Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар магілёўскай газэты ставіць ў адзін шэраг забойцаў, п’яніц і геяў


Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў пастанавіла, што газэта «Вечерний Могилёв» дапусьціла грубыя парушэньні журналісцкай этыкі ў артыкуле пра транссэксуала. Журналіст Радыё Рацыя зьвярнуўся з гэтай нагоды па камэнтар да рэдактара газэты Надзеі Леўчанкі.

РР: Беларускае Радыё Рацыя, Улад Грынеўскі, я Вам калісьці ўжо тэлефанаваў. Я раблю такую перадачу пра журналістыку для журналістаў і хацеў бы з Вамі паразмаўляць усё пра тую ж сытуацыю — пра публікацыі, якія журналісцкая супольнасьць назвала гамафобскімі. Ужо ёсьць зьвесткі, што Міністэрства інфармацыі загадала Вашаму выданьню больш пільна ставіцца да гэтых публікацыяў і таксама ёсьць рашэньне Камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў пра тое, што ў гэтым артыкуле былі грубыя парушэньні журналісцкай этыкі. Якое Вашае стаўленьне да гэтага ці будзеце Вы нейкім чынам рэагаваць? Я ведаю, што артыкулу няма на сайце Вашай газэты.

Надзея Леўчанка: Што тычыцца гэтай тэмы, то мы зьмяшчаем на нашых старонках адназначна, як ідзе ў нас барацьба з п’янствам, хуліганствам, забойствамі, прастытуцыяй і, так бы мовіць, распаўсюджаньнем гомасэксуалізму. І таму гэтым тэмам мы ўдзялялі і будзем удзяляць увагу.

РР: Значыць, Вы ўсё ставіце гэта ў адзін шэраг: прастытуцыю, барацьбу з п’янствам, гомасэксуальнасьць — усё ў адзін радок?

Надзея Леўчанка: Так, так.

РР: А чаму так? Я з Вамі зусім не згодны ў гэтым кірунку.

Надзея Леўчанка: Ну, разумееце, калі Вы гей-супольнасць, канечне, Вы не згодны.

РР: Хто? Я гей-супольнасьць? Чаму Вы так вырашылі?

Надзея Леўчанка: Ну, таму што Вы іх абараняеце.

РР: Як журналіст, я ведаю, як трэба працаваць паводле журналісцкіх прынцыпаў этыкі...

Надзея Леўчанка: А Вы не вучыце мяне, як працаваць.

РР: Не, я не зьбіраўся Вас вучыць. Я так разумею, што Вы ведаеце, як працаваць. Але цывілізаваная журналістыка палягае ў тым, што мусяць быць прадстаўленыя розныя бакі. А Вы так адназначна сьцьвярджаеце пра тое, што прастытуцыя, наркаманія і гомасэксуалізм — гэта адно і тое. Троху дзіўнае такое сьцьвярджэньне.

Надзея Леўчанка: Можа для Вас дзіўнае, таму што для Вас відаць усё роўна, што зараз «мама» і «тата» нельга называць, а «родитель- 1» і «родитель-2». Альбо дзіця само павінна вызначыцца, калі падрасьце — у спаднічцы яму хадзіць ці ў нагавічках, будзе ён называцца — дзяўчынка ці хлопчык? Вы — з гэтага шэрагу. Мы прытрымліваемся славянскіх традыцый, паводле Бібліі гомасэксуалізм — вялікі грэх. Паводле ўсіх рэлігій — гэта вялікі грэх. І мы ставімся да гэтага як да граху.

РР: Ясна. А вось Міністэрства інфармацыі загадала больш пільна ставіцца да публікацый...

Надзея Леўчанка: Міністэрства інфармацыі мне нічога не паведамляла. Ніякіх паведамленьняў да мяне не прыходзіла. Я пра гэта прачытала выключна на сайтах. А мне нічога такога не прыходзіла. Што тычыцца таго: зьнятыя ў нас на сайце матэрыялы ці не зьнятыя, то мы гатовы прадаставіць гэтыя матэрыялы любому ахвочаму пасьля пэўнай аплаты на наш рахунак.

РР: Як? Не разумею, гэта значыць купіць гэтыя матэрыялы можна? Ці што?

Надзея Леўчанка: Так, так. Калі Вы захочаце атрымаць адзін з гэтых нашых матэрыялаў, то калі ласка... У нас у найбліжэйшы час ідзе рэарганізацыя сайту. Мы зробім такую аб’яву: хто хоча купіць, хай пералічвае да нас суму грошай і мы накіруем яму матэрыял пісьмова альбо па электроннай пошце.

РР: Ага, значыць, Вы лічыце што гэта такі выдатны матэрыял, што за яго нават грошы можна атрымаць?

Надзея Леўчанка: Ну, дык а чаго вы да іх прычапіліся? Бачу я так: такая шуміха, такая папулярнасьць дык чаму бы не зарабіць на гэтым? Гэта праца журналістаў.

РР: Я нагадаю, чаму мы, як Вы кажаце, так прычапіліся. Ведаеце, мы жывем у цывілізаваным грамадзтве...

Надзея Леўчанка: Я жыву ў Рэспубліцы Беларусь.

РР: А, паводле Вас, Рэспубліка Беларусь — не цывілізаванае грамадзтва.

Леўчанка: У Рэспубліцы Беларусь жыву. Я выконваю Законы Рэспублікі Беларусь, я прытрымліваюся тых традыцый славянскіх, якія ёсьць ў Рэспубліцы Беларусь.

РР: Божа! Але абражаць чалавека — гэта не Закон Рэспублікі Беларусь. Увогуле такога Закону няма...

Леўчанка: Пачакайце... Каго? Што? Вы пра што?

РР: Спадарыня Надзея, Вы ўзгадайце той матэрыял, як ён быў напісаны.

Леўчанка: Пачакайце транссэксуал сам пра ўсё паведамляў, ён не патрабуе абароны.

РР: Але ён не гаварыў пра сябе тымі словамі, якімі быў напісаны матэрыял. Матэрыял напісаны абразьлівымі словамі, бо калі б я прачытаў пра сябе такі матэрыял, то я б падаў у суд. Вы, як прафэсійны журналіст, павінны разумець, што слова мае вялікае значэньне. Калі Вы з брудам зьмешваеце чалавека.

Леўчанка (павышаючы голас): Ніхто чалавека з брудам ня зьмешваў. Пра чалавека напісалі тое, які я ён ёсьць. Ты больш мы не сказалі ні прозьвішча, нічога. Карацей, займайцеся сваімі справамі, пішыце, што ў нас цудоўнага ёсьць у Рэспубліцы Беларусь. А ў нас вельмі шмат чаго цудоўнага. Калі Вы хочаце змагацца зь недахопамі, то не ў газэце «Вячэрні Магілёў» трэба змагацца, а змагайцеся наўкола нас — п’янства, наркаманія, гомасэксуалізм той жа распаўсюджваецца. Забойствы і ўсё астатняе. Да пабачэньня!

РР: А як я магу змагацца з п’янствам, з гомасэксуалізмам... Хаця я не думаю, што з гэтым трэба змагацца. Кожны чалавек сам вырашае.

Леўчанка: Ааа, гэта трэба заахвочваць?

РР: Я не кажу, што гэта трэба прапагандаваць. Але кожны чалавек мае права на сваю самаідэнтыфікацыю.

Леўчанка: Да пабачэньня. Вызначыць: хлопчык ён ці дзяўчынка — ён павінен сам. Да пабачэньня.

Гудкі.

ЗАПІС РАЗМОВЫ ЦАЛКАМ:

***

Восеньню летась у газэце «Вечерний Могилев» зьявіўся артыкул пад загалоўкам «Упершыню ў гісторыі Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала». У артыкуле адзначалася, што ў Магілёўскім раённым судзе разглядалася справа ў дачыненьні да грамадзяніна, якога абвінавачваюць у крадзяжы — нібыта ён скраў у суседкі бутэльку віна і 4 кіляграмы фаршу. На момант напісаньня артыкулу мужчына знаходзіўся ў СІЗА Магілёўскай турмы № 4. Менавіта там, паводле газэты, пры аглядзе нечакана выявілі, што мужчына зьмяніў пол (з жаночага на мужчынскі). Пры гэтым са спасылкай на Магілёўскі раённы суд, дзе разглядалася справа, паведамляецца ў якім годзе і дзе менавіта падсудны зрабіў апэрацыю.

Аўтары артыкулу галоўнага героя зьняважліва называюць «яно» і «плаксівай гермафрадытнай істотай» ды выказваюць заклапочанасьць тым, што ў адным доме з транссэксуалам пражываюць дзеці. Выказваецца таксама агульная перасьцярога датычная Эўрасаюзу і сэксуальных меншасьцяў:

«Сёньня за прыгожай упакоўкай пад назвай сэкс-меншасьці, якую прасоўвае і актыўна нам навязвае Эўрасаюз, хаваецца сатана і не без задавальненьня назірае, як людзі на зямлі самі сабе ствараюць друг Садом».

Як паведаміў у гэтым месяцы старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, праводзіцца дысцыплінарная праверка ў дачыненьні да судзьдзі Магілёўскага раённага суду Станіслава Леўчанкі, які залішне «шчыра» распавёў выданьню «Вячэрні Магілёў» пра суд над транссэксуалам. Станіслаў Леўчанка — муж Надзеі Леўчанкі, галоўнага рэдактара «Вячэрняга Магілёву».

Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў 17 лютага разгледзела зварот групы грамадзян адносна гэта артыкулу і ў сваёй пастанове заявіла, што «Вечерний Могилёв» дапусьціў грубыя парушэньні журналісцкай этыкі.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG