Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкую раённую газэту абвінавацілі ў распальваньні нацыянальнай варожасьці


Лідзкія актывісты Партыі БНФ напісалі скаргі ў райвыканкам і праваахоўныя органы з нагоды публікацыі ў раённай газэце тэксту з ацэнкамі беларускай мовы і яе носьбітаў.

«Мова» і «сьвядомыя»

Актывісты Партыі БНФ Валер Мінец і Сяргей Пантус зьвярнуліся з заявамі ў Лідзкі райвыканкам, пракуратуру раёну, Сьледчы камітэт і Міністэрства інфармацыі Беларусі. У заяве яны сьцьвярджаюць, што лідзкая раённая газэта распальвае варожасьць паміж грамадзянамі Беларусі, якія карыстаюцца беларускай і расейскай мовамі.

Нагодай для іх заявы стала публікацыя ў «Лідскай газеце» артыкула Антона Быстрыцкага пад назвай «Интерес в этом деле скорее личный». Аўтар выказвае сумнеў, ці патрэбны ў Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, які нядаўна быў зарэгістраваны сябрамі Таварыства беларускай мовы.

Аўтар піша: «Тема „мовы“ давно используется белорусской оппозицией», а «общество отторгает оппозицию — следовательно, и все, чем она пользуется».

Здымак паласы з публікацыяй Быстрыцкага
Здымак паласы з публікацыяй Быстрыцкага

Актывісты Мінец і Пантус у сваім лісьце ў праваахоўныя органы зьвяртаюць увагу, што «аўтар Быстрыцкі кпліва і абразьліва выказваецца пра ТБМ і ягонага старшыню, дзяржаўная беларуская мова бярэцца ім у двукосьсе, а бацькі дзяцей, які аддаюць сваіх дзетак у беларускамоўныя клясы, у абразьлівым кантэксьце называюцца „сьвядомымі“».

«Я даўно нічога падобнага не чытаў у раённай газэце. Асабліва ўражвае стаўленьне да ўсяго беларускага — абраза і злосьць так і прэ з гэтага артыкула», — так Мінец тлумачыў Свабодзе, чаму ён вырашыў напісаць ліст у пракуратуру і іншыя дзяржаўныя інстанцыі.

Паводле яго, гэтым артыкулам у дзяржаўнай газэце спрабуюць распаліць варожасьць паміж людзьмі, якія гавораць на розных мовах.

Заява Валера Мінца і Сяргея Пантуса
Заява Валера Мінца і Сяргея Пантуса

Тэкст Быстрыцкага — перадрук

Як высьветлілася, гэты тэкст аўтара Быстрыцкага за два тыдні да публікацыі ў «Лідзкай газэце» быў зьмешчаны на сайце stopopp.com, які зарэгістраваны ў Санкт-Пецярбургу. Але ў «Лідскай газеце» пра гэта нібыта нічога ня ведаюць.

Намесьніца галоўнага рэдактара газэты Людміла Петрулевіч сказала Свабодзе, што галоўнай рэдактаркі Кацярыны Серафіновіч, якая ў курсе справы і адказная за публікацыю, на працы няма, яна ў адпачынку да 19 ліпеня.

«Матэрыял праходзіў непасрэдна праз рэдактара. Вы ж ведаеце, як і ў вас, так і ў нас кіраўнік у руках трымае ўсе лейцы. Быстрыцкі — ня наш штатны супрацоўнік, ён пэрыядычна прыносіць свае матэрыялы галоўнай рэдактарцы», — сказала Петрулевіч.

На пытаньні, ці ведае рэдакцыя, што гэты тэкст пад іншым загалоўкам на пачатку чэрвеня зьявіўся на расейскім рэсурсе stopopp.com (у газэце спасылкі на яго няма), ці Антон Быстрыцкі выдаў яго за новы арыгінальны матэрыял, ці абмяркоўваўся артыкул на рэдкалегіі, спадарыня Петрулевіч адказала, што ня ў курсе спраў. Ня ведае яна таксама, ці мясцовы жыхар гэты Антон Быстрыцкі.

«Прадметную размову я з вамі весьці не магу, бо ён супрацоўнічае наўпрост з Кацярынай Серафіновіч, — адказала намесьніца рэдактара. — Асобныя матэрыялы мы абмяркоўваем, але гэты не абмяркоўвалі. Я шчыра вам скажу: я ня ведаю. А беларускую мову люблю ня менш за вас, усе ж мы родам зь Беларусі».

Быстрыцкі — сталы аўтар «Лідcкай газеты»

У «Лідскай газеце» Антон Быстрыцкі штотыдзень вядзе рубрыку «Без ретуши». Праўда, ягоныя тэксты не выстаўляюцца рэдакцыяй у інтэрнэт, іх нельга знайсьці на сайце газэты.

За тыдзень да публікацыі матэрыялу «Интерес в этом деле скорее личный» Быстрыцкі на старонках «Лідскай газеты» распавядаў, чаго на самай справе дамагліся ўдзельнікі галадоўкі «Маці 328».

«Публикуя ложный контент, желтая пресса поощряет экстремальный метод поведения человека — голодовку, а лучше всего „бессрочную“ — тогда можно достучаться и до высшего руководства страны. О том, что голодание может навредить вашему здоровью, никто не предупреждает. В конце концов, если вы умрете, „независимая пресса“ будет просто счастлива — хватит „пищи“ для разговоров, возможно, на целых три дня».

У тым жа нумары «Лідскай газеты» Быстрыцкі выступае як экспэрт у галіне міжнародных зносін, распавядае пра памылкі Баўгарыі, якая на працягу 4 гадоў пад уплывам Эўразьвязу адмаўлялася супрацоўнічаць з Расеяй у праекце «Паўднёвы паток».

«Болгария долго мялась и молчала. Поэтому потеряла деньги, поскольку только прямые доходы бюджета Болгарии составили бы от транзита не менее 400 миллионов евро в год».

А ў матэрыяле «Дыма без огня не бывает» Быстрыцкі распавядае лідчанам, як «кемлівыя хлопцы» з прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці стварылі ўласную грашовую «піраміду».

«В банковских учреждениях Литвы они открыли счета, куда поступали средства от профсоюзов Швеции, Швейцарии, Дании, Словакии начиная с 2011 года. Федынич и Комлик снимали денежные средства, а третьи лица перевозили их в Беларусь. И это уже доказано следствием».

Ведае Быстрыцкі і колькі каштавала для ўкраінскага падаткаплатніка сустрэча прэзыдэнта Пятра Парашэнкі з Дональдам Трампам у 2017 годзе. Піша ён і пра ўкраінскія санкцыі, ад якіх пацярпелі два беларускія прадпрыемствы — «Мир пива» і Мазырскі сьпіртагарэлачны завод.

Іншыя матэрыялы Быстрыцкага — таксама перадрукі

Але выяўляецца, што гэтыя матэрыялы таксама можна знайсьці на розных інтэрнэт-рэсурсах. Прычым некаторыя зь іх падпісаныя іншымі прозьвішчамі.

Так, да прыкладу, матэрыял, зьмешчаны ў «Лідскай газеце» пад загалоўкам «Дыма без огня не бывает», быў апублікаваны раней на сайце zametki.by пад назвай «Финансовая пирамида по-белорусски». Аўтар там пазначаны Артур Видный.

У райвыканкаме сытуацыю не камэнтуюць

Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Лідзкага райвыканкаму Ірына Рабец камэнтаваць публікацыю ў раённай газэце адмовілася, параіла зьвярнуцца з афіцыйным пісьмовым запытам на імя старшыні райвыканкаму.

«Ніякіх камэнтароў я вам даваць ня буду — сказала Свабодзе Ірына Рабец. — Я ведаю, пра які артыкул ідзе гаворка. Толькі ўчора мы размаўлялі зь мясцовымі актывістамі, яны напісалі заяву. Будзем разьбірацца».

Спробы Свабоды адшукаць самога аўтара Антона Быстрыцкага аказаліся марнымі. Свабода вернецца да гэтай тэмы, калі ўдасца зьвязацца з рэдактаркай «Лідскай газеты» і аўтарам публікацый Быстрыцкім.

10 практычных парадаў, як абараніць беларускую мову ад зьняваг і абраз

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG