Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым Трамп не прайграў у Хэльсынкі


Ці маюць рацыю крытыкі прэзыдэнта ЗША, якія лічаць, што саміт у Хэльсынкі — адназначная перамога Пуціна? Чаму амэрыканскі прэзыдэнт ні ў чым не пярэчыў расейскаму? Што атрымаў Трамп ад саміту ў фінскай сталіцы?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць Юры Дракахруст і аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.


Чаму Трамп не пярэчыў Пуціну?

Дракахруст: Амэрыканскі друк, амэрыканскі істэблішмэнт амаль пагалоўна ацаніў вынікі хэльсынскага саміту адмоўна, ацаніў як перамогу Пуціна і паразу Трампа. Пра гэта гавораць як дэмакраты, гэтак і рэспубліканцы, традыцыйныя крытыкі — такія як The New York Times i The Washington Post — не шкадуюць рэзкіх і моцных словаў, але нават Fox News камэнтуе вынікі даволі кісла.

Крытыкі Трампа закідаюць яму, што ён ні ў чым не запярэчыў Пуціну, што ён абсалютна беспрэцэдэнтна крытыкаваў уласныя спэцслужбы, стоячы побач ці то з супернікам, ці то з канкурэнтам, але не зь сябрам. І фактычна сказаў, што давярае Пуціну больш, чым айчынным спэцслужбам.

Відавочна, што дроваў у гэты агонь падкінула рашэньне пракуратуры ЗША выставіць абвінавачваньні ва ўмяшальніцтве ў амэрыканскія выбары 12 афіцэрам ГРУ РФ.

Можна гадаць, ці гэта было зроблена знарок ці так выпадкова супала (хаця падобныя супадзеньні ўяўляюцца малаімавернымі), але ў любым выпадку Трампу гэтым рашэньнем зрабілі галоўнае пытаньне парадку дня саміту. І агульнае меркаваньне — ён прайграў.

Але ня будзем ставіць на гэтым кропку. Хаця б з той прычыны, што Трамп — палітык моцны і рэзкі. Мы гэта бачылі і падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і на мінулым тыдні ў Брусэлі і ў Лёндане, калі Трамп даваў указаньні, як англічанам праводзіць Brexit.

І вось Хэльсынкі. І Трамп паводзіць сябе вельмі лагодна, Трамп сапраўды не пярэчыць Пуціну ні ў чым. Таму што ён слабак? А, можа, так было і задумана? І калі так, то што менавіта было задумана?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

Шымаў: Што задумана, я дакладна адказаць не магу, бо я — ня Трамп. Але магу меркаваць на падставе назіраньняў за яго палітычнымі паводзінамі ня толькі ад пачатку яго выбарчай кампаніі, але і ад больш раньняга часу.

Чаму ўсе крытыкі Трампа і нават частка рэспубліканскай партыі абвясьцілі пра паразу? Іх палітычная лёгіка і іх палітычныя ўстаноўкі вельмі адрозьніваюцца ад лёгікі і палітычных установак Трампа.

​Хто крытыкуе Трампа

Гэтая крытыка сыходзіць як з шэрагаў дэмакратычнай партыі, гэтак і ад больш традыцыйнай часткі рэспубліканскай партыі, якую савецкія прапагандысты называлі «ястрабамі». Гэтыя людзі арыентаваныя на актыўнае ўмяшальніцтва ЗША ў палітычныя працэсы фактычна па ўсім сьвеце і на жорсткае супрацьстаяньне тым рэжымам, якія з тых ці іншых прычынаў увайшлі з ЗША ў клінч большай ці меншай жорсткасьці.

Трампу не падабаецца існы ўсясьветны парадак, у якім зашмат, на яго погляд, міжнародных дамоўленасьцяў, якія зьвязваюць рукі

Найбольш яскравай фігурай гэтай плыні ў рэспубліканскай партыі зьяўляецца Джон Макейн. Гэтыя людзі атаясамляюць сваю лёгіку з інтарэсамі Злучаных Штатаў.

А ў Трампа іншая лёгіка і ўяўленьні. Яму наагул не падабаецца існы ўсясьветны парадак, у якім занадта шмат, на яго погляд, шматбаковасьці, зашмат міжнародных дамоўленасьцяў, якія зьвязваюць рукі, прычым у асноўным зьвязваюць рукі самым моцным.

Гэта і парыская дамова аб глябальным пацяпленьні, зь якой Трамп выйшаў, як толькі зьявілася магчымасьць, гэта і дамова з Іранам. Гэтая апошняя дамова яму таксама не даспадобы. Ён лічыць яе слабай, і ў яго больш жорсткі падыход да Ірану і больш праізраільская пазыцыя, чым у большасьці папярэдніх адміністрацыяў і асабліва ў адміністрацыі Абамы.

Агульны стыль палітыкі Трампа — я хачу рабіць Амэрыку вялікай, у ягоным разуменьні, за кошт разьвязваньня ёй рук і магчымасьці дамаўляцца наўпрост з партнэрамі, супернікамі, праціўнікамі, зь якімі ён цяпер лічыць патрэбным дамаўляцца. Палічыў патрэбным сустрэцца з Кімам — сустрэўся. Якія вынікі гэтай сустрэчы — іншая справа. Трамп — майстра піяру, ён выціснуў максымум з гэтай, на мой погляд, даволі пустой сустрэчы.

Роля Расеі для Трампа

Сустрэўся з Пуціным... Я не прыхільнік тэорыяў, што Трамп — расейскі агент. Гэта лухта. У лёгіцы Трампа Расея не адыгрывае такой ужо вялікай ролі. Яна адыгрывае важную ролю, але не велізарную Велізарную ролю адыгрывае Кітай. І там вялікае суперніцтва, там найперш эканамічнае супрацьстаяньне. Мы бачым, што Трамп пачаў гандлёвую вайну з КНР, ён падвысіў тарыфы на дзясяткі мільярдаў даляраў.

Дракахруст: Падобнае тлумачэньне прапанаваў мой калега Валер Карбалевіч. Паводле яго, лагодны Трамп у Хэльсынкі і агрэсіўны Трамп у Брусэлі і Лёндане ўпісваюцца ў палітычную філязофію Трампа, вызначаную яшчэ ў яго кнігах, напісаных да прэзыдэнцтва.

Дзе амэрыканскія інтарэсы маюць канкрэтнае грашовае вымярэньне — там Трамп будзе жорсткім, злым, скандальным, будзе прадʼяўляць прэтэнзіі

Груба кажучы, сэнс гэтай лёгікі — значэньне маюць толькі грошы. Дзе амэрыканскія інтарэсы маюць канкрэтнае грашовае, прычым велізарнае, вымярэньне — там ён будзе жорсткім, злым, скандальным, там ён будзе прадʼяўляць прэтэнзіі. А дзе ёсьць гэтыя грашовыя інтарэсы? Гэта Кітай і Эўразьвяз. Менавіта зь імі ён размаўляе жорстка і вядзе гандлёвыя войны.

А Расея... Ён, дарэчы, у Хэльсынкі двойчы паўтарыў: ЗША і РФ разам маюць 90% усясьветнага ядзернага патэнцыялу. Але гэта падкрэсьлівае, што эканамічныя патэнцыялы ў дзьвюх краінаў несувымерныя.

Шымаў: Там быў цікавы момант, зьвязаны з «Паўночным патокам-2», калі ён спачатку пакрытыкаваў Нямеччыну, а потым прызнаў, што Амэрыка выходзіць на пярэдні плян па здабычы газу і ў яе свой інтарэс пастаўляць звадкаваны газ на эўрапейскі рынак. Для яго на першым пляне сапраўды камэрцыя, ён бізнэсовец.

Дракахруст: А Расея пры гэтым — эканамічны карлік. Так, у яе ёсьць нафта, газ, але ў маштабах ЗША, ЭЗ, Кітаю — гэта карлік. Ну, а з карлікам можна пагаварыць і лагодна.

І для Трампа Ўкраіна, Сырыя, нават Іран — гэта другасна і наагул малацікава.

Шымаў: Не зусім. Ён дакладна сфармуляваў, што для яго важная бясьпека Ізраілю. Блізкаўсходні матыў там гучаў, былі прыгаданыя і Іран, і Ізраіль. Некаторыя геапалітычныя пункты для яго важныя. Але я згодны, што ў цэлым, у прынцыпе, для яго палітыка — гэта збольшага сьледзтва эканомікі. Паводле лёгікі Трампа, у стасунках з Расеяй няма праблемаў, дзеля якіх варта было б ісьці на канфрантацыю.

Нашто яму казаць — вы, расейцы, умешваліся ў выбары, якія ён выйграў? Ён бы тады падрываў уласную легітымнасьць

А што да меркаванага ўмяшальніцтва Расеі ў амэрыканскія выбары, дык крытыкі Трампа, відаць, лічаць яго ідыётам. Нашто яму казаць — вы, расейцы, умешваліся ў выбары, якія ён выйграў? Ён бы тады падрываў уласную легітымнасьць. Але ён ня дурань. І натуральна, што ён ня хоча гэтую тэму пэдаляваць. Ён яе і не пэдаляваў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Каму Трамп паказаў сябе «крутым»

Дракахруст: Пасьля саміту Трамп-Кім вы напісалі тэкст «Пацанская дыпляматыя». Але ці не здаецца вам, што Трамп прайграў у Хэльсынкі нават у парадыгме пацанскай дыпляматыі, прайграў «па паняцьцях»? Вось ёсьць амэрыканскі прэзыдэнт, ён круты мужык, каўбой, ён ганяе ўсіх гэтых эўрапейскіх «фраероў». Але тут сустракаецца мужык з мужыком. Ну і здавалася б, нават па паняцьцях, варта было неяк абазначыць сваю пазыцыю, сказаць, што а вось па Ірану я з вамі ў тым нязгодны, а па Сырыі — у тым, а па Ўкраіне — у гэтым.

А атрымалася сьмешна. Пуцін выкладаў амэрыканскія пярэчаньні. Было пытаньне пра Крым, Пуцін сказаў: амэрыканскі бок лічыць, што гэта была анэксія, у нас іншае меркаваньне, мы лічым, што гэта было народнае волевыяўленьне. Трамп нават не сказаў: так, мы і сапраўды лічым гэта анэксіяй.

Выглядае, што Трамп, апроч іншага, не паказаў сябе крутым. Ці наадварот — паказаў?

Шымаў: Я вам адкажу адной лічбай. Ёсьць сьвежае апытаньне па Амэрыцы. Яго вынікі прыгадвае амэрыканскі аналітык, зусім не заўзятар Трампа, Фарыд Закарыя. Ён піша пра «рэвалюцыю Трампа» у рэспубліканскай партыі. Яшчэ некалькі гадоў таму рэспубліканскі электарат быў настроены вельмі скэптычна адносна Пуціна і Расеі. Сёньня сярод рэспубліканскіх выбаршчыкаў 56% за паляпшэньне адносінаў з Расеяй. У Трампа на носе, у лістападзе — выбары ў Кангрэс і Сэнат. Трампу трэба, каб рэспубліканцы перамаглі. І ў першую чаргу сярод іх тыя кандыдаты, якія блізкія яму, носьбіты і адэпты гэтай трампісцкай рэвалюцыі.

Трамп адчувае свайго выбаршчыка. Яму ня трэба было выглядаць «паханом» з Пуціным. А з эўрапейцамі — трэба

А гэты электарат ня хоча, каб Трамп таптаў ці спрабаваў таптаць Пуціна. Ён хоча, каб Трамп з Пуціным дамаўляўся. Трамп адчувае свайго выбаршчыка. Яму ня трэба было выглядаць «паханом» з Пуціным. А з эўрапейцамі — трэба.

Трамп не казаў, што Пуцін — яго сябра. Ён ужывае словы «канкурэнт», «супернік». У абдымкі ня кідаецца, але і на канфрантацыю ня йдзе. А электарат не складаецца з палітычных аналітыкаў.

Прычым ніякі не складаецца — ні дэмакратычны, ні рэспубліканскі, ні шэра-бура-малінавы. Ён складаецца пераважна зь людзей, якія рэагуюць на сымбалі. Вось сымбаль: Трамп крута дамовіўся з Кім Чэн Ынам. Былі на мяжы вайны, а цяпер — не. Трамп паказаў сябе добра.

Трамп мякка пагаварыў з Пуціным — гэта таксама сыгнал таго, што Трамп — добры дзяржаўны дзеяч, які ўмее размаўляць з малапрыемнымі людзьмі.

А зь людзьмі іншага кшталту, якія нам, амэрыканцам, грошы вінныя, ён таксама ўмее размаўляць і выбіваць зь іх грошы. Ці, прынамсі, пагражае ім, што будзе кепска, калі яны гэтыя грошы не заплацяць. Лёгіка такая. Масаваму выбаршчыку, схільнаму галасаваць за Трампа, гэтага сёньня цалкам хапае.​


Амэрыканскія палітыкі пра саміт: «Трамп робіць з ЗША нацыю слабакоў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG