Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанец, які выжыў пасьля атручэньня «Навічком», дае паказаньні


Дон Стэрджэс і Чарльз Роўлі
Дон Стэрджэс і Чарльз Роўлі

Трое, якія выжылі, і адна загіблая: такі на сёньняшні дзень лік ахвяраў атрутнага рэчыва «Навічок» у брытанскім графстве Ўілтшыр.

Дзякуючы таму, што чалавек, які атруціўся «Навічком» 30 чэрвеня, апрытомнеў, паліцыя можа зьдзейсьніць прарыў у расьсьледаваньні атручэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў, якое адбылося больш за 4 месяцы таму і якое стала прычынай рэзкага абвастрэньня расейска-брытанскіх адносін.

10 ліпеня ў акруговым шпіталі Солсбэры прыйшоў у прытомнасьць 45-гадовы жыхар суседняга гораду Эймсбэры Чарльз Роўлі, які, як лічаць экспэрты хімічнай лябараторыі міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Портан-Даўн, атруціўся менавіта «Навічком». Роўлі і яго спадарожніцу Дон Стэрджэс даставілі ў шпіталь непрытомнымі 30 чэрвеня. 29 чэрвеня абодва яны былі ў Солсбэры, дзе Стэрджэс жыла ў гостэлі для бяздомных, аднак начавала ў суседнім горадзе Эймсбэры, у кватэры Роўлі. Стэрджэс памерла, не прыходзячы ў прытомнасьць, 9 ліпеня.

Паліцыя перакрыла вуліцу ў Солсбэры, на якой знаходзіцца гостэл для бяздомных, апошняе вядомае месца жыхарства Дон Стрэджэс. Як паведамляюць BBC і Sky News, з Роўлі ўжо «коратка перагаварылі» прадстаўнікі паліцыі. Пакуль Скотланд-Ярд ня можа афіцыйна пацьвердзіць, што Роўлі і Стрэджэс сталі ахвярамі таго ж «Навічка», што Сяргей і Юлія Скрыпалі.

Сяргей і Юлія Скрыпалі
Сяргей і Юлія Скрыпалі

Паводле вэрсіі кіраўніка антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Вялікабрытаніі Нэйла Басу, асноўная вэрсія атручэньня Чарльза Роўлі і Дон Стэрджэс палягае ў тым, што яны выпадкова сталі ахвярамі ўзьдзеяньня «Навічка», які застаўся ў Солсбэры або яго ваколіцах пасьля замаху на Срыпалёў. Пара магла прыняць рэчыва за наркотык (пра Роўлі вядома, што ён праходзіў лячэньне ад гераінавай залежнасьці).

9 ліпеня міністар абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан наўпрост абвінаваціў расейскія ўлады ў датычнасьці да інцыдэнту ў Эймсбэры:

«Рэальнасьць такая, што Расея ўчыніла напад на брытанскай зямлі, які прывёў да сьмерці брытанскага грамадзяніна».

Старшыня камітэту Савету Фэдэрацыі РФ па абароне і бясьпецы Віктар Бондараў назваў гэтае абвінавачваньне «недарэчным», а кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) Георгі Каламанаў заклікаў Вялікабрытанію «паведаміць, якая праца вядзецца ў лябараторыі Портан-Даўн, і растлумачыць, чаму па краіне «гуляюць» атрутныя хімічныя рэчывы «(лябараторыя Портан-Даўн таксама знаходзіцца ў графстве Ўілтшыр, за 10 кілямэтраў ад Солсбэры і на такой жа адлегласьці ад Эймсбэры).

Хімічная лябараторыя міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Портан-Даўне
Хімічная лябараторыя міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Портан-Даўне

Расейскі навуковец Уладзімір Улеў, адзін са стваральнікаў «Навічка», кажа, што гарантаваць бясьпеку людзей у раёне Солсбэры будзе складана, нават калі паліцыя зможа вызначыць, дзе і як атруціліся Чарльз Роўлі і Дон Стэрджэс: паводле яго, «закладак» сьмяротна небясьпечнага рэчыва, падрыхтаваных для замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў, магло быць некалькі, і брытанская пара магла натрапіць на адну зь іх.


ВВС: Вікторыя Скрыпаль атрымлівае грошы ад кампаніі, зьвязанай зь Першым каналам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG