Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены ў закон аб СМІ


Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

14 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім (апошнім) чытаньні зьмены ў закон аб СМІ. «За» прагаласавалі 97 дэпутатаў. Алена Анісім і Ганна Канапацкая ў галасаваньні не ўдзельнічалі.

Традыцыйна пры другім чытаньні ў законапраект уносяцца нязначныя, так званыя касмэтычныя праўкі. Так было і сёньня.

Нягледзячы на тое, што профільная камісія Палаты прадстаўнікоў стварыла працоўную групу па разгляду гэтага закону, што яе прадстаўнікі казалі пра магчымыя істотныя зьмены паміж першым і другім чытаньні, амаль усё засталося па-ранейшаму.

БАЖ пра новы законапраект аб СМІ: «Практычна ўсе праблемныя нормы захаваліся»

Паводле старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, «да ўвагі прыняты фактычна толькі адзін важны момант: уведзены судовы парадак абскарджаньня рашэньняў Міністэрства інфармацыі аб блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў».

Кіраўнік БАЖ адзначае, што ўсе астатнія пытаньні, на якіх рабілі акцэнт прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў і мэдыясупольнасьці, «засталіся па-за ўвагай, і практычна ўсе праблемныя нормы захаваліся».

«Памер штрафных санкцый для СМІ паменшаны ў два разы»

З такім падыходам не пагадзілася намесьніца старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненьнях і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанец. Яна адзначыла, у прыватнасьці, што памер штрафных санкцый для СМІ вырашана паменшыць у два разы.

Таксама яна зьвярнула ўвагу на тое, што вызначаны адзіны тэрмін захоўваньня інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі. Цяпер ён будзе раўняцца 6 месяцам, а не 1 году, як было раней.

«Больш мяккі падыход да беларускага кантэнту на тэлеканалах»

Спадарыня Ражанец адзначыла, што прадугледжаны больш мяккі падыход да неабходнага напаўненьня аб’ёму тэлеперадач матэрыяламі беларускай вытворчасьці.

Такі аб’ём павінен быць не меншы за 15%, але калі ў першым варыянце такі аб’ём прадугледжвалася цягам кожнага месяцу, то цяпер 15% — агульная сума, якая павінна быць па выніках 6 месяцаў, а не менш за 30% — цягам 2 гадоў.

10 беларускіх фэйкаў 2017 году: Ад «фраў А.» да Лукашэнкі на Tesla

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG