Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Трамп — Пуцін. Хто больш задаволены безвыніковым вынікам


Дональд Трам і Ўладзімір Пуцін
Дональд Трам і Ўладзімір Пуцін

Падчас сустрэчы Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна ў Хэльсынкі ніякіх канкрэтных дамоўленасьцяў па больш-менш важных пытаньнях не дасягнулі.

Што ў сухім астатку?

Абодва прэзыдэнты ацанілі сустрэчу даволі высока. Як сказаў Дональд Трамп, гэта добры пачатак, ніжэйшы пункт у двухбаковых адносінах мы прайшлі, «мы вырашым усе праблемы».

Аднак насамрэч, гледзячы па ўсім, ніякіх канкрэтных дамоўленасьцяў па больш-менш важных пытаньнях дасягнуць не ўдалося. Нават нейкай сумеснай заявы ці дэклярацыі з агульнымі словамі пра імкненьне да міру ва ўсім сьвеце, як гэта звычайна робіцца на падобных самітах, падпісаць не ўдалося.

Але праблема ў тым, што ў сусьветнай грамадзкасьці былі завышаныя чаканьні ад Хэльсынкі. А сур’ёзныя экспэрты асабліва ні на што і не спадзяваліся. Бо не было перадумоваў для нейкіх важных сумесных рашэньняў і пагадненьняў.

У чым Трамп не прайграў у Хэльсынкі

Найперш, важна зазначыць, што двухбаковыя адносіны — важны чыньнік унутранай палітыкі і ў ЗША, і ў Расеі. У Злучаных Штатах працягваецца даволі моцная антырасейская кампанія, у Расеі Амэрыка лічыцца галоўным ворагам, якая перашкаджае шчасьліваму жыцьцю расейцаў. То бок у абедзьвюх краінах стаўленьне да праціўніка даволі хваравітае. Таму любыя саступкі палітычных лідэраў былі б сустрэтыя ўнутры краін вельмі крытычна. Бо калі рана баліць, то лепш да яе не дакранацца.

Задачы, якія ставілі бакі

Тут варта ацаніць, чаго хацелі атрымаць ад гэтага саміту абодва лідэры.

Рэзкая актывізацыя замежнай палітыкі Расеі пасьля Крыму, яе стратэгія «ўставаньня з каленяў», задзіраньне з ЗША і Эўропай, спроба паторгаць тыгра за хвост (умяшаньне ў амэрыканскую выбарчую кампанію) — усё гэта мела на мэце вярнуць Расеі статус вялікай дзяржавы, якой быў СССР. Масква не хавала, што хацела б прымусіць ЗША да вялікай зьдзелкі, да стварэньня мадэлі новай «Ялты». То бок дамовіцца з Вашынгтонам пра падзел сьвету на сфэры ўплыву паміж вялікімі дзяржавамі, як гэта рабілі Сталін, Рузьвэльт і Чэрчыль на Ялцінскай канфэрэнцыі ў 1945 годзе. Выступаючы з пасланьнем у Фэдэральным сходзе сёлета ў сакавіку, хвалячыся найноўшымі ўзбраеньнямі, Уладзімір Пуцін казаў: вы не хацелі нас чуць дасюль, дык вось пачуйце цяпер і ўступіце нарэшце з намі ў перамовы. Гэта праграма-максымум.

А праграма-мінімум для Ўладзіміра Пуціна — атрымаць задавальненьне ад самога факту сустрэчы зь лідэрам ЗША. Як казала вядомы палітоляг Лілія Шаўцова на радыё «Эхо Москвы», «суаднясеньне з Амэрыкай, адзінай сусьветнай звышдзяржавай, дыялёг зь ёй або варожасьць зь ёй — гэта і легітымацыя расейскага лідэрства».

Дональд Трамп ставіў больш сьціплыя задачы, мацней зьвязаныя з унутрыпалітычнымі дыскусіямі ў ЗША. Дарэчы, і ягоны выступ на выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Хэльсынкі быў моцна завязаны на ўнутраны амэрыканскі кантэкст. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў імкнуўся аспрэчыць абвінавачваньні сваіх апанэнтаў, прадэманстраваць сілу, паказаць, што здольны вырашаць самыя вострыя і складаныя міжнародныя праблемы і весьці перамовы з самымі небясьпечнымі, непрыручанымі, нават, з гледзішча амэрыканскіх мэдыяў, жахлівымі лідэрамі, як Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін.

Трамп адрэагаваў на крытыку прэс-канфэрэнцыі з Пуціным

Што атрымалася ў сухім астатку? Вялікая зьдзелка па мадэлі «Ялта-2» не магла адбыцца па вызначэньні. Бо, па-першае, сьвет за 70 гадоў моцна памяняўся.

Па-другое, Расея сёньня занадта слабая, асабліва ў эканамічным пляне, каб дзяліць зь ёй сьвет на сфэры ўплыву. Яе нельга параўноўваць з СССР па моцы і міжнароднай вазе. Такая зьдзелка тэарэтычна магла б быць у ЗША з Кітаем, калі б у апошняга былі такія ж глябальныя амбіцыі.

Па-трэцяе, Дональд Трамп у сваіх адносінах з Расеяй моцна зьвязаны абмежаваньнямі, якія наклалі на яго Кангрэс і палітычныя праціўнікі.

Па-чацьвёртае, з прыходам да ўлады Дональда Трампа значна зьмяніўся замежнапалітычны канцэпт ЗША. Стратэгія, сфармуляваная тэзісам «Амэрыка найперш», палітыка пратэкцыянізму ў гандлі, выхад з шэрагу міжнародных пагадненьняў, скептыцызм адносна саюзьніцкіх абавязаньняў у рамках НАТО — усё гэта мікшуе ролю сусьветнага шэрыфа і сусьветнага маральнага лідэра, на якую прэтэндавалі Злучаныя Штаты амаль увесь час пасьля 1945 году. Паміж канцэптам «Амэрыка найперш» і канцэптам амэрыканскага лідэрства ў сьвеце ёсьць відавочныя супярэчнасьці.

Капіталізацыя вынікаў саміту

Тэарэтычна разважаючы, можна было б дамовіцца пра нейкія драбнейшыя зьдзелкі і разьмены. Напрыклад, ЗША выносяць за дужкі ў адносінах з Расеяй тэму Крыму, абяцаюць замарозіць яе, не акцэнтаваць на ёй увагу, узамен Масква падтрымлівае пазыцыю Вашынгтону па Іране. Але, гледзячы па ўсім, бакі да гэтага пакуль не гатовыя ні палітычна, ні маральна.

Думаю, галоўным і добрым вынікам гэтага саміту магло б стаць фармаваньне правілаў, паводле якіх павінна ісьці канфрантацыя паміж краінамі. Хаця б тых, якія існавалі ў часы «халоднай вайны» паміж СССР і ЗША. Ці стварэньне мэханізмаў мінімізацыі рызыкаў, вызначэньне чырвоных ліній, якіх бакі не павінны пераступаць. Калі б пра гэта ўдалося дамовіцца, то сустрэчу можна было б лічыць плённай.

Але, гледзячы па ўсім, нават гэтыя пытаньні ўзгадніць не ўдалося. Праўда, Пуцін адзначыў, што створана экспэртная рада па двухбаковых адносінах. Але, падаецца, гэта вельмі дробны вынік для такога доўгачаканага саміту.

З той інфармацыі, якая агучаная, вынікае, што прэзыдэнты значную ўвагу і вялікі кавалак часу аддалі тэме расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары. Пуцін, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі, зразумела, абверг усе прэтэнзіі наконт гэтага і прапанаваў свой варыянт вырашэньня згаданай праблемы. Маўляў, давайце ўсе свае матэрыялы па абвінавачаньні 12 афіцэрам расейскай вайсковай выведкі ГРУ нам, нашы спэцслужбы, пракуратура разьбяруцца, дапытаюць каго трэба і дадуць адказ. Прагучала вельмі зьдзекліва. То бок тыя, каго абвінавачваюць, будуць самі ацэньваць гэтыя абвінавачаньні. Аднак Дональд Трамп, як можна зразумець зь ягонай рэплікі на прэсавай канфэрэнцыі, гэтую ідэю падтрымаў.

Цяпер пачаўся працэс капіталізацыі вынікаў саміту. Шмат хто кажа, што сам факт сустрэчы — гэта посьпех. Асабліва расейскі бок цяпер адзначае, што згода Трампа на перамовы з Пуціным — гэта перамога Расеі. Маўляў, няма ніякай ізаляцыі.

У ЗША саміт у Хэльсынкі стаў тэмай новага этапу дыскусій пра расейска-амэрыканскія адносіны, умяшаньне Масквы ў амэрыканскія выбары.

То бок кожны застаўся пры сваіх інтарэсах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Cаміт Трамп-Пуцін: у чыю браму гол

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG