Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына скасавала «надзвычайны стан», у якім жыла два гады


Рэджэп Таіп Эрдаган, архіўнае фота
Рэджэп Таіп Эрдаган, архіўнае фота

За час «надзвычайнага стану» дзясяткі тысяч людзей былі арыштаваныя або звольненыя з працы, пад рэпрэсіі трапілі агулам 120 тысяч чалавек.

Урад Турэччыны ў ноч на 19 ліпеня скасаваў надзвычайны стан, уведзены ў 2016 годзе пасьля меркаванай спробы дзяржаўнага перавароту, піша BBC са спасылкай на турэцкія СМІ. Да таго надзвычайны стан працягвалі сем разоў — кожныя тры месяцы.

Рашэньне пра скасаваньне надзвычайнага стану было прынятае неўзабаве па прэзыдэнцкіх выбарах, на якіх перамог дзейны кіраўнік краіны Рэджэп Таіп Эрдаган. Пасьля тых выбараў перамовы аб уваходжаньні Турэччыны ў Эўразьвяз былі прыпыненыя.

Да таго Эрдаган праз рэфэрэндум атрымаў вельмі шырокія паўнамоцтвы. Цяпер ён бесьперашкодна прызначыў свайго зяця міністрам фінансаў.

Лукашэнка павіншаваў Эрдагана з пасьпяховым рэфэрэндумам. Ён сам так умее

Усяго пад рэпрэсіі за час «надзвычайнага стану», паводле The Guardian, трапілі 120 тысяч чалавек. Улады Турэччыны анулявалі пашпарты амаль 11 тысяч чалавек, яшчэ тысячы журналістаў, выкладчыкаў і вайскоўцаў былі арыштаваныя або засуджаныя на турэмнае зьняволеньне нібыта за датычнасьць да спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне. Таксама ўлады закрылі некалькі тысяч школаў і дабрачынных арганізацыяў праз падазрэньне ў сувязях зь мяцежнікамі.

Эрдаган пагражаў нават вярнуць сьмяротнае пакараньне, але далей за пагрозы турэцкія ўлады не пайшлі.

Ды крымінальныя справы, зьвязаныя з падзеямі двухгадовай даўніны, працягваюцца дагэтуль: так, тыдзень таму 72 чалавекі былі асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне за ўдзел у беспарадках.

Спроба перавароту ў Турэччыне, паводле афіцыйнай вэрсіі, арганізаваная часткай узброеных сілаў краіны пад кіраўніцтвам апазыцыянэра і мусульманскага клірыка Фэтхулаха Гюлена, была зробленая ў ноч на 16 ліпеня 2016 году. Прэзыдэнт Эрдаган, які пасьпеў пакінуць сваю рэзыдэнцыю, заклікаў турэцкіх грамадзян выйсьці на вуліцы і супрацьстаяць мяцежнікам. Гэтая вэрсія выклікае сумневы.

У распачатых сутыкненьнях паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Эрдагана загінулі каля 250 чалавек, 43 зь іх — на Басфорскім мосьце ў Стамбуле. Яшчэ каля 1400 чалавек былі параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG