім жыцьці нароўні з усімі.

У Амэрыцы я пазнаёміўся з маладым чалавекам, які можа кіраваць сваёй інваліднай каляскай рухам галавы, ён ледзьве ня вухам ёй кіруе. Тым ня менш ён разам з намі ўдзельнічаў у прабегу. Усё магчыма, калі аказваць дастатковую падтрымку. Дык калі крыху знаёмісься з досьведам, які вакол, а ня проста глядзіш, што ў тваім бліжэйшым асяродзьдзі, то разумееш, што няма такіх абмежаваньняў. Заўсёды можна дапамагчы чалавеку, і ён будзе ўдзельнічаць нароўні з усімі.

«Падчас працаў у валянтэрскіх летніках я перайшоў на беларускую мову»

Ганна Соўсь: Павал Каралёў, Кацярына Парыжаская казала пра тое, што яна стала валянтэркай на Вайсковых могілках дзякуючы вашаму закліку. А дзякуючы чаму ці каму вы сталі валянтэрам і цяпер фактычна ідэйным натхняльнікам і арганізатарам абароны Вайсковых могілак?

Павал Каралёў на валанцёрскіх працах па аднаўленьні сядзібна-паркавага комплекса ў Сёмкаве пад Менскам.
Павал Каралёў на валанцёрскіх працах па аднаўленьні сядзібна-паркавага комплекса ў Сёмкаве пад Менскам.

Павал Каралёў: Напэўна, проста так склалася сытуацыя. Калі вучыўся, была цікавасьць да гісторыі, да агульнай гісторыі — Другая сусьветная вайна, сусьветная гісторыя. А пасьля праз вандроўкі, праз турыстычныя маршруты прыйшло асэнсаваньне вось гэтай багацейшай гісторыі. Я памятаю мае ўражаньні, калі была такая радасьць, што вось гэта ёсьць, што такое багацьце ёсьць. І адначасова ледзь ня сьлёзы на вачах, у якім гэта ўсё стане — запусьценьня, разбурэньня. Напэўна, адыгрывае пэўную ролю характар, бо тады мільганула думка, што трэба штосьці рабіць. І я ва ўнівэрсытэце стварыў гісторыка-краязнаўчае таварыства «Этна», куды далучыліся дзясяткі людзей. І мы пачалі вось гэтую працу.

Валянтэрства — гэта ўвогуле незвычайная прастора. Зараз на Вайсковых могілках я пазнаёміўся зь дзясяткамі новых людзей, якіх я б ня ведаў і мог бы не сустрэць. А зараз мы сябруем і разам абараняем. Падчас іншых працаў у валянтэрскіх летніках я перайшоў на беларускую мову. Бо адна справа — імкнуцца, старацца пачаць размаўляць, а другая справа, калі дваццаць ці трыццаць чалавек на працягу двух тыдняў размаўляе па-беларуску. Я вярнуўся пасьля валянтэрскай працы беларускамоўным і застаўся ім. Напэўна, не было чалавека, які мяне б такім чынам заклікаў тое ці іншае зрабіць, але калі ты бачыш тое варварства, самі помнікі, самі гэтыя аб’екты, то разумееш, што штосьці трэба рабіць. І таму працэс ідзе, працягваем змаганьне.

Ганна Соўсь: Вы працуеце ў музэі Янкі Купалы. Як атрымліваецца ў вас спалучаць працу з валянтэрствам?

Павал Каралёў: Так сталася, што я, ня ведаючы пра сытуацыю, якая будзе з Вайсковымі могілкамі, пару месяцаў таму перайшоў на палову стаўкі зь іншых прычынах. І так супала, што гэта было своечасова, бо іначай я б мусіў або пакінуць справу, або пакінуць музэй. А тут ёсьць магчымасьць, наколькі магчыма, спалучаць. Пакуль, дзякуй Богу, атрымліваецца.

«Калі б мы зь дзяцінства ў школах пісалі сачыненьні "Як я дапамог бабулі", каб дзяцей вазілі у шпіталі, дамы-інтэрнаты»

Ганна Сосўь: Псыхоляг Сьвятлана Бергер, камэнтуючы дыскусію з трыма валянтэркамі, прапанавала інакш расставіць акцэнты: «Дапамагаць людзям, жыць у суполцы, якая больш сям’і і блізкіх сяброў — гэта натуральны стан чалавека. Ненатуральнае — рабіць нешта для іншага, чакаючы пры гэтым аплаты, ці рабіць нешта толькі пасьля аплаты. Зараз сьвет перавярнуўся ў антычалавечую пазыцыю, калі часта пануюць індывідуалізм і матэрыялізм як максымальнае праяўленьне эгаізму. У Ізраілі жыхары пэўнай мясцовасьці складаюць сьпісы, дзе паказваюць, чым яны могуць дапамагчы суседзям. Там ёсьць прапановы ад гатоўнасьці падвезьці ў аэрапорт да падрыхтоўкі абеду, ад дапамогі ў рамонце сантэхнікі да нагляду за дзецьмі і інвалідамі. І нікому ў галаву не прыйдзе, што за такую дапамогу трэба чакаць аплаты ў любым выглядзе. Людзі разумеюць, што трэба дапамагаць бліжняму, пад блізкім разумеючы чалавека. У мала цывілізаваных краінах гэта адбываецца неяк інакш..». Як вы мяркуеце, ці можна Беларусь назваць мала цывілізаванай краінай у гэтым кантэксьце? І чаму трэба пашыраць добрыя справы? Што гэта дае вам асабіста?

Віталь Саболька: У гэтым пляне ў параўнаньні з Ізраілем мы, груба кажучы, адсталыя. Бо няма ў нас такога кантакту паміж людзьмі, і кожны шукае нейкую небясьпеку навокал. Нейкае такое ўласьніцтва ёсьць. Таму цяжка перавярнуць сытуацыю зараз. Але думаю, ў будучыні гэта магчыма, калі якія высілкі рабіць. Зараз у Беларусі досыць актыўна разьвіваецца валянтэрскі рух, кожны займаецца нейкімі сваімі справамі, ёсьць справаздачы ў інтэрнэце, водгукі і г. д.. Накопліваецца крытычная маса, якая потым паставіць пытаньні перад дзяржавай, каб палепшыць сытуацыю, каб ствараць заканадаўчыя акты...

Валянтэр Віталь Саболька. Праект "Фонд у гонар святога Яна Рускага". Падчас вулічнага шпацыру ў інтэрнаце №1
Валянтэр Віталь Саболька. Праект "Фонд у гонар святога Яна Рускага". Падчас вулічнага шпацыру ў інтэрнаце №1

Калі б мы зь дзяцінства ў школах праводзілі заняткі, пісалі сачыненьні «Як я дапамог браціку», «Як я бабулі дапамог», каб дзяцей вазілі б у нейкія шпіталі, дамы-інтэрнаты... Мы з фондам сьвятога Яна Рускага ( гэта браты і сёстры міласэрнасьці пры Сьвята-Елісавецінскім манастыры ў Навінках), зараз выходзім на шпацыры з дзецьмі на інвалідных вазках. І вось мы вывезьлі дзяцей на Менскае мора, ішлі па ўзьбярэжжы, а дзеці міма праходзілі і ў бацькоў пыталіся: «А чаму яны самі не ходзяць? А што зь імі здарылася?». То бок дзеці ў прынцыпе ня ведаюць, што ёсьць дзесьці такая бяда, што ёсьць людзі з такімі патрэбамі. Для іх гэта проста нейкая іншая галяктыка.

Нават калі б зь дзяцінства была праведзеная сурʼёзная інфарматыўная кампанія, то праз якое пакаленьне ўжо была б падрыхтаваная добрая глеба, каб грамадзтва само ажывілася і па ўсіх франтах пайшлі зьмены. Але зараз пакуль што гэта рухае ў асноўным валянтэрскі рух. І я чакаю і спадзяюся, што сасьпее да глябальных зьменаў у будучыні. Бо ўсё-такі трэба быць людзьмі.

«Зь філязофскага пункту гледжаньня валянтэрства — гэта норма»

Ганна Соўсь: Дзьмітрый, якая ваша філязофія валянтэрства? Чаму трэба пашыраць добрыя справы, ці вяртаецца дабро?

Дзьмітрый Цімашкоў: Гістарычна людзі заўсёды былі вельмі блізкія адзін да аднаго. Асабіста маё меркаваньне, у чым праблема... Быў такі яшчэ старажытнарымскі прынцып «падзяляй і пануй», калі ўлада дзейнічала так, каб людзі былі разьдзеленыя адзін з адным, і тады было лягчэй імі кіраваць. І я лічу, што за савецкай уладай, якая доўжылася 70 год, гэты прынцып прымяняўся вельмі шырока. І мы пажынаем яго наступствы. І зараз мы якраз вяртаемся да нормы. Тое, што было пры саветах — гэта ня норма. А зараз паступова зьяўляюцца валянтэрскія рухі... То бок зь філязофскага пункту гледжаньня — гэта норма. А што гэта дае мне асабіста? Сьвет неяк бліжэйшы і цяплейшы, ён не такі жорсткі, як, напрыклад, сьвет гандлю, ці калі чалавек знаходзіцца наогул адзін, займаецца сваімі праблемамі. Гэта дае магчымасьць камунікаваць зь людзьмі і адчуваць сябе ўключаным у грамадзтва. Уключаным у звычайнае гарманічнае жыцьцё.

«Аказваецца, што сапраўды ад нас штосьці залежыць, і гэта не дае ніякіх матэрыяльных бонусаў»

Павал Каралёў: Якое часам пануе меркаваньне ў людзей, зь якімі ты часам размаўляеш, ці то вучыўся, ці то працуеш — кшталту ад нас нічога не залежыць. Нам гэта не пад сілу, мы гэта ня можам. Але аказваецца, што сапраўды ад нас штосьці залежыць, і гэта не дае ніякіх матэрыяльных бонусаў. Хоць апошнія «навіны» пра Вайсковых могілак кажуць, што я, працуючы экскурсаводам, падымаю вось гэтую бучу, каб пасьля зарабляць на гэтым грошы, каплю грошы на Лексус, і іншыя такія цікавыя чуткі распаўсюджваюцца. Гэта не дае ніякіх матэрыяльных прыбыткаў, ну і нармальна, што не дае. Але гэта дае такое разуменьне, што штосьці можна памяняць.

Гісторык Павал Каралёў. Пошукі выкінутай археалагічнай калекцыі на сьметніку ў Калядзічах. 2008 год
Гісторык Павал Каралёў. Пошукі выкінутай археалагічнай калекцыі на сьметніку ў Калядзічах. 2008 год

Мы ўсе чуем так ці інакш пра вуліцу Зыбіцкую. Гадоў каля сямі-шасьці таму, калі былі абмеркаваньні, якая гэта будзе вуліца, была вельмі добрая пазыцыя дасьледчыкаў, гісторыкаў — адбудаваць гэтае прадмесьце такім чынам, якім яно было ў гісторыі. Засталіся пляны, засталіся гэтыя абмеры. Але архітэктары, якія непасрэдна рабілі Зыбіцкую, гэтым нават не скарысталіся, нават у архіў не пайшлі, не паглядзелі, якім гэтае прадмесьце было. І вось тады я прадпрымаў спробы, пісаў артыкулы пра тое, што ў менчукоў можа быць яшчэ адно прадмесьце — шыкоўнае, старое, прыгожае. І тады проста не атрымалася давесьці гэтую справу да канца. І зараз, праходзячы па гэтай вуліцы Зыбіцкай, я ўвесь час сябе дакараю, што тады не хапіла ўмацавацца на гэтым месцы...

Пасьля проста ня будзе сорамна праходзіць побач з Вайсковымі могілкамі і ведаць, што тое, што мы маглі, мы стараліся зрабіць. Гэта ня тое што маральнае задавальненьне, але проста доўг, які трэба выканаць. У нашым выпадку другіх варыянтаў няма. Але я згодны з тым, што ўвогуле грамадзянская супольнасьць павінна быць. Калі няма грамадзянскай супольнасьці, то тады могуць быць абсалютна розныя праекты. Як толькі бачаць, што людзі абурыліся, хтосьці ўзяў адказнасьць, як той жа Севярынец у свой час зараз узяў адказнасьць за Курапаты (ён першы пачаў гэта), толькі тады ўлады будуць прыслухоўвацца, будуць мяняць, будуць глядзець, як абыграць гэта зь іншага боку. Прынамсі гэта ўжо будзе для іх праблема.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG