Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2000 рублёў на дваіх: чарговыя штрафы глыбоцкім незалежным журналістам


Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна, архіўнае фота
Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна, архіўнае фота

Незалежных журналістаў з Глыбокага зноў пакаралі штрафамі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Зьмітра Лупача аштрафавалі на 857 рублёў 50 капеек за супрацоўніцтва зь «Белсатам», Тацяну Смоткіну на 1102 рублі 50 капеек — з Радыё Рацыя.

Сёлетні рахунак Зьмітра Лупача: 7 судоў і 4 штрафы

Сёньня за сюжэт «Чаму міліцыянты зьбіваюць пэнсіянэраў», паказаны на тэлеканале «Белсат», судзьдзя Глыбоцкага райсуду Людміла Вашчанка пакарала журналіста штрафам памерам 35 базавых велічынь. Для яго гэта быў ужо сёмы суд ад пачатку 2018 году.

Зьмітра Лупача судзілі ў судох Пастаўскага, Шаркоўшчынскага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. Ён трапляў пад міліцэйскі і судовы перасьлед часьцей за іншых журналістаў, і часам у міліцыі проста не пасьпявалі заводзіць на яго адміністрацыйныя справы ды перадаваць іх у суды. З гэтае прычыны — праз сканчэньне тэрміну прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці — сёлетнюю пастанову Шаркоўшчынскага райсуду адмяніў Віцебскі абласны суд. А суды Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў мусілі ўвогуле скасаваць справы супраць незалежнага журналіста.

Тым ня менш сума чатырох штрафаў, накладзеных на Зьмітра Лупача з пачатку гэтага году, складае ўжо 3307 рублёў 50 капеек. Гэта абсалютны «рэкорд» што да вынікаў судовага перасьледу журналістаў на Віцебшчыне.

Дарэчы, каб не дапусьціць парушэньня тэрмінаў разбораў, глыбоцкая міліцыя апрабавала на прыкладзе Зьмітра «ноў-хаў»: супрацоўнікі ўжо рыхтуюць супраць яго новую адміністрацыйную справу — за здымкі нібыта для «Белсату» ў кампаніі з Тацянай Смоткінай. Нават ужо знайшлі сьведак, толькі вось адпаведнага матэрыялу на тэлеканале так і не адсачылі.

Сёлетні рахунак Тацяны Смоткінай: 2 суды, 2 штрафы і 5 пратаколаў

Журналістку Тацяну Смоткіну судзьдзя Людміла Вашчанка сёньня аштрафавала на 45 базавых велічынь паводле чатырох пратаколаў, складзеных капітанам міліцыі Сяргеем Цырбанам. Два зь іх тычыліся аднаго й таго самага артыкула «Як гарадзкая каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы», кажа спадарыня Тацяна.

«Першы пратакол міліцыянт склаў непасрэдна супраць мяне — за інтэрвію для артыкула на сайце Радыё Рацыя. А другі — за тое, што інтэрвію я брала не адна, а разам са Зьмітром Лупачам. Такім чынам, у судзе разглядалі 4 пратаколы, складзеныя аб зьяўленьні трох артыкулаў. Штраф наклалі за ўсё агулам — 45 базавых велічынь», — кажа Тацяна Смоткіна.

Для яе сёньняшні суд паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ — ужо другі ў гэтым годзе. Агульная сума штрафаў у выніку двух судоў — 1837 рублёў 50 капеек.

За паўгода — больш як дзясятак судоў над незалежнымі журналістамі Віцебшчыны

Віцебская міліцыя адсочвае сюжэты журналістаў-фрылянсэраў, зьвязаныя з найбольш гучнымі падзеямі ў рэгіёне. Апрача глыбоцкіх калегаў, сёлета ў лютым за відэаматэрыял «За што ў Воршы так ня любяць Лукашэнку», паказаны на тэлеканале «Белсат», на 539 рублёў былі пакараныя Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў. У траўні такі самы штраф атрымаў Вячаслаў Лазараў, і 490 рублёў — Алена Шабуня, абое — за «белсатаўскі» відэасюжэт «„Калгас прапілі“. Вёска ля возера, а вады няма».

На судзе супраць журналістаў у Магілёве два дзясяткі чалавек пакінулі залю на знак пратэсту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG