Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падводныя камяні новага закону аб СМІ


Рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў як СМІ — юрыдычнае афармленьне новай рэальнасьці ці наступ на свабоду слова? Ці зьбягуць беларускія карыстальнікі ў сацсеткі ці Рунет пасьля ўвядзеньня ідэнтыфікацыі на інтэрнэт-форумах? Што ўлады яшчэ могуць памяняць у законапраекце?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і генэральны дырэктар кампаніі «ТУТ БАЙ МЭДЫЯ» Людміла Чэкіна. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Дракахруст: У чацьвер Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытаньні зьмены ў закон аб СМІ. За прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — 2. Тэма нашай сёньняшняй гутаркі — падводныя камяні новага закону, небясьпекі для мэдыя, якія ён у сябе тоіць. Законапраект ужо выклікаў гарачую дыскусію ў грамадзтве. Я прапаную працягнуць яе. Першае чытаньне — не апошняя кропка, але прынамсі адна з апошніх.

Ад «інтэрнэт-рэсурсаў» да «сеткавых выданьняў»

Адзін з пунктаў новага закону — рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў. Яна паводле закону неабавязковая, але вельмі пажаданая. А фактычна працаваць без рэгістрацыі будзе немагчыма. Наколькі гэты пункт абцяжарыць жыцьцё інтэрнэт-выданьняў? А які цяпер іх прававы статус?

Людміла Чэкіна
Людміла Чэкіна

Чэкіна: Гэта спрэчнае пытаньне. Праблема з новай рэдакцыяй закону — яго ня надта добрая прапрацоўка з пункту гледжаньня юрыдычнай тэхнікі, з пункту гледжаньня яснасьці яго нормаў. Большасьць маіх калегаў, юрыстаў у сфэры мэдыяў, лічаць, што інтэрнэт-сайты не прызнаныя паўнацэннымі СМІ. Яны нясуць абавязкі СМІ, але правамі СМІ яны фармальна не валодаюць. Гэта спрэчна. Зараз статус не зусім ясны.

Абавязкі СМІ яны нясуць адназначна, сыходзячы з тэксту існуючага закону. А вось што датычыцца правоў СМІ — гэта спрэчна. Дакладна ў законе аб гэтым не сказана. То бок статус пакуль не зусім зразумелы, большасьць юрыстаў зараз прытрымліваюцца меркаваньня, што паўнавартаснымі СМІ інтэрнэт-рэсурсы на дадзены момант не зьяўляюцца.

Ёсьць і іншае меркаваньне. Калі зыходзіць з вызначэньня, якое даецца ў артыкуле 1 закону, пад фармальныя прыкметы СМІ падпадае большая частка сайтаў, якія распаўсюджваюць масавую інфармацыю. На мой погляд, з 2015 году, калі былі ўнесеныя апошнія зьмены ў Закон аб СМІ, якія ўжо дзейнічаюць, інтэрнэт-рэсурсы зьяўляюцца СМІ практычна ў поўнай меры, і на іх распаўсюджваюцца як абавязкі СМІ (за выключэньнем абавязку праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю), так і правы СМІ.

Праваўжывальная практыка гэта пацьвярджае, праваахоўныя органы ставяцца з павагай да нашага права захоўваць ананімнасьць крыніцаў. Працаваць на масавых мерапрыемствах нам таксама даюць. Бываюць эксцэсы, але нават калі журналістаў інтэрнэт-выданьняў затрымліваюць, потым іх адпускаюць без складаньня пратаколаў.

Дракахруст: Фактычна значны сэгмэнт мэдыйнага поля — гэта менавіта інтэрнэт-выданьні. І нават тыя выданьні, якія маюць папяровую вэрсію, значная частка людзей успрымаюць як інтэрнэт-выданьні. Для пераважнай часткі аўдыторыі «Нашай нівы» яна — сайт, а не папяровая газэта. Дык можа заканадаўца мае рацыю, калі прыводзіць юрыдычную форму ў адпаведнасьць з рэальнасьцю?

Быкоўскі: Я ня думаю, што варта так ставіць пытаньне. Лілія Ананіч, якая ў 2015 годзе прадстаўляла тагачасныя папраўкі ў закон аб СМІ, казала, што на інтэрнэт-выданьні распаўсюджваюцца ўсе правы СМІ, акрамя неабходнасьці рэгістрацыі.

Хаця па сутнасьці, як слушна сказала Людміла, распаўсюдзіліся абавязкі і далёка ня ўсе правы. Зьвярну вашу ўвагу на канкрэтны спрэчны момант — статус журналіста. Паводле дзейнага закону «журналіст — фізычная асоба, якая займаецца зборам інфармацыі для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ». То бок гаворка ідзе пра рэдакцыі, якія прадстаўляюць традыцыйныя СМІ — рэдакцыі папяровых выданьняў, тэлеканалаў, радыёстанцыяў і г.д. Адны разумелі, што на супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў гэта распаўсюджваецца, іншыя — што не. Практыка і сапраўды была такая, што давалі магчымасьць акрэдытацыі.

Цяперашні законапраект уводзіць тэрмін «сеткавае выданьне», якое патрабуе рэгістрацыі. І тут ужо ўзьнікае неабходнасьць ствараць юрыдычную асобу, мець офіс і выконваць кваліфікацыйныя патрабаваньні да галоўнага рэдактара.

Індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія стварылі большасьць інтэрнэт-выданьняў у Беларусі, проста ня здолеюць выконваць гэтыя патрабаваньні.

Яны хутчэй за ўсё пакарыстаюцца тым, што працэдура рэгістрацыі заяўленая добраахвотна і ня будуць рэгістравацца ў якасьці сеткавага выданьня, а застануцца ў статусе, які закон называе «інтэрнэт-рэсурсы». На іх распаўсюджваюцца абавязкі, але правы СМІ на іх не распаўсюджваюцца. Працаваць без рэгістрацыі сеткавага выданьня ім будзе магчыма, проста іх супрацоўнікі ня будуць лічыцца журналістамі.

Праўда, правы журналістаў у Беларусі незайздросныя. Гэты статус асаблівых перавагаў пры зборы інфармацыі асабліва не дае. Запыт, які робіць рэдакцыя, выконваецца ў тыя ж тэрміны, што і запыт любой іншай юрыдычнай асобы.

Дракахруст: А асьвятленьне масавых акцыяў, асабліва забароненых?

Быкоўскі: Вось адзінае пытаньне, калі статус журналіста мае істотнае значэньне. Ён можа прысутнічаць на ў тым ліку і недазволеных акцыях і калі будзе прызнана, што ён не быў удзельнікам, а быў менавіта журналістам, то ўсё добра. Але ёсьць прэцэдэнты, калі і статус журналіста не абараняе. Я маю на ўвазе, скажам, выпадак з карэспандэнткай вашага радыё Галінай Абакунчык, якая была затрыманая быццам бы як удзельніца акцыі, хаця яна мела акрэдытацыю пры МЗС. Таму ёсьць розная практыка.

Важна, што значна скарачаецца колькасьць суб’ектаў, якія прызнаюцца СМІ. То бок фактычна з 2015-га году СМІ сталі ўсе інтэрнэт-выданьні, якія хацелі лічыць сябе СМІ. Яны не рэгістраваліся, але выступалі ў якасьці журналістаў. Зараз, калі закон будзе прыняты ў прапанаванай форме, значная частка ня будзе рэгістравацца ў якасьці сеткавых выданьняў. Гэта ня трэба тым, хто займаецца агрэгацыяй, забаўляльнай тэматыкай, тым, хто абмяркоўвае чужыя навіны. Расклад памяняецца, але я ня думаю, што фатальна. Хутчэй за ўсё зноў юрыдычныя нормы не будуць супадаць з тым, што прысутнічае ў жыцьці. Але звужэньне катэгорыі, якую беларуская дзяржава прызнае СМІ, будзе.

«Права на ананімнасьць — гэта частка правоў чалавека на свабоду выказваньня»

Дракахруст: А зараз пра, так бы мовіць, больш фатальны пункт новага закону — абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Ці стала больш зразумела, як улады зьбіраюцца гэтую ідэнтыфікацыю рабіць? Ці залежыць ад таго, якой яна будзе, вынік дзеяньня новага закону? Людміла, тут д’ябал хаваецца ў дэталях ці ў прынцыпе? Калі рэгістрацыя адбываецца праз акаўнт у сацсетцы — гэта страшна? Ці страшна — гэта калі рэгістрацыя праз смс на тэлефон? Ці наагул гэта страшна, як бы ні было?

Чэкіна: Я мяркую, што рэгістрацыя праз сацсеткі ня будзе прызнаная належнай ідэнтыфікацыяй карыстальніка. Мяркую, што будзе ўжыты досьвед выкананьня ўказу № 60 наконт рэгістрацыі карыстальнікаў сетак wifi. То бок напэўна будуць розныя спосабы, таму што ёсьць вопыт, ёсьць ужо праваўжывальная практыка. Хутчэй за ўсё, асноўнай будзе ідэнтыфікацыя праз пацьверджаньне смс. Магчыма нейкія дадатковыя мэтады будуць ужытыя. Наўрад ці гэта будзе рэгістрацыя праз сацсеткі, як гэта адбываецца з рэгістрацыяй на большасьці сайтаў, у тым ліку і замежных.

Я ўпэўненая, што будуць адмоўныя наступствы ад увядзеньня гэтай нормы. Гэта адабʼецца на складзе ўдзельнікаў абмеркаваньняў на беларускіх сайтах. Людзі, для якіх абмеркаваньні на форумах не зьяўляецца надта важнымі, якія не супрацоўнікі «фабрыкаў троляў», якія не разглядаюць гэта як адну са значных частак свайго жыцьця, яны хутчэй за ўсё ідэнтыфікавацца не захочуць. Не таму, што яны пішуць нешта незаконнае. Проста для іх гэта неабавязкова. Інстынкт падказвае любому, што чым менш асабістых дадзеных ты недзе пакідаеш, тым большая твая бясьпека. І хутчэй за ўсё, гэта так і ёсьць.

І на форумах беларускіх сайтаў застануцца тыя, хто «на працы», найперш гэта пэрсанал расейскіх «фабрыкаў троляў», у іх фінансаваньне больш. Ну і беларускія «фабрыкі троляў». І мы будзем назіраць адно дыскусіі гэтых цудоўных людзей паміж сабой.

Ідэнтыфікацыя наўрад ці стане вялікай праблемай для замежных ідэолягаў, таму што ў прынцыпе, калі ў цябе ёсьць мэта, і яна табе патрэбная, каб працягваць ажыцьцяўляць свае функцыі, атрымоўваць фінансаваньне, усё гэта досыць лёгка абыходзіцца.

Людзей нармальных і звычайных, якія пакідалі сапраўды цікавыя камэнтары, верагодна стане на парадак менш. Хутчэй за ўсё, гэта прывядзе да таго, што дыскусіі плаўна перацякуць у сацыяльныя сеткі, у той жа Фэйсбук, і ўладальнікі беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў будуць вымушаныя адмаўляцца ад уласных пляцовак, форумаў. І хутчэй за ўсё будуць проста прыкручваць спасылкі на абмеркаваньні сваіх артыкулаў у сацсетках. А гэта ня будзе адпавядаць тым мэтам, якія заяўленыя пры ўвядзеньні нормы, але напэўна ня будзе іншага выйсьця.

Дракахруст: Некаторыя выданьні на Захадзе самі ўводзяць рэгістрацыю на сваіх сайтах, каб пазьбегнуць патоку зьнявагаў, флуду, флэйму, якія перашкаджаюць зьмястоўным дыскусіям. Вось і мы ўвялі для камэнтароў да матэрыялаў на нашым сайце рэгістрацыю праз сацсеткі. Дык можа цяперашнія юрыдычныя навацыі — у рэчышчы сусьветных тэндэнцыяў?

Паўлюк Быковскі
Паўлюк Быковскі

Быкоўскі: Яны дакладна ніяк ня ў рэчышчы сусьветнай тэндэнцыі. Рада Эўропы прыняла дэклярацыю аб свабодзе камунікацыі, дзе гаворыцца, што трэба паважаць жаданьне карыстальнікаў не раскрываць сваю асобу. Ёсьць адмысловы дакладчык ААН, які ў 2015 годзе сфармуляваў, што ананімнасьць — звычайнае чалавечае жаданьне абараніць сваю асобу ад натоўпу. Права на ананімнасьць — гэта частка правоў чалавека на свабоду выказваньня і абарона прыватнасьці. Бо што тычыцца свабоды выказваньня, вельмі цяжка ісьці супраць натоўпу, цяжка ісьці супраць большасьці, і ніхто ня хоча, каб яго меркаваньні ведалі абсалютна ўсе, але пры гэтым ён хоча іх выказваць.

Дракахруст: А натоўп ананімных троляў не стварае пагрозы для сапраўднай свабоды выказваньня? Іх паток не забівае карысны сыгнал?

Быкоўскі: Мы зараз гаворым пра розныя рэчы. Ананімнасьць ёсьць ня толькі пры выказваньні, ананімнасьць яшчэ ёсьць пры карыстаньні інтэрнэтам, карыстаньнем браўзэраў. І ўсё гэта разглядаецца і праваабаронцамі, і экспэртамі, якія займаюцца камунікацыямі ў інтэрнэце, і юрыстамі, якія працуюць пры міжнародных інстытутах, як адна агульная якасьць. Гэта важная якасьць, якая дае магчымасьць абараніцца ад таго, што будуць ведаць мае прыхільнасьці да ежы, мае прыхільнасьці ў сэксе ці чагосьці яшчэ. Калі казаць пра ананімны натоўп, то рэгістрацыя праз сацыяльныя сеткі — гэта рэгістрацыя з нікнэймамі і г.д. Узьнікае давер да таго альбо іншага нікнэйма і ён дае магчымасьць так ці інакш ставіцца да выказваньняў.

Я б тут крыху запярэчыў Людміле. Паводле ўказу № 60 у кафэ за пароль патрабавалі пашпарт. Потым гэта мянялася. Прыйшлі да дзьвюх нормаў — гэта смс-рэгістрацыя, якая прывязвае нас да правайдэра, якія ведае нашыя пашпартныя дадзеныя, і рэгістрацыя праз сацыяльныя сеткі, дзе як раз я магу быць пад нікнэймам, магу рэгістравацца на іншы емэйл, на іншы тэлефон і г.д.

У розных месцаў цяпер па-рознаму. Атрымаўся такі тлум і ўраду давядзецца выбіраць. Савет міністраў мусіць распрацаваць нейкі мэханізм на працягу трох месяцаў пасьля ўступленьня закона ў дзеяньне. Праўда, міністар Аляксандар Карлюкевіч і яго намесьнік Павал Лёгкі называлі менавіта варыянт рэгістрацыі праз смс, але яны казалі, што гэта яшчэ не прынятая норма. Таму нам яшчэ давядзецца пачакаць, каб пабачыць, што вырашыцца.

Дракахруст: І вы, Людміла, і ўладальнік парталу ТУТ.BY Юры Зісер, казалі пра шчыльную сувязь паміж аўдыторыяй рэсурсу і колькасьцю ўдзельнікаў форумаў. Хаця ўдзельнікі гэтых абмеркаваньняў — невялічкая доля ад тых, хто проста чытае рэсурс. Але там сапраўды шчыльная сувязь? Чым больш адных, тым больш іншых? Можа, калі будзе ўведзена жорсткае абмежаваньне на форумы, то людзі проста будуць чытаць, нічога не пішучы? Чаму так ня можа быць?

Чэкіна: Насамрэч, сувязь ёсьць, можа і не такая фатальная. Людзі, калі прыходзяць на інтэрнэт-рэсурс, вельмі часта іх мэтай зʼяўляецца пачытаць ня толькі навіны, але і абмеркаваньне артыкулаў. Я сама так раблю. Тых, хто арыентаваны толькі на форумы — іх мала. Але пераважна людзі прыходзяць і за тым, і за тым. Калі дыскусіі з прычыны гэтых адміністрацыйных забаронаў стануць ня надта цікавымі ці перацякуць у сацыяльныя сеткі, можна меркаваць, што беларускія сайты страцяць ладную частку сваіх карыстальнікаў.

Я не магу сказаць, што адток будзе фатальным, але думаю, што большасьць будуць спажываць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, дзе ўсе асноўныя СМІ прысутнічаюць, і дзе можна весьці шырокае абмеркаваньне, не асьцерагаючыся за сваю бясьпеку.

Вы кажаце, што людзі будуць менш пісаць зьнявагаў, калі будзе ўведзеная ідэнтыфікацыя. Але закон ня будзе патрабаваць, каб вы пісалі камэнты пад сваімі рэальнымі імем і прозьвішчам. Для большасьці чытачоў камэнтароў аўтары гэтых камэнтароў будуць працягваць выкарыстоўваць тыя ж нікнэймы і яны застануцца такімі ж ананімнымі. Ананімнасьць зьнікне толькі адносна праваахоўных органаў. Праваахоўныя органы атрымаюць магчымасьць удакладніць усе дадзеныя любога карыстальніка, які пакіне камэнтар на беларускім сайце. Іншыя карыстальнікі будуць бачыць адно аватарку, нікмэйм, тут нічога ня зьменіцца.

Ці спатрэбіцца Радыё Свабода дазвол беларускіх уладаў?

Дракахруст: Павал, яшчэ адзін пункт, даволі дзіўны. Прадугледжанае абмежаваньне ўдзелу замежнікаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы. Што гэта азначае? Там фігуруе нейкае паняцьце дазволу. Нашае радыё мае сайт у даменнай зоне «org». Мы працуем на беларускай мове, відавочна, што нашая аўдыторыя — гэта беларуская аўдыторыя. Нам трэба будзе атрымліваць нейкі дазвол ці наш сайт будзе заблякаваны з-за таго, што ў нас гэтага дазволу няма?

Быкоўскі: Я адразу скажу, што для вас гэта нічога не мяняе і патлумачу чаму. У існай рэдакцыі закону ў артыкуле 17 ёсьць пункт 5: «Прадукты замежнага сродку масавай інфармацыі, якая распаўсюджваецца па Рэспублікі Беларусь бяз зьмены формы альбо зьместу, можа быць распаўсюджаная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасьля атрыманьня замежным СМІ адпаведнага дазволу ў рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры масавай інфармацыі». Гэта тая норма, якая ёсьць сёньня. У новай рэдакцыі ён дапоўнены словамі «распаўсюд прадукцыі замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без наяўнасьці дазволу на распаўсюд прадукцыі забараняецца».

Сёньня міністэрства інфармацыі выдае такія дазволы для замежных друкаваных выданьняў і для тэле- і радыёпраграмаў. Адметна, што для друку дазвол бестэрміновы, а для электронных СМІ толькі на тры гады. На сёньня ёсьць дазвол на распаўсюд 197 замежных праграмаў і 66 друкаваных выданьняў. Калі казаць пра друк, то гэта пераважна выданьні з Расеі, толькі каля дзесяці з Украіны. Калі казаць пра тэлепраграмы, то тут таксама пераважаюць расейскія праграмы і рускамоўныя забаўляльныя праграмы заходніх выдаўцоў. Калі казаць пра грамадзка-палітычныя каналы, то ні Белсату, ні нават CNN альбо BBC у сьпісе няма. Як і Радыё Свабода. Але ёсьць Euronews, Foxnews, RTVI.

Дракахруст: А інтэрнэт? Павінна ж быць нейкая лёгіка. Калі інтэрнэт-выданьні — гэта СМІ, то значыць правіла павіннае дзейнічаць і адносна іх. Праўда, зь іншага боку, што значыць распаўсюд? Скажам, сайт Радыё Свабода існуе ў інтэрнэце. І беларусы могуць на яго заходзіць. Гэта распаўсюд?

Быкоўскі: Зараз ёсьць норма. Яна фактычна не памянялася. Дзейсны парадак выдачы дазволу патрабуе прадстаўляць экзэмпляры друкаваных выданьняў, запіс адной тэлеперадачы, запіс радыёпраграмы і г.д. То бок інтэрнэту там няма. Магчыма, савет міністраў прыдумае нешта новае і прадугледзіць іншы парадак.

Чэкіна: Зараз практыка склалася такім чынам, што гэта норма літаральна адносна інтэрнэт-рэсурсаў не дзейнічае. Новае заканадаўства асаблівых зьменаў саміх нормаў не прыносіць. Іншая справа, калі праваўжывальная практыка разьвернецца на 180 градусаў. Але гэта наўрад ці, таму што тады мы будзем бачыць сапраўды каляпс у інтэрнэце, што будзе скандальна. Таму я думаю, што наўрад ці нешта зьменіцца па гэтаму пытаньню.

Ці гатовыя ўлады пайсьці на саступкі?

Дракахруст: Калегі, мы з вамі пачалі з таго, што гэтая кропка, якая была пастаўленая першым чытаньнем закону, усё-такі не апошняя. Будзе другое чытаньне законапраекту. Вось па таму, як ішло абмеркаваньне, штосьці можа быць скарэктаванае пад узьдзеяньнем даволі моцных імпульсаў, якія ідуць ад грамадзтва? У сваіх інтэрвію міністар Карлюкевіч наўпрост спрачаўся з кіраўнікамі інтэрнэт-выданьняў, так што сказаць, што яны проста нічога ня чуюць — ня зусім правільна. Але вось яны чуюць ды робяць па-свойму ці ўсё ж неяк карэктаваць свае падыходы яны могуць?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Чэкіна: Я пэсыміст у гэтым пытаньні, паколькі прычынай прыняцьця гэтых зьменаў зьяўляецца абсалютна відавочна жаданьне ўзмацніць кантроль. І нейкія аргумэнты з боку грамадзтва і мэдыя ня будуць пачутыя. Магчыма, будуць скарэктаваныя некаторыя працэдурныя моманты, некаторыя памылкі юрыдычныя, якія ёсьць у тэксьце, але наўрад ці нешта моцна зьменіцца па сутнасьці гэтых нормаў. Я думаю, практычна гэтыя зьмены будуць прынятыя ў другім чытаньні ў той жа рэдакцыі.

Быкоўскі: Усё могуць каралі, як вядома. Але калі яны ставяць за мэту большы кантроль за інтэрнэтам, то хутчэй за ўсё памяншаць яны яго ня будуць. І рэглямэнты, і рэальная практыка сьведчаць, што канцэптуальныя зьмены ў другім чытаньні пры прыняцьці законапраекту рабіць ня будуць, бо так ня робіцца. Больш за тое нават у першым чытаньні закон прымаўся ў аўтарскай рэдакцыі і не ўлічваў прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў і асобны законапраект дэпутата Ганны Канапацкай.

Праўда, прыемна адрозьненьне ад прыняцьця дзейснага закону. У сьнежні 2014 году яго прынялі адразу ў двух чытаньнях, то бок фактычна не было магчымасьці нават усунуцца і выказаць свае прапановы паміж чытаньнямі. Зараз такая магчымасьць ёсьць. Невядома, калі будзе другое чытаньне. Пры гэтым міністар наўпрост кажа, што ён сустракаўся і з кіраўніком Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом, што выслухаў усе бакі. Праўда, гэта ня значыць, што выслуханае будзе прынятае да рэалізацыі.

Што хутчэй за ўсё ня будзе папраўленае, дык гэта поўная татальная забарона ананімнасьці ў беларускім інтэрнэце. Чыноўнікі ня бачаць, у чым заключаецца каштоўнасьць ананімнасьці, а выдаўцы нават ужо не спрабуюць абараніць гэту каштоўнасьць, бо напэўна зьмірыліся з тым, што рашэньне ўжо прынятае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG