Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Вялікай Брытаніі дасьць больш за 5 мільёнаў эўра рэгіёну, дзе адбыліся атручваньні «Навічком»


Сьледчыя на месцы атручваньня ў Эймсбэры. 6 ліпеня 2018 году
Сьледчыя на месцы атручваньня ў Эймсбэры. 6 ліпеня 2018 году

Урад Вялікай Брытаніі абвясьціў аб накіраваньні 5 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (5,6 мільёна эўра) у графства Ўілтшыр, дзе адбыліся атручваньні рэчывам «Навічок».

Як паведамляецца на сайце брытанскага ўраду, сродкі накіраваныя на падтрымку бізнэсу і турызму, забесьпячэньня непрадбачаных расходаў праз інцыдэнты ў Солсбэры і Эймсбэры.

Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй

«Людзі Солсбэры і Эймсбэры паказалі неверагодную стойкасьць у сакавіку, таксама і ўлічваючы трагічныя падзеі мінулага тыдня. Урад будзе ў поўнай меры падтрымліваць мясцовую суполку, і гэты пакет фінансаваньня забясьпечыць пастаянныя патрэбы ў аднаўленьні», — сказала брытанская прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй.

У сакавіку брытанскі ўрад перадаў 2,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў (2,8 мільёна эўра) для падтрымкі мясцовай грамады.

30 чэрвеня брытанцаў 44-гадовую Дон Стэрджэс і яе 45-гадовага прыяцеля Чарлі Роўлі знайшлі непрытомнымі ў крытычным стане ў доме ў горадзе Эймсбэры, які менш чым за 20 кілямэтраў ад гораду Солсбэры, дзе атруцілі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.

Паліцыя высьвятляе, якім чынам Стэрджэс і Роўлі маглі атрымаць кантакт з рэчывам, вядомым пад расейскім кодавай назвай «Навічок». 44-гадовая Дон Стэрджэс памерла. Роўлі пакуль застаецца ў бальніцы — ён ужо не ў крытычным стане. На днях зь ім пагутарыла паліцыя.

Былы двайны агент расейскай выведкі Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаныя ў брытанскім Солсбэры ў пачатку сакавіка. Лёндан заяўляе, што за замахам стаіць Крэмль, а для атручваньня выкарыстоўвалася распрацаваная ў Расеі баявая атрута «Навічок». Масква абвяргае абвінавачваньні.

Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG