Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара БелаПАН Ліпая абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на 173 тысячы рублёў


Алесь Ліпай пасьля 7-гадзіннага ператрусу 14 чэрвеня

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што супраць дырэктара найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва Беларусі БелаПАН Алеся Ліпая 12 чэрвеня ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу па факце ўхіленьня ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры.​

Таксама паведамляецца, што Ліпай ужо прызнаў парушэньне заканадаўства і 12 чэрвеня выплаціў падаходны падатак і пеню ў памеры больш за 191 тысячу рублёў.

Справу распачало ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці і Менску. Падставай сталі матэрыялы праверкі, якую правялі падаткоўцы, па фактах нявыплаты Ліпаем падаходнага падатку з атрыманых за мяжой даходаў.

Як паведамляецца на сайце КДК, фінансавая міліцыя мае дакладную інфармацыю, што Алесь Ліпай, атрымаўшы ў 2016–2017 гадах ад нерэзыдэнтаў Беларусі даход больш як на 1,3 мільёна рублёў у эквіваленце, «наўмысна не прадставіў ва ўстаноўленыя тэрміны ў падатковую інспэкцыю дэклярацыі і ня выплаціў падаходны падатак».

«Тым самым Ліпай ухіліўся ад выплаты падаходнага падатку на агульную суму больш як 173 тысячы рублёў», – сьцьвярджае КДК.

Пасьля таго як гэты факт быў выяўлены, Ліпай прызнаў парушэньне заканадаўства і 12 чэрвеня 2018 году зьдзейсьніў выплату падаходнага падатку і пені ў памеры больш за 191 тысячу рублёў.

«Тым ня менш, улічваючы, што памер шкоды ў выглядзе нявыплачанага падаходнага падатку перавысіў тысячу базавых велічынь (24,5 тысячы рублёў), незалежна ад яе наступнай кампэнсацыі фінансавая міліцыя абавязаная ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам ажыцьцявіць комплекс крымінальна-працэсуальных дзеяньняў, накіраваных на ўстанаўленьне акалічнасьцяў атрыманьня грашовых сродкаў», — паведамляе КДК.

Кіраўнік БАЖ: «Справа супраць Ліпая нагадвае справу Бяляцкага»

Цяпер органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю праводзяць неадкладныя сьледчыя і іншыя працэсуальныя дзеяньні.

Ліпая адпусьцілі, БелаПАН працягвае працаваць

У 17.30 БелаПАН паведаміў, што Алеся Ліпая выпусьцілі пасьля допыту.
У агенцтве Свабодзе паведамілі, што кампанія працягвае працу, але камэнтаваць выстаўленыя дырэктару абвінавачваньні адмовіліся.

Ператрус цягнуўся больш за 6 гадзін

Паводле БелаПАН, прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў кватэру Ліпая 14 чэрвеня каля 7.00. Ліпай адразу ж зьвязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзьверы. Вобшук пачаўся прыкладна ў 8.00.

У 14:35 заснавальніка і кіраўніка агенцтва БелаПАН праваахоўнікі вывелі зь ягонай кватэры.

​З кватэры Ліпая праваахоўнікі выносілі аргтэхніку.

Падабенства са справай лідэраў прафсаюзу РЭП і Бяляцкім

10 траўня старшыні незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу і кіраўніку менскай арганізацыі Ігару Комліку выставілі абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

* * *

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

У 1991 годзе, цягам працы ў газэце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзьмітрыя Завадзкага — «За мужнасьць і прафэсіяналізм», як «пацьвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафэсіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая ляўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы». У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунэта» — у намінацыі «Рунэт за межамі Ru».

На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя блякавалі сайты БелаПАН і Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што прычынай атакі стаў артыкул пра «Малітву за Беларусь».

БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG