Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы заклікалі спыніць справу супраць дырэктара БелаПАН Ліпая


Алесь Ліпай, архіўнае фота
Алесь Ліпай, архіўнае фота

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што Ліпай спачатку задэкляраваў падаткі і сплаціў пеню, а толькі пасьля зьявілася крымінальная справа, якую цяпер параўноўваюць са справамі Бяляцкага, Фядыніча і Комліка.

На сайце «Вясны» апублікаваная супольная заява праваабарончага цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Асамблеі НДА і іншых аб’яднаньняў з заклікам спыніць крымінальную справу супраць заснавальніка і дырэктара інфармагенцтва БелаПАН Алеся Ліпая.

Справа супраць Ліпая распачатая паводле артыкулу за «наўмыснае ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры» (ч.2 арт. 243 КК РБ), але праваабаронцы разглядаюць яе як палітычную, параўноўваюць з ранейшай справай Бяляцкага і цяперашнім перасьледам Фядыніча і Комліка з прафсаюзу РЭП.

Алесь Ліпай (зьлева) пасьля 7-гадзіннага ператрусу 14 чэрвеня
Алесь Ліпай (зьлева) пасьля 7-гадзіннага ператрусу 14 чэрвеня

У заяве адзначаецца, што Ліпай падаў падатковыя дэклярацыі 5 чэрвеня, справа была распачатая 12 чэрвеня, у той жа дзень яго выклікалі ў падатковую і наклалі адміністрацыйнае спагнаньне за спазьненьне з дэклярацыяй. Ён сплаціў падаткі і пеню 12 чэрвеня а 13:40, а справу распачалі каля 16:00.

Крымінальны перасьлед Ліпая лічаць зьвязаным зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю, заклікаюць спыніць справу і надалей выконваць артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пры вызначэньні абмежаваньняў на свабоду выказваньня думак.

«Адным з рычагоў ціску на незалежныя мэдыя ёсьць іх эканамічная дыскрымінацыя, — пішуць у заяве. — Яна праяўляецца, у прыватнасьці, у фактычнай забароне замежных інвэстыцыяў у СМІ з аднаго боку і ў штогадовым бюджэтным фінансаваньні дзяржаўных СМІ ў памеры каля 50 млн эўра з другога. Дзяржаўныя СМІ маюць і іншыя неканкурэнтныя перавагі: прымусовая падпіска насельніцтва на друкаваныя выданьні, уключэньне тэлеканалаў у «агульнаабавязковы» пакет, рэклямныя прэфэрэнцыі і гэтак далей.

Да фінансавых захадаў ціску на незалежную журналістыку мы адносім і штрафы журналістам-фрылянсэрам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі паводле адвольна трактаваная міліцыяй і судамі частцы 2 арт. 22.9 КаАП РБ, які прадугледжвае пакараньне за парушэньне парадку вырабу і (або) распаўсюду прадукцыі СМІ. Журналістаў штрафуюць не за зьмест іх матэрыялаў, а за сам факт іх зьяўленьня ў замежных мэдыя».

Хто такі Ліпай

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

У 1991 годзе, цягам працы ў газэце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзьмітрыя Завадзкага — «За мужнасьць і прафэсіяналізм», як «пацьвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафэсіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая ляўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы». У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунэта» — у намінацыі «Рунэт за межамі Ru».

На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя блякавалі сайты БелаПАН і Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што прычынай атакі стаў артыкул пра «Малітву за Беларусь».

БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG