Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брытаніі вырабілі 75-градусную гарэлку «Навічок», якая справакавала скандал


Фота з афіцыйнай старонкі кампаніі
Фота з афіцыйнай старонкі кампаніі

Лікёра-гарэлачны завод у Брысталі зазнаў рэзкую крытыку пасьля таго, як пачаў выпускаць 75-градусную гарэлку пад назвай «Навічок». Кампанія Bristol Dry Gin прынесла прабачэньні, сказаўшы, што выбрала няўдалы час для выпуску гарэлкі, паведамляе ВВС.

Гарэлка «Навічок» зьявілася на фоне гісторыі з атручваньнем аднайменным нэрвова-паралітычным рэчывам у красавіку 2018 году ў Вялікай Брытаніі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. А ў канцы чэрвеня гэтым жа рэчывам атруціліся мужчына і жанчына. Жанчына памерла, а мужчына апрытомнеў і даў паказаньні паліцыі. Брытанскія спэцслужбы абвінавацілі Маскву ва ўжываньні хімічнай зброі.

Bristol Dry Gin заявіла, што гарэлка «Навічок» выпускалася ў абмежаванай колькасьці і яе вытворчасьць будзе спыненая.

Кампанія кажа, што рэцэпт гэтай гарэлкі распрацоўваўся даволі доўга. Яе рэклямным слоганам была фраза «Тут не да жартаў». Назву «Навічок» гарэлка атрымала пасьля таго, як Сяргея і Юлію Скрыпалёў выпісалі са шпіталю.

У заяве кампаніі гаворыцца, што гарэлка павінна была «палепшыць настрой і зьнізіць узровень стрэсу, а не абражаць». Па словах прадстаўнікоў кампаніі, кліенты паставіліся да новай гарэлкі вельмі станоўча.

Аднак на старонцы Bristol Dry Gin у «Фэйсбуку» зьявілася мноства нэгатыўных камэнтароў.

«Прабачце, але я думаю, што вельмі бестактоўна даваць алькаголю такую назву. Гэта сур’ёзная сытуацыя», — піша Дэвід Гілрой.

Пітэр Хупэр напісаў: «Вельмі бестактоўна. Ні ў чым не вінаватая жанчына памерла, мужчына знаходзіцца ў крытычным стане ў шпіталі. Я думаю, вам варта перагледзець сваю рэклямную стратэгію».

Нядаўна ў Беларусі таксама разгарэўся скандал з прычыны зьяўленьня ў беларускай гандлёвай сетцы гатунку піва «Навічок» вытворчасьці расейскай кампаніі Alaska Brewery, што выклікала бурнае абмеркаваньне ў інтэрнэце. Многія спажыўцы выказаліся пра неэтычнасьць продажу напою з такой назвай і беспрынцыповасьць расейскага вытворцы.

У Беларусі зьявілася расейскае піва «Навічок». «Мы ня думалі пра аднайменную атруту»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG