Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне мільёны грамадзян выйшлі на мітынг ў падтрымку суперніка Эрдагана на выбарах. ФОТА, ВІДЭА


21 чэрвеня ў прыморскім горадзе Ізьмір адбылося грандыёзнае шэсьце і мітынг у падтрымку Мухарама Інджэ — галоўнага праціўніка дзейнага прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах 24 чэрвеня.

Некаторыя назіральнікі колькасьць удзельнікаў мітынгу ацэньваюць у больш чым два мільёны чалавек.

Мухарам Інджэ прадстаўляе сьвецкую нацыяналістычную партыю сацыял-дэмакратычнага кірунку — Рэспубліканскую народную партыю (РНП).

Супраць двухпартыйнай кааліцыі Эрдагана, якая складаецца з Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) і Партыі нацыяналістычнага руху (ПНД), у Турэччыне склалася шырокая чатырохпартыйная кааліцыя.

Кааліцыя складаецца з РНП, а таксама лібэральных сьвецкіх нацыяналістаў з Добрай партыі (ДП), лібэрал-дэмакратаў з Дэмакратычнай партыі (ДП) і ісламістаў з Партыі шчасьця (ПС), апазыцыйнай Эрдагану.

РНП і Добрая партыя кантралююць усю кааліцыю.

Абвясьціўшы датэрміновыя выбары, Эрдаган імкнуўся рэалізаваць свае перавагі і быў упэўнены, што возьме рашучую перамогу над супернікамі. Падставы так лічыць у яго былі: раней, у 2017 годзе, ён выйграў рэфэрэндум аб падаўжэньні тэрмінаў свайго кіраваньня, а таксама аб злучэньні пасады і паўнамоцтваў прэзыдэнта і прэм’ера-міністра.
Але апошнія апытаньні грамадзкай думкі схіляюцца на карысьць таго, што падставы разьлічваць на перамогу ёсьць не ў Эрдагана, але ў яго супернікаў.

Назіральнікі сыходзяцца на думцы, што ўсё будзе залежаць ад дакладнасьці і празрыстасьці падліку галасоў.

Заходнія і апазыцыйныя палітолягі мелі сур’ёзныя падставы лічыць, што падчас рэфэрэндуму 2017 году рэжым Эрдагана мог аказаць і аказваў уплыў на ход галасаваньня. Перш за ўсё гэта датычыцца каля 500 тысяч курдзкіх грамадзян, якія зьяўляюцца ўцекачамі. Большасьць зь іх, верагодна, выступілі б супраць канстытуцыйных паправак, прапанаваных Эрдаганам, але ім не далі гэтага зрабіць: шмат хто проста ня змог зарэгістравацца як выбаршчыкі.

Былі і іншыя парушэньні. У дзень галасаваньня незалежным назіральнікам, напрыклад, рэгулярна забаранялі наведваць выбарчыя ўчасткі.

Крытыкі абвінавачваюць Эрдагана, які кіруе Турэччынай 16 гадоў, у выкарыстаньні няўдалага перавароту 2016 году ў якасьці падставы, каб заціснуць іншадумства. Пасьля перавароту 160 000 чалавек былі арыштаваныя і амаль столькі ж, паводле дадзеных ААН, страцілі працу.

Мухарам Інджэ з жонкай
Мухарам Інджэ з жонкай

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG