Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі абноўлены закон аб масавых мерапрыемствах. Часткова ён ужо набыў моц

абноўлена

Чарнобыльскі шлях — 2018, ілюстрацыйнае фота
Чарнобыльскі шлях — 2018, ілюстрацыйнае фота

Партал pravo.by 15 ліпеня апублікаваў сьпіс зьменаў у закон аб масавых мерапрыемстваў. Асноўныя моманты паправак ужо ўступілі ў сілу. Артыкулы, якія тычацца арганізацыі і падачы заяўкі на акцыю, набудуць моц з 25 студзеня 2019 году.

У чым інавацыі?

Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесьці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазьней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазьней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:

  • калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
  • калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

Паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.

Што яшчэ зьмянілі?

  1. Заяву на правядзеньне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсьць нязьнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  2. Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
  3. Павышаецца адказнасьць палітычных партый за правядзеньне мерапрыемстваў.
  4. Журналісты, якія асьвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасьведчаньне асобы і службовае пасьведчаньне журналіста, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь. Абавязковым цяпер зьяўляецца і наяўнасьць знаку адрозьненьня прадстаўніка СМІ.
  5. Аплата паслуг за правядзеньне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўваньне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасьля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
  6. Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.

Магчымасьці для правядзеньня пікетаў і мітынгаў у Менску будуць пашыраныя.

Пра гэта 25 ліпеня сказаў намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Юркевіч на сустрэчы зь лідэркай грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Тацянай Караткевіч.

«Гавары праўду» прапанавала ўладам Менску скласьці сьпіс месцаў, дзе пікеты праводзіць забаронена, каб любое іншае месца, якое ня трапіла ў гэты сьпіс, аўтаматычна перайшло ў разрад дазволеных.

«Зьмены ў Закон аб масавых мерапрыемствах ужо прынялі абедзьве палаты Нацыянальнага сходу. І таму мы чакаем, што гарвыканкам вызначыць сьпіс забароненых месцаў, а ўсе астатнія будуць дазволеныя. Людзі маюць поўнае права быць пачутымі», — сказала Тацяна Караткевіч.

Лідэрка «Гавары праўду» на сустрэчы прывяла прыклад з 640 падманутымі сем’ямі, якія ўнесьлі грошы на будаўніцтва жыльля ў Менску. Яны тройчы падавалі заяўку на пікет і тройчы ім адмаўлялі.

Тацяна Караткевіч нагадала чыноўніку пра масавыя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў сталіцы падчас апошніх выбарчых кампаній:

«Прасторы тады было нашмат болей. І гэта ж не прывяло да дэстабілізацыі ў грамадзтве. Наадварот, было болей магчымасьцяў для кантактаў, для дыялёгу. Публічная палітыка нікому не зашкодзіла».

Апошнія шмат гадоў менскія гарадзкія ўлады не даюць дазволу на масавыя акцыі апазыцыі, у тым ліку пікеты, за выключэньнем «Чарнобыльскага шляху» і шэсьця на Дзяды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG