Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму я веру прэсавай сакратарцы Лукашэнкі


Натальня Эйсмант, архіўнае фота
Натальня Эйсмант, архіўнае фота

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант назвала паведамленьні некаторых СМІ пра тое, што Аляксандар Лукашэнка шпіталізаваны з інсультам, «поўнай лухтой», і асабіста я ёй цалкам веру.

Тое, што «Незыгарь» ды іншыя сумнеўныя рэсурсы на падставе трохдзённай адсутнасьці Лукашэнкі ў публічнай прасторы распаўсюдзілі чуткі пра ягоную цяжкую хваробу, ня дзіва. Зьдзіўляе іншае. Здавалася б, Лукашэнка мог у адно імгненьне разьвеяць усе чуткі, сумневы ды спэкуляцыі, зьявіўшыся ў кадры ў вечаровай «Панараме» дзе-небудзь на тле жняярак — як гэта звычайна бывала ў дні жніва на працягу апошніх 25 гадоў. Але не зьявіўся. Чаму? Магчыма, проста захацеў паназіраць за рэакцыяй — і нядобразычліўцаў, і паплечнікаў?

А можа, ён проста ў дзяцінстве любіў гуляць у хованкі? Я якраз днямі на лецішчы назіраў за дзецьмі, якія гуляюць у гэту старую дзіцячую забаву. Мой васьмігадовы сын, удала схаваўшыся, аж заходзіцца ад захапленьня і сьмеху, калі назірае са сваёй схованкі за беспасьпяховымі пошукамі сябрукоў…

Калі б Лукашэнка «зьнік» упершыню — магчыма, гэта і выглядала б падазрона. Але ж усё гэта ўжо было раней. Я ў сувязі з гэтым адразу ўспамінаю нечаканае таямнічае зьнікненьне Лукашэнкі з тэлеэкранаў адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Тады інаўгурацыя, прызначаная на 31 сакавіка, была перанесеная на сярэдзіну красавіка. Пасьля 20 сакавіка Лукашэнка на некалькі тыдняў зьнік з экранаў. І нібыта нават не адказваў на віншаваньні зь перавыбраньнем ад калег-прэзыдэнтаў.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Адразу зьявілася мноства чутак — пра інсульт, пра невылечныя хваробы, пра цяжкі стан… Афіцыйныя паведамленьні з адміністрацыі пра тое, што Лукашэнка ў гэтыя дні проста працуе з дакумэнтамі ў адпаведнасьці з рабочым графікам, нікога ні ў чым не пераконвалі. Яго не было на тэлекарцінцы — і гэта спараджала цэлую лявіну вэрсій і здагадак.

Тут яшчэ трэба мець на ўвазе і асаблівасьці ўспрыманьня афіцыйнай інфармацыі ў аўтарытарнай дзяржаве. Людзі прывыклі да таго, што высокія дзяржаўныя асобы нярэдка гавораць адно, думаюць другое, а робяць — трэцяе. І калі ў афіцыйнай інфармацыі нейкі факт катэгарычна абвяргаецца — дык гэта яшчэ не азначае, што гэтага факту не было ў рэчаіснасьці.

А потым, пасьля працяглай паўзы, Лукашэнка зьявіўся на інаўгурацыі — бадзёры і рухавы. Некаторыя, праўда, імкнуліся разгледзець у яго на твары сьляды нядаўняй невылечнай хваробы, але без асаблівага посьпеху.

Вельмі верагодна, што гэтак жа будзе і цяпер. А на выпадак абвінавачаньняў — чаму кіраўнік дзяржавы як публічная асоба, якая ўвесь час павінна знаходзіцца ў полі зроку грамадзтва, раптам зьнік невядома дзе… Ну, дык вам жа сказала Натальля Эйсмант пра «поўную лухту». Чаму ня верылі?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG