Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Князь Вітаўт» ня вытрымаў: у Віцебску закрылі краму тавараў зь беларускай сымболікай


У краме «Князь Вітаўт»

Крама праіснавала менш за год. Паводле заснавальнікаў, праца ў Віцебску ішла цяжка: пакупнікоў было мала і яны былі незаможныя.

Не ўратавалі становішча ні мастацкія акцыі, якія ладзіліся ў краме, ні іншыя захады, каб зрабіць яе больш папулярнай.

У Віцебску людзі небагатыя

Летась берасьцейцы Сяргей Байко і Алег Чапараў адкрылі краму «Князь Вітаўт» у родным горадзе, а праз колькі месяцаў — і ў Віцебску. Спадзяваліся, што тавары, папулярныя на захадзе Беларусі, будуць карыстацца попытам і ва ўсходнім рэгіёне. Але давялося адчуць, што жыхары Віцебску менш заможныя, гаворыць Чапараў.

Алег Чапараў
Алег Чапараў

«Напачатку мы падлічылі, што трэба нагандляваць у дзень хаця б на 300 рублёў. Але было такое, што куплялі ў дзень і на 8 рублёў, і на 150. Вядома ж, перад Новым годам, калі пакупніцкі бум, то атрымлівалася і тысяча рублёў, і болей. Але мы адчулі розьніцу зь Берасьцем: віцябляне відавочна бяднейшыя. Тут нехта можа сабе дазволіць толькі адну новую майку за лета, а ў Берасьці — тры», — кажа ён.

Заўважыўшы такую тэндэнцыю, адміністрацыя крамы шукала выйсьця са складанага становішча. Найперш знайшлі месца з таньнейшай арэндай. Таму «Князь Вітаўт», адкрыўшыся ў асобным памяшканьні на вуліцы Фрунзэ, мусіў пераехаць у гандлёвы комплекс «Марка-Сіці».

Тут меней турыстаў, чым у Берасьці

Чапараў параўноўвае ўмовы працы ў Берасьці і ў Віцебску, прычым не на карысьць апошняга:

«У Берасьці месца лепшае — пешаходная вуліца, што вельмі спрыяе гандлю, — разважае ён. — Па Савецкай вуліцы ідзе і ідзе натоўп людзей, турыстаў значна больш — а гэта асноўныя пакупнікі, бо яны імкнуцца набыць беларускія сувэніры, падарункі. У Віцебску мы такога ня бачылі, хоць і пераехалі на цэнтральную вуліцу Леніна. У віцяблянаў няма грошай — гэта адразу відаць. Але кошты за арэнду такія высокія, што ў Берасьці пра такія ня чулі».

Выязны гандаль крамы «Князь Вітаўт»
Выязны гандаль крамы «Князь Вітаўт»

Паводле Чапарава, прымальны кошт арэнды знайшоўся толькі на самым ніжнім паверсе «Марка-сіці», куды далёка ня кожны наведнік дойдзе. Таму прывабіць пакупнікоў спрабавалі з дапамогай рэклямы: запрашалі выступіць музыкаў, ладзілі выязны гандаль на розных мерапрыемствах, аўтограф-сэсіі і нават мастацкія акцыі — напярэдадні Дня Волі чыталі ў фае гандлёвага цэнтру вершы Багдановіча і прапаноўвалі купоны на зьніжкі. Але нічога не дапамагло: прыбыткаў не пабольшала, і краму давялося закрываць.

Застанецца інтэрнэт-крама

Заснавальнікі «Князя Вітаўта» вельмі шкадуюць, што ў віцебскай крамы аказаўся такі кароткі век: адчыніўшыся летась 26-га жніўня, яна праіснавала менш за год.

Але зьбядненьне віцяблянаў – гэта ня іхная віна, лічыць Алег Чапараў. Таму ў нядаўна створанай інтэрнэт-краме http://kniaz.by/ для жыхароў Віцебску прадугледжана адмысловая зьніжка: бясплатная дастаўка тавараў на суму ад 30 рублёў. Для жыхароў іншых гарадоў – толькі ад 50.

Сяргей Байко і Алег Чапараў
Сяргей Байко і Алег Чапараў

Стварэньне інтэрнэт-крамы стала ўвасобленай даўняй марай заснавальнікаў, але яны не адмаўляюцца і ад ранейшага фармату. Пасьля няўдачы ў Віцебску не выключаюць, што наступную краму адкрыюць у Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG