Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласьнік роварнай крамы ў Рэчыцы задарма мяняе пакрышкі на інвалідных вазках


Уладальнік крамы ровараў Канстанцін Тарасенка вырашыў задарма замяніць пакрышкі на інвалідных вазках жыхарам Рэчыцы.

Як зьявілася такая ідэя?

У суполцы роварнай крамы, якой кіруе Канстанцін разам з братам Віктарам, 24 траўня зьявілася паведамленьне, што любы вазочнік Рэчыцы можа задарма атрымаць новыя пакрышкі для свайго вазка.

Error rendering VK.

За некалькі гадзін да гэтага Канстанцін выходзіў з крамы, і да яго пад’ехаў жабрак-вазочнік з просьбай дапамагчы. Канстанцін заўважыў, што ў вазочніка была цалкам сьцёртая пакрышка, і прапанаваў яе задарма замяніць.

Як кажа ўласьнік крамы, ровары для яго — гэта сумяшчэньне хобі і бізнэсу. Краме ўдаецца аддаваць час толькі на выходных, бо ў астатнія дні ён працуе інжынэрам. Да абяцаньня дапамагчы вазочніку Канстанцін не сутыкаўся з коламі для інвалідных вазкоў, толькі часам у ягонай краме шукалі пакрышкі на вазкі для дзетак. Замаўляючы пару пакрышак для аднаго вазочніка, Тарасенка вырашыў дамовіцца яшчэ пра некалькі пакрышак, каб дапамагчы тым, каму гэта неабходна.

Канстанцін Тарасенка
Канстанцін Тарасенка

Адна пакрышка каштуе 15 рублёў, але мяняюцца яны парамі.

За тыдзень зьвярнуліся па замену пакрышак тры чалавекі.

«Калі магчымасьць ёсьць, значыць трэба нешта зрабіць. Калі гэта людзям будзе трэба, адпішуцца чалавек 5, 7, 10, замоўлю адзін раз пакрышак, усім памяняем. Людзі, якія ўмеюць мяняць, ёсьць», — кажа Канстанцін Тарасенка.

Колькі вазочнікаў у Рэчыцы?

Афіцыйнай статыстыкі па вазочніках у Рэчыцы няма.

На студзень 2018 году мясцовы райвыканкам атрымаў 634 заяўкі на новыя вазкі, але выдалі іх ня ўсім, сказала Свабодзе намесьніца начальніка ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Рэчыцкага райвыканкаму Натальля Мустафіна.

«Увогуле дзяржава сама рамантуе вазкі задарма», — адрэагавала на акцыю роварнай крамы Мустафіна.

Жанчына, якой крама Тарасенкі замяніла пакрышкі для вазка
Жанчына, якой крама Тарасенкі замяніла пакрышкі для вазка

Паводле пастановы Савету Міністраў № 1722 аб забесьпячэньні грамадзянаў сродкамі рэабілітацыі дзяржава мусіць выдаць вазкі ўсім людзям з інваліднасьцю, якія маюць мэдычнае пацьверджаньне, што вазок неабходны. Каб атрымаць вазок, трэба сабраць пакет зь дзевяці дакумэнтаў.

У залежнасьці ад тыпу вазок можа выдавацца на 4–7 гадоў. За вызначаны час эксплюатацыі задарма адрамантаваць вазок можна адзін раз. Замена пакрышак таксама лічыцца рамонтам.

Чаму вазочнікам нязручна зьвяртацца па бясплатны рамонт?

«Дзяржаўны» рамонт вазка абмяжоўвае чалавека, лічыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко.

Альгарытм бясплатнага рамонту:

  • Вазок аддаюць у органы сацыяльнай абароны.
  • Рамантаваць яго вязуць у Менск.
  • Рамонт аднаго вазка займае мінімум месяц.

«Калі ў чалавека адзін вазок, то як ён аддасьць яго? На чым ён тады будзе езьдзіць? Нават на адзін дзень аддаць, гэта ўжо абмежаваньне — трэба ўвесь дзень праваляцца ў ложку», — тлумачыць Шаўко.

Ці хапае аднаго бясплатнага рамонту для камфортнага карыстаньня вазком?

Гэта залежыць ад чалавека і тыпу вазка.

Актыўныя вазочнікі могуць мяняць пакрышкі як раз на месяц, так і раз на год. Стандартных пакрышак на ўвесь час эксплюатацыі вазка хапае толькі пры перасоўваньні па кватэры, кажа Яўген Шаўко. Часам выдаюць вазкі з поліўрэтанавымі коламі, якія амаль ня зношваюцца, але на вуліцы карыстацца імі нязручна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG