Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны канкурэнт Эрдагана на выбарах вывеў на мітынг мільёны сваіх прыхільнікаў


Мільёны прыхільнікаў выйшлі на мітынг у Стамбуле падтрымаць кандыдата ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай народнай партыі Турэччыны Мухарэма Інджэ.

Датэрміновыя выбары ў Турэччыне адбудуцца ў нядзелю, 24 чэрвеня. Паводле апытаньняў, лідзіруе дзейны прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган, усяго ў выбарах удзельнічаюць 6 кандыдатаў. Афіцыйнай інфармацыі аб колькасьці ўдзельнікаў мітынгу няма.

Напярэдадні акцыю на гэтым жа месцы зьбіраў Рэджэп Эрдаган, колькасьць прыхільнікаў улады ацанілі ў 3 мільёны чалавек. Па фатаграфіях з мітынгу апазыцыянэра відаць, што яго выйшла падтрымаць значна большая колькасьць людзей. Апазыцыйны тэлеканал са спасылкай на крыніцы ў паліцыі сьцьвярджае, што мітынг канкурэнта Эрдагана сабраў да 5 мільёнаў чалавек.

Днём раней на мітынг у падтрымку Інджэ ў Анкары выйшлі каля 2,5 млн чалавек, акцыя з такой жа колькасьцю ўдзельнікаў прайшла і ў Ізьміры.

Паводле апытаньня, праведзенага сацыялягічнай службай SONAR, за Эрдагана гатовыя прагаласаваць 47% грамадзян Турэччыны, Інджэ падтрымліваюць 33% выбарнікаў. Для перамогі ў першым туры кандыдату трэба набраць больш за 50% галасоў. Паводле ацэнкі сацыёлягаў, у выпадку, калі пройдзе другі тур, Інджэ можа перамагчы Эрдагана.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган прызначыў прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары на 17 месяцаў раней тэрміну. Афіцыйнай прычынай ён назваў неабходнасьць перайсьці «да сыстэмы моцнай прэзыдэнцкай улады» і пазбавіцца ад «заганаў старой сыстэмы».

Абвясьціўшы датэрміновыя выбары, Эрдаган імкнуўся рэалізаваць свае перавагі і быў упэўнены, што атрымае рашучую перамогу над супернікамі. Падставы так лічыць у яго былі: раней, у 2017 годзе, ён выйграў рэфэрэндум па пытаньні аб падаўжэньні тэрмінаў свайго кіраваньня і злучэньні пасадаў і паўнамоцтваў прэзыдэнта і прэм’ер-міністра. Прынятая такім чынам канстытуцыйная рэформа павінна ўступіць у сілу адразу пасьля новых выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG