Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі лідзкая раёнка, якую абвінавацілі ў распальваньні варожасьці, стала расейскамоўнай?


Пытаньне, вынесенае ў загаловак, я б нават сфармуляваў крыху даўжэй: як і калі газэта ў статысячнай Лідзе перастала быць беларускамоўнай? Чаму мяне гэтае пытаньне зачапіла? Бо лідзкае выданьне — радок з маёй асабістай журналісцкай біяграфіі. Менавіта там я рабіў першыя свае крокі ў беларускай мове.

Зьдзеклівая публікацыя пра беларускую мову і яе прыхільнікаў, падпісаная Антонам Быстрыцкім, сьведчыць, што стыль савецкіх газэт сталінскіх часоў не супярэчыць прэсе часоў Лукашэнкі. Свабода паспрабавала высьветліць, хто такі Антон Быстрыцкі, і не змагла. Ён можа быць шматаблічным, а можа — безаблічным. Такія рэчы пішуць пад псэўданімам.

Лідзкую раённую газэту абвінавацілі ў распальваньні нацыянальнай варожасьці

Была некалі беларуская газэта «Ўперад»

Актывісты Партыі БНФ не пакінулі антыбеларускую публікацыю без увагі, напісалі ў Міністэрства інфармацыі, мясцовай уладзе, у раённую пракуратуру. У адным яны памыляюцца: «Лідзкую газэту» зрабіла цалкам рускамоўнай зусім не цяперашняя рэдактар, а ранейшы.

Некалі «лідзкая аб’яднаная» (што азначала адначасова — гарадзкая і раённая) газэта «Ўперад» выходзіла на беларускай мове. У савецкія часы. І дасягала накладу дваццаці тысяч. Чым ганарыўся рэдактар Аляксандар Жалкоўскі.

Як вядома, частка раёнак у Гарадзенскай вобласьці ў савецкі час выходзілі на расейскай мове. Тлумачэньне? Сярод насельніцтва вялікая колькасьць палякаў. Лёгіка была яўна перакручанай, выразна расейскай. Вясковыя людзі размаўлялі па-беларуску, дзеці наведвалі беларускія школы. Але начальства палічыла, што газэтку ім трэба даць такую, як недзе ў Тамбоўскай вобласьці. Друкавалі б ужо тады на польскай, раз такія разумныя...

Я рыхтаваўся паступаць на факультэт журналістыкі. Было толькі адно слабае месца: дагэтуль ніколі не сутыкаўся зь беларускай мовай. Пасьля расейскай школы ў Літве і службы ў арміі апынуўся ў Лідзе. Выразкі з публікацыямі, патрэбныя для паступленьня, меў толькі з вайсковай газэткі. Мама мне параіла надрукавацца ў раёнцы. Так я пазнаёміўся з Жалкоўскім.

Аказалася, што рэдактарам «Уперад» быў беларус, а намесьнікам — Іван Швакель, паляк. Паміж імі можна было заўважыць пэўнае саперніцтва. Жалкоўскі паходзіў з суседняга Шчучынскага раёну, наколькі памятаю, з Дэмбрава. У савецкіх умовах яму ўдавалася, каб газэта была ня толькі «весьнікам бітвы за ўраджай». Ён кіраваў мясцовай філіяй таварыства савецка-польскай дружбы, знаўся зь літаратарамі ПНР, з Ежы Путрамантам, чытаў польскія кнігі і прэсу. Словам, перавышаў сярэднестатыстычнага рэдактара раёнкі.

Яшчэ такі момант: у Лідзе таксама быў немалы адсотак палякаў плюс два штабы дывізій — значыць, нямала расейцаў. Цалкам газэту маглі перавесьці на расейскую, але не перавялі.

Жалкоўскага замяніў Швакель

Як бадай любы намесьнік, Швакель быў ня супраць рэдактарскага крэсла. Але яно было занятае. Наколькі памятаю, ён пагадзіўся тады на рэдактарства ў меншым райцэнтры, але вярнуўся ў Ліду, калі Жалкоўскі зьмяніў працу. Мы з Жалкоўскім сталі працаваць у адной рэдакцыі — у «Гродзенскай праўдзе», ён — лідзкім карэспандэнтам. Калі я бываў у бацькоў у Лідзе, нават і пазьней, калі працаваў ужо ў «Пагоні», затым у «Свабодзе», ён прыходзіў на аўтавакзал, каб перадаць свае матэрыялы ў «Гродзенскую праўду». Памятаю дагэтуль ягоны чытэльны почырк. Ён працягваў дасылаць падборкі інфармацыі і быўшы на пэнсіі, ня мог не пісаць.

Словам, Жалкоўскі быў маім першым беларускамоўным рэдактарам. Ён мяне любіў і, калі мяне хацелі запраторыць у далёкі райцэнтар, таксама паспрыяў чым мог. Памятаю, як аднойчы сутыкнуліся зь ім у Горадні, і я падпісаў яму на лавачцы ля дома (падымацца яму было ўжо цяжка) сваю кнігу «Цэнзарскія нажніцы». Зрабіў гэта зь вялікай прыемнасьцю. Апошні раз мы бачыліся ля царквы і помніка Ларысе Геніюш у Зэльве, Аляксандар Васілевіч прыяжджаў са Станіславам Суднікам. Быў пасьля інсульту, цяжка было размаўляць чалавеку. Між іншым, у яго была своеасаблівая манера размовы. Прычым ён гаварыў нібы на польскі лад, такое ўзьнікала ўражаньне.

Беларускаму патрыёту, краязнаўцу, яму было цяжка назіраць за імклівай пераменай, што адбылася зь некалі роднай газэтай. Як вядома, напачатку 1990-х раёнкі сталі мяняць шыльды. «Ленінскія» і «камуністычныя» на больш газэтныя. Так «Уперад» стала называцца «Лідскай газетай». Але калі ў некаторых рэдакцыях кароткае адраджэньне выкарысталі для беларусізацыі, як адбылося, напрыклад, у Сьвіслачы, дзе раёнка была дагэтуль расейскамоўнай, то іначай адбывалася зь лідзкай.

Чытач Жалкоўскі піша ў міністэрства

Дайшло да таго, што аднойчы чытач «Лідскай газеты» Аляксандар Жалкоўскі накіраваў ліст у Міністэрства інфармацыі. Ён пісаў, што шыльда газэты беларуская і што пазначана — «газэта выдаецца на беларускай і расейскай мовах». Аднак беларускіх тэкстаў у ёй не засталося, у лепшым разе адна неабавязковая нататка на апошняй старонцы. А гэта парушэньне, зазначыў ён.

Яму прыйшоў пісьмовы адказ на беларускай мове з подпісам Ліліі Ананіч, тады намесьніцы міністра. Яна пагадзілася з Жалкоўскім, яму паабяцалі, што разьбяруцца і нават, наколькі памятаю, «пакараюць». Але нічога не зьмянілася. Ну сталі часам друкаваць на адну ці дзьве нататкі болей на беларускай мове.

З газэтай пры Швакелю адбылася мэтамарфоза савецкага ўзору — паляк зрабіў зь беларускай газэты расейскую. Пачаў «з чыстага аркуша». Хоць я ведаю нашых палякаў, для каго дарагое ўсё беларускае. Такія людзі мне бліжэйшыя. Як ведаю нямала аматараў беларушчыны, для каго польская культура зусім не чужая. І сам сябе да іх залічваю.

Што пра іх захавала сеціва?

Мне захацелася ўдакладніць пра Швакеля, але ў інтэрнэце зьвестак пра яго не знайшоў. Прозьвішча трапілася толькі двойчы. Дзесяць год таму ў Лідзкім раёне была заўважаная чалавекападобная істота. У многіх выданьнях паявіліся такія зьвесткі: «Фоторобот этого существа был составлен сотрудниками „Лидской газеты“. „Фоторобот составлен по описанию 15 человек, видевших его. То, что это именно обезьяна, а не человек, сомнений нет“, — заявил агентству главный редактор газеты Иван Швакель». Затым у рэдакцыі сталі абвяргаць: ніякага фатаробата не было, гэта выдумкі сталічных журналістаў.

І яшчэ адна згадка пра галоўнага рэдактара Швакеля. Лідзкі паэт Пётра Макарэвіч (ужо нябожчык) востра напісаў у «Народнай Волі» пра тое, як у Лідзе абвясьцілі конкурс на найлепшы верш і песьню да чарговага юбілею гораду і як «келейна» начальства разьмеркавала першыя месцы. Творы дасылалі для друку ў рэдакцыю газэты, але рэдактар Швакель не надрукаваў ніводнага з чатырох сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, што жылі тады ў Лідзе і вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе. Адным зь іх быў сам Макарэвіч.

Такія дзьве згадкі пра былога рэдактара. Адна даволі камічная, другая — крытычная. Што датычыць Аляксандра Жалкоўскага, то пра яго ў сеціве зьвесткі маюцца, і здымак таксама.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG