Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сюжэты пра бяскорміцу і ноў-хаў у камуналцы пакаралі двух гомельскіх фрылансэраў


Кастусь Жукоўскі ў судзе

11 ліпеня ў Гомлі суд Цэнтральнага раёну прызнаў журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат» і пакараў штрафам у 30 базавых велічыняў — 735 рублёў.

У суд паступілі на Жукоўскага два адміністрацыйныя пратаколы з Рагачоўскага райаддзелу міліцыі. Падставай паслужылі рапарты супрацоўнікаў УУС Гомельскага аблвыканкаму, якія выявілі ў траўні два сюжэты на тэлеканале «Белсат». Адзін пра падзеж парасят ад бяскорміцы ў селекцыйна-гібрыдным цэнтры «Зарэчча», што ў Рагачоўскім раёне, другі — пра ноў-хаў уладаў у гэтай жа вёсцы, якія прапануюць мясцовым жыхарам, у каго бракуе грошай, аплочваць камунальныя паслугі, зьбіраючы плястыкавыя бутэлькі і макулятуру.

Паводле рапартаў, Жукоўскі, ня маючы акрэдытацыі ў беларускім МЗС, браў інтэрвію ў намесьніка кіраўніка «Зарэчча» Яўгена Гурэвіча і мясцовых жыхароў.

Сёлета гэта ўжо восьмае пакараньне Кастусю Жукоўскаму за журналісцкую дзейнасьць. У бюджэт ён мае ўнесьці агулам 7374,5 рубля.

Андрэй Толчын
Андрэй Толчын

7 ліпеня за гэтыя сюжэты суд Савецкага раёну Гомля аштрафаваў і апэратара Андрэя Толчына. Яго сёлета штрафавалі ўжо шэсьць разоў — сума ягоных штрафаў перавысіла 4 тысячы рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG