Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія горкі, лад жыцьця, эрас, эмоцыі... Як становяцца спартовымі заўзятаркамі

абноўлена

У цэнтры заўзятарка Юлія Ляшкевіч.

Чым адрозьніваюцца заўзятары ад заўзятарак? Чым адметны Чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі? Ці варта заўзець за расейскія спартовыя каманды, калі няма магчымасьці падтрымаць беларускую каманду?

Абмяркоўваюць спартовыя заўзятаркі — паэтка Наста Кудасава, журналістка Юлія Коцкая, рэклямная кансультантка Юлія Ляшкевіч, спэцыялістка ў сфэры турызму Вікторыя Дарагонька і студэнтка ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Ірына Ванцлаў.

Як становяцца спартовымі заўзятаркамі?

  • Юлія Ляшкевіч: Першай камандай, якая мяне пазнаёміла з прыгажосьцю футболу, была зборная Аргентыны. Потым была зборная Галяндыі, якая навучыла мяне, што футбол — гэта разумная гульня.
  • Наста Кудасава: Як паэт ты жывеш у сабе, у цябе вельмі мала сяброў. І вось праз гэтую любоў да футболу, якая са мной здарылася, я пачала адчуваць сябе далучанай да сусьвету.
  • Юлія Коцкая: Я магу спакойна пераключацца з футболу на мастацкую гімнастыку, на цяжкую атлетыку. Нацыянальным відам спорту, які мне троху бліжэй, я б назвала гандбол. Спорт — гэта неверагодныя эмоцыі і мэтанакіраванасьць людзей у прафэсіі.
  • Вікторыя Дарагонька: Я — заўзятарка баскетбольнай каманды «Цмокі» (Менск). На дадзены момант у нашай краіне гэта самая моцная каманда і, на жаль, адзіная, якая гуляе на міжнародным узроўні.
  • Ірына Ванцлаў: Неяк з братам засталіся ў вёсцы ўдваіх. Там быў толькі адзін канал па тэлевізары, ішоў хакей, і мы з братам глядзелі. З тых часоў у мяне зьявілася гэтая любоў.

«Футбол для мяне гэта і гульня, і захапленьне, і у некаторай ступені лад жыцьця»

Ганна Соўсь: За каго вы заўзееце, наколькі актыўна падтрымліваеце ўлюблёныя каманды, як сталі заўзятаркамі і што гэта вам дае?

Юлія Ляшкевіч.
Юлія Ляшкевіч.

Юлія Ляшкевіч: Я заўзею за зборную Італіі. Я яе падтрымліваю, ежджу на чэмпіянаты сьвету і чэмпіянаты Эўропы, была на многіх гульнях на стадыёне. Першае сутыкненьне з футболам — 1982 год, чэмпіёнства «Дынама» (Менск) і выхад Польшчы ў паўфінал на чэмпіянаце сьвету. Потым быў 1986 год — перамога Аргентыны, адзін з самых лепшых чэмпіянатаў сьвету ўвогуле, і мне пашанцавала яго назіраць. Я вельмі люблю футбол. Для мяне гэта і гульня, і захапленьне, і у некаторай ступені лад жыцьця.

Ганна Соўсь: Ці вы заўзееце за канкрэтны клюб ці за зборную Італіі?

Юлія Ляшкевіч: Гэта і канкрэтны клюб «Ювэнтус», і зборная. Гэта быў доўгі шлях. Першай камандай, якая мяне пазнаёміла з прыгажосьцю футболу, была зборная Аргентыны. Потым гэта была зборная Галяндыі, якая навучыла мяне, што футбол — гэта разумная гульня.

Я пачынала з таго, што глядзела на Ван Бастэна ў «Міляне», а потым пабачыла «Ювээнтус», дзе гуляў Алейнікаў. Мне спадабаўся сам стыль гульні. Ня вельмі многа заўзятараў любяць стыль катэнача. Можна сказаць, у нас гэта адзінкі, але ёсьць. Таму зборная Італіі мне вельмі блізкая.

«Для мяне падавалася вар’яцтвам, што людзі сочаць за мячыкам»

Наста Кудасава.
Наста Кудасава.

Наста Кудасава: Я таксама заўзею за «Ювэнтус», але ў мяне зусім іншы шлях. Я ня так даўно пачала цікавіцца футболам, два зь нечым гады, але гэта было для мяне адкрыцьцё, якое проста цалкам зьмяніла мой сусьвет і маё жыцьцё. Раней я ніяк не цікавілася спортам і ўсімі гэтымі спаборніцтвамі. Мне было незразумела, чаму многія вельмі цікавыя, разумныя, адукаваныя людзі прыкаваныя да гэтых тэлевізараў. Гэта падавалася мне вар’яцтвам, што людзі сочаць за мячыкам, і гэта можа быць цікава.

Я зразумела, што проста не магу жыць бяз гэтай каманды.

Потым у нейкі момант як адкрыцьцё здарылася. Мне мой сябар расказаў, паказаў многія каманды, растлумачыў, у чым сэнс, наколькі там жывыя, аголеныя людзі, наколькі яны адкрываюцца сваімі характарамі на полі. І я, што называецца, уехала, што там адбываецца. А потым стала заўзятаркай канкрэтна гэтай каманды. Я глядзела вельмі шмат матчаў самых розных гадоў, цікавілася, чытала, і паступова як нейкае каханьне прыйшло. Я зразумела, што проста не магу жыць бяз гэтай каманды. Я іх усіх люблю, гэта як мая сям’я. Я прызналася сабе, што стала заўзятаркай, хоць ніколі не зьбіралася ёю быць у жыцьці і думала, што гэта мяне абміне.

Паэт — гэта такая індывідуалістычная справа. Ты жывеш у сабе, у сваім вельмі індывідуальным сьвеце, у цябе вельмі мала сяброў. І вось праз гэтую любоў да футболу, якая са мной здарылася, праз любоў да гэтай каманды, я пачала адчуваць сябе далучанай да сусьвету, да сьвету самых розных людзей, розных краін, розных моваў, розных прафэсій, абсалютна непадобных да мяне. І мне вельмі падабаецца гэтая зазямлёнасьць. Гэта штосьці зямное, здаровае, жыцьцесьцьвярджальнае, такі вось эрас, тое, што натхняе жыць.

Ганна Соўсь: Ці вы ў кантакце зь іншымі заўзятарамі, заўзятаркамі?

Наста Кудасава: Я — хатняя заўзятарка, я не была на стадыёне, у мяне проста няма пакуль фізычных і фінансавых магчымасьцяў наведваць. Таму я ўвесь час удзельнічаю ў розных суполках у фэйсбуку, ўкантакце, на нейкіх форумах сяджу, чытаю навіны штодня, сачу за турнірнымі табліцамі, за ўсімі чэмпіянатамі.

«Для мяне спорт — гэта неверагодныя эмоцыі і мэтанакіраванасьць людзей у прафэсіі»

Юлія Коцкая.
Юлія Коцкая.

Юлія Коцкая: Я не абсалютна тыповая футбольная заўзятарка. Мой шлях да спорту, дарэчы, пачаўся з хакею. Гэта ўсё адбылося яшчэ ў 1992-м годзе на зімовай Алімпіядзе. Я тады жыла разам з бацькамі ў амбасадзе СССР у Этыёпіі. А як заўзеюць савецкія людзі ў савецкай амбасадзе за савецкі хакей (хоць тады ўжо была зборная СНД), гэта не перадаць словамі. Не далучыцца да гэтай хвалі было немагчыма.

Што такое спорт для мяне? Гэта неверагодныя эмоцыі.

Наступнай вехай стаў футбол, Чэмпіянат сьвету ў ЗША. Тады для мяне кумірам стаў Рабэрта Баджо са зборнай Італіі, пазьней я заўзела за «Ювэнтус» доўгі час. Цяпер, праўда, мае густы зьмяніліся, і гэта ўсё ж Галяндыя і Англія, нягледзячы на тое, як яны гуляюць, трапляюць ці не трапляюць на чэмпіянаты.

Для мяне няма адзінага віду спорту. Напрыклад, найлепшымі трэнэрамі для мяне зьяўляюцца беларускі гандбольны трэнэр Спартак Мірановіч і сэр Алекс Фэргюсан. Я ўвогуле магу спакойна пераключацца з футболу на мастацкую гімнастыку, на цяжкую атлетыку. І ўсё ж нацыянальным відам спорту, відам спорту, які мне троху бліжэй, я б назвала гандбол. Што такое спорт для мяне? Гэта неверагодныя эмоцыі, якія нехта атрымлівае на канцэрце ці нейкіх іншых месцах, і гэта мэтанакіраванасьць людзей у прафэсіі.

«Я — заўзятарка "Цмокі" (Менск), і раблю многа для таго, каб захопленых гэтай гульнёй станавілася ўсё болей»

Вікторыя Дарагонька.
Вікторыя Дарагонька.

Вікторыя Дарагонька: Я не футбольная заўзятарка, хоць з футболам мяне зьвязваюць даволі доўгія адносіны — у свой час мой бацька гуляў у любіцельскай камандзе, і таму з правіламі я знаёмая зь дзяцінства, у юнацкія гады часта з татам за кампанію глядзела матчы. Але актыўная заўзятарка я — у баскетболе. Стала ёй, можна сказаць, выпадкова. Адзін знаёмы запрасіў паглядзець гульні нацыянальнай зборнай па баскетболе, мы зь сяброўкай з радасьцю пагадзіліся, схадзілі на дзьве гульні. І ўжо шосты год не прапускаю ніводзін матч, ніводную гульню, па магчымасьці і выязныя гульні. Гэта вельмі хутка зацягвае. Я застаюся аматарам аднаго віду спорту.

Ганна Соўсь: І адной каманды?

Вікторыя Дарагонька: Так, нашай. Для мяне яшчэ вельмі важная гульня. Калі гульня прыгожая, цікавая, то я з задавальненьнем магу глядзець розныя віды спорту. Я зьяўляюся заўзятаркай каманды «Цмокі» (Менск) і раблю даволі многа для таго, каб нас, заўзятараў, захопленых гэтай гульнёй, станавілася ўсё болей. На дадзены момант у нашай краіне гэта, бадай, самая моцная каманда. І, на жаль, адзіная каманда, якая гуляе на міжнародным узроўні.

«Гэта такі наплыў эмоцый як амэрыканскія горкі»

Ірына Ванцлаў.
Ірына Ванцлаў.

Ірына Ванцлаў: Я заўзею за хакейную каманду «Дынама» (Менск). Зараз я падтрымліваю каманду ня так актыўна, як раней, і радзей наведваю «Менск-арэну». Цяпер у мяне не заўсёды ёсьць час, але я працягваю сачыць за вынікамі «Дынама». Заўзятарства — гэта ня толькі любоў да сваёй каманды, але і розныя эмоцыі, што вельмі важна ў нашым жыцьці.

Ганна Соўсь: Ці толькі за «Дынама» (Менск) заўзееце? Ці падтрымліваеце нацыянальную хакейную зборную?

Ірына Ванцлаў: Канешне, на чэмпіянаце нацыянальную зборную падтрымліваю. А ў некаторых выпадках падтрымліваю фінскую зборную і фінскія каманды. Люблю Фінляндыю!

Як я стала заўзятаркай? Неяк з братам засталіся ў вёсцы ўдваіх. Там ішоў толькі адзін канал па тэлевізары, ішоў хакей, і мы з братам глядзелі. З тых часоў у мяне зьявілася гэтая любоў. Калі забітая шайба, ці калі каманда перамагае, гэта такі наплыў эмоцый як амэрыканскія горкі. Вы едзеце некуды нагару, і калі вы спускаецеся, то ў вас проста бура эмоцый. Вось так і тут.

«Я ня вельмі падзяляю вялікі энтузіязм наконт каманды Ісьляндыі»

Ганна Соўсь: Цяпер адбываецца Чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі. Аглядальнікі адзначаюць, што ён адметны тым, што традыцыйна моцныя каманды здаюць пазыцыі, а больш цікавымі і яркімі становяцца раней мала вядомыя каманды. Чым для вас цікавы гэты чэмпіянат, і якія гульні вы не прапусьцілі бы ні ў якім разе?

Юлія Ляшкевіч.
Юлія Ляшкевіч.

Юлія Ляшкевіч: Ён вельмі цікавы, але нельга сказаць, што традыцыйныя каманды здаюць. Па-першае, у камандаў бывае, што называецца, перазьменка, калі мяняюцца пакаленьні, і нейкія каманды слабеюць. Яны павінныя перажыць выхад новага пакаленьня, яго адаптацыю і іншае. Тут вельмі цікавыя стратэгіі. На гэтым чэмпіянаце вельмі многа адкрытага футболу. На жаль, апошнім часам была тэндэнцыя да таго, што ўсе вельмі акуратна гралі, настолькі баячыся прайграць, што ўжо пераставалі рызыкаваць.

Я не вельмі падзяляю вялікі энтузіязм наконт каманды Ісьляндыі. Я бы сказала, яна паказвае не гульню, а хутчэй уменьне выстаяць супраць моцнага саперніка. Але гэта вельмі цікава, бо гэта непрадказальныя вынікі і цікавыя галы.

Як Ісьляндыя стала футбольнай нацыяй безь вялікага стадыёну. Тлумачыць адзін з самых вядомых ісьляндцаў

Наста Кудасава: Для мяне неспадзяванкай было найперш тое, што італьянцы не прайшлі, і я ў такой разгубленасьці засталася, за каго заўзець. У 2016 годзе я заўзела ня толькі за Італію, але і за Ісьляндыю. Яны тады натхнілі ўсіх вельмі моцна. Ясна, што сёлета ўсе чакаюць, што ж будзе далей, што ж ісьляндцы пакажуць. Ня ведаю, што пакажуць, але прынамсі мне цікава сачыць за тым, што ў іх адбываецца.

Калі вы кажаце пра тое, што больш слабыя каманды зьдзіўляюць, то гэта наадварот заахвочвае ў гульні, калі ты не чакаў, а цябе хтосьці зьдзівіў. Таму мне падабаецца сачыць. Нядаўна глядзела, як гулялі Аргентына з Харватыяй, можа быць, яшчэ нейкія матчы буду глядзець па меры таго, як буду пасьпяваць. Чыста для цікавасьці — я ня ведаю, за каго буду заўзець — дзеля прыгожай гульні.

«У мяне раней не было такога чэмпіянату, каб я глядзела 90% гульняў»

Юлія Коцкая на стадыёне Саньцьяга Бэрнабэу ў Мадрыдзе разам з сынам Данікам
Юлія Коцкая на стадыёне Саньцьяга Бэрнабэу ў Мадрыдзе разам з сынам Данікам

Юлія Коцкая: Я скажу адразу, што ў мяне раней не было такога чэмпіянату, каб я глядзела 90% гульняў. Я ніколі ня думала, што зь цікавасьцю буду глядзець гульні Перу, Нігерыі. Мой сын, праўда, кажа, што на гэтым Чэмпіянаце сьвету ў футбол не ўмее гуляць ніхто, таму што рэальна такія слабыя каманды дастаткова моцна гуляюць, і моцныя каманды сябе ня тое, каб паказваюць. Але для мяне гэта адзін зь першых чэпіянатаў, у якім цікава ўсё. Хоць я стаўлю, напэўна, на перамогу харватаў ці партугальцаў.

Вікторыя Дарагонька: Гэта спорт, і тут вынік не заўсёды прадказальны. Можа быць, у гэтым ёсьць галоўны інтарэс, таму што нецікава глядзець прадказальныя гульні, ты ўжо загадзя ўпэўнены, хто выйграе. Чым больш інтрыгі, непрадказальнасьці, тым больш гэта цікава. Магчыма, як і Юлія, я сёлета трымаю кулакі за Харватыю.

«Я не паехала на чэмпіянат менавіта таму, што гэты чэмпіянат праходзіць у Расеі»

Ганна Соўсь: Гэты чэмпіянат вызначаецца і даволі істотным палітычным складнікам, паколькі адбываецца ў Расеі, якая анэксавала Крым, удзельнічае ў ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне, у якой ёсьць палітвязьні, супраць якой уведзеныя заходнія санкцыі. Ці гэта штосьці значыць для вас як для заўзятарак? Калі б была магчымасьць бясплатна трапіць на гульні ў Расеі, ці вы скарысталіся б?

Сацыяльны праект Юліі Ляшкевіч дзеля абароны правоў чалавека, узьняцьця праблемы палітвязьняў падчас хакейнага чэмпіянату ў Менску ў 2014 годзе.
Сацыяльны праект Юліі Ляшкевіч дзеля абароны правоў чалавека, узьняцьця праблемы палітвязьняў падчас хакейнага чэмпіянату ў Менску ў 2014 годзе.

Юлія Ляшкевіч: Натуральна, уплывае. Я не паехала на чэмпіянат менавіта таму, што гэты чэмпіянат праходзіць у Расеі, хоць мне вельмі шкада. Я разумею, наколькі здорава быць у гэтай атмасфэры. Гэта заўсёды палка з двума канцамі. Гэта было і ў нас, калі ў нас быў Чэмпіянат сьвету па хакеі, таму што з аднаго боку ня вельмі здорава, што ў краіне з такім рэжымам праходзіць такое мерапрыемства, але з другога боку любое такое спаборніцтва — гэта вельмі вялікая свабода. Людзі, калі зь ёй сутыкаюцца, разьнявольваюцца, бачаць вялізную колькасьць людзей, разумеюць, што сьвет ня поўны так моцна ворагамі, як яны думалі.

Па-другое, гэта заўсёды сьвята асобага духу. Калі мы будзем праводзіць паралелі і ўзгадаем Алімпіяду ў фашысцкай Нямеччыне, то з аднаго боку, было вельмі сумна, што яна там праходзіла, але зь іншага боку, мы ўсе памятаем трыюмф Джэсі Оўэнса, і ён быў вельмі значным, і вельмі многа паказваў. Таму тут усё складана.

Ганна Соўсь: Не заўзятарам значна прасьцей байкатаваць такія чэмпіянаты...

Юлія Ляшкевіч: Не заўзятары па вызначэньні іх ігнаруюць. Напрыклад, я не гляджу біятлён. Ці ігнарую я біятлён ці зімовыя Алімпійскія гульні ў Расеі, якія мне нецікавыя? Няма вялікага ў гэтым учынку.

«Добра, што там хтосьці байкатуе, пратэстуе, але я б хацела, каб спорт быў спортам»

Пачатак чэмпіянату ў Расеі.
Пачатак чэмпіянату ў Расеі.

Наста Кудасава: З аднаго боку, пра гэта забыцца нельга, і гэта стварае пэўную атмасфэру. І добра, што ёсьць людзі, якія спрабуюць прыцягнуць увагу да праблем, якія ёсьць у краіне. Добра, што хтосьці байкатуе, пратэстуе, ладзіць акцыі. Але тым ня менш, я б хацела, каб спорт быў спортам, як Алімпійскія гульні, калі спыняліся войны раней падчас іх. Мне б хацелася, каб людзі адчулі іншы дух. Апрача нэгатыўнага ўсё-такі быў нейкі пазытыўны момант, каб мы не забывалі, што ёсьць ня толькі войны і палітзьняволеныя, але яшчэ ёсьць гульня, і яна аб’ядноўвае ўсіх. Таму я ня буду байкатаваць, я буду глядзець. Ня думаю, што я магу неяк паўплываць на тое, што адбываецца, шчыра кажучы.

«Я бы не паехала 100%, калі б спаборніцтвы праходзілі ў Крыме»

Юлія Коцкая: Я часткова згодная зь дзяўчатамі, але я вельмі не люблю такія аргумэнты, калі кажуць, асабліва спартоўцы ці блізкія да спорту, што я — за спорт, я — па-за палітыкай. І я не палітык, і што? Таму ты ня ведаеш, як ставіцца да вайны, да палітзьняволеных, да дзяржаўных сымбаляў? Для мяне часамі выглядае гэта дзіўна, таму што перш за ўсё ты — чалавек, маеш нейкі погляд, нейкую пазыцыю, тэнісіст ты ці футбаліст, айцішнік, эканаміст.

Вялікі футбол у Расеі: арэны, гульні і ўдзельнікі чэмпіянату сьвету — 2018

Я не люблю байкот і ігнараваньне, бо я лічу гэта кепскім мэтадам выказваньня сваёй пазыцыі. Што да мяне як заўзятаркі, то, напрыклад, я проста люблю Беларусь і заўсёды заўзею за беларусаў, і мне гэта важна, але на арэнах, на якіх я прысутнічаю, калі гучыць беларускі гімн і падымаецца дзяржаўны сьцяг, я не ўстаю. Гэта мая пазыцыя не да спартоўцаў, не да таго, што адбываецца на спартовай пляцоўцы, а да палітыкі дзяржавы, якая мне не зусім падабаецца. І таму на Чэмпіянат сьвету ў Расеі я б паехала. Ня ведаю, якім чынам я б праявіла там сваю нязгоду з той палітыкай, якую праводзіць Расея, але, думаю, знайшла бы. Я бы не паехала 100%, калі б спаборніцтвы праходзілі ў Крыме.

Вікторыя Дарагонька: Для мяне спорт і палітыка — рэчы розныя. Я падтрымліваю алімпійскі прынцып, калі на час гульняў прыпыняліся войны. Для мяне гэта якраз магчымасьць для людзей пакамунікаваць, пабачыць, што адбываецца, зьвярнуць увагу на рэчаіснасьць у краіне, і адкінуць прынамсі на нейкі час сваю нянавісьць, нязгоду, нэгатыў і насалоджвацца працэсам, заўзець, атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад выйгрышу ўлюбёнай каманды, навакольнай атмасфэрай.

«Для мяне Расея — адна з многіх краін. "Нашы" — гэта беларусы»

Ганна Соўсь: Ці заўзелі вы калі-небудзь за расейскія спартовыя каманды, калі не было магчымасьці падтрымаць беларускую каманду?

Юлія Ляшкевіч: Ніякай палітыкі. Я не люблю манеру гульні трох каманд — Францыі, Нямеччыны і Расеі, гэта тры каманды, за якія я не заўзею. Мне ніколі не падабаўся іх стыль гульні. Ёсьць каманда, супраць якой я заўзею заўсёды прынцыпова — гэта каманда Украіны і любы ўкраінскі клюб. Хто памятае 1987 год, напэўна зразумее, чаму. Да палітыцы яшчэ не дайшло ў мяне. Усё здарылася на ўзроўні гульні і вельмі даўно.

Наста Кудасава: Тут залежыць усё ад гульні, я люблю прыгожую гульню. Кожны раз у кожнай гульні нейкія фаварыты ўзьнікаюць. Ці заўзела б я за расейскую каманду, калі б не было беларускай, для мяне нават такога пытаньня не паўстае. Для мяне Расея — адна з многіх краін, адна з краін-суседак, якія тут побач ёсьць, і ніколі паняцьце «нашы» не замяняю ніякім іншым. «Нашы» — гэта беларусы. Усе астатнія — гэта ўсе астатнія, ну а сымпатыі могуць быць розныя, у залежнасьці ад сытуацыі.

Юлія Коцкая: Я ніколі не заўзею па нейкім нацыянальным прынцыпе, акрамя таго, што гэта беларусы, і гэта нашы. Калі да футболу, то расейцы мне ня блізкія па стылі таксама, як Юліі французы, я таксама ня вельмі іх люблю ў футболе. Але калі мы не бярэм футбол, то я за расейцамі, напрыклад, сачу ў фігурным катаньні, і ў часы трэнэра Карполя вельмі любіла расейскую жаночую валейбольную зборную.

Вікторыя Дарагонька.
Вікторыя Дарагонька.

Вікторыя Дарагонька: Так, бывае. Усё залежыць ад гульні. Калі каманда ці зборная грае гідка, то няважна, будуць яны расейцамі, літоўцамі, палякамі ці ўкраінцамі. Наўрад ці я буду моцна перажываць за тое, як яны згуляюць. Калі каманда сапраўды паказвае характар і добрую гульню, то і за расейцаў, і за іншыя каманды магу заўзець. Для мяне няма такога, што раз ня мы, то і Расеі нічога не даставайся. Спорт ёсьць спорт, людзі паказваюць свае магчымасьці. Калі гульня добрая, я з задавальненьнем падтрымаю і расейцаў.

Ірына Ванцлаў: Не. Я не люблю расейскія каманды падтрымліваць, таму што падтрымліваць толькі за тое, што, як усе гавораць, мы «браты-славяне», я не хачу. Расейскія каманды не люблю. Ня ведаю, проста неяк не палюбіліся. Калі людзі падтрымліваюць Расею, яны лічаць і сябе расейцамі, гавораць, вось, мы перамаглі, мы закінулі, але я лічу, што мы — беларусы, а гэта зрабілі расейцы.

«Гэта пакуль яшчэ мужчынскі сьвет... Чытаю камэнтары ў суполках, і ёсьць момант, што гэта нібыта апрыёры мужчынскія рэчы»

Ганна Соўсь: Жанчын сярод заўзятарак усе ж ня столькі як мужчынаў, але іх колькасьць паступова расьце. Ці ёсьць розьніца ў тым, як заўзеюць мужчыны і жанчыны? На стадыёне і на канапе? Ці адрозьніваюцца яны нават у лексыцы, калі забіваюць гол ці шайбу?

Юлія Ляшкевіч: Не. Людзі заўзеюць па-рознаму, вельмі па-рознаму. Ёсьць людзі, якія вельмі добра разьбіраюцца ў тактыцы. Ёсьць у мяне знаёмыя, якія могуць расказаць пра тое, чаму выходзіць такі гулец ці іншы, як зараз зьменіцца малюнак гульні і іншае. Напрыклад, я заўзею моцна, я вельмі аддаюся эмоцыям, і для мяне гэта заўсёды такі вал. Ёсьць такія людзі сярод мужчын і сярод жанчын. Я думаю, што розьніцы няма. Усё залежыць ад таго, у каго які характар, тэмпэрамэнт, як ты наогул да гэтага ставісься. Іншых адрозьненьняў я не бачу.

Наста Кудасава: Я таксама мяркую, што гендэр тут ня дужа і ўплывае. Людзі розныя і яны заўзеюць па-рознаму.

Ганна Соўсь: Але пагадзіцеся, што мужчын-заўзятараў больш?

Заўзятары зборнай Польшчы глядзяць гульню чэмпіянату сьвету па футболе супраць каманды Сэнэгалу, Горадня, Саюз палякаў Беларусі.
Заўзятары зборнай Польшчы глядзяць гульню чэмпіянату сьвету па футболе супраць каманды Сэнэгалу, Горадня, Саюз палякаў Беларусі.

Наста Кудасава: Так, іх больш, і я часта адчуваю сябе крыху няёмка. Бываюць такія моманты, калі ты адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы, можа быць крыху непрынятай. Ці можа гэта ўласныя такія комплексы?.. Усё-такі гэта пакуль яшчэ мужчынскі сьвет, прынамсі ў інтэрнэце, калі я там сяджу, абмяркоўваю, чытаю камэнтары ў суполках — ёсьць такі момант, што гэта нібыта апрыёры мужчынскія рэчы, і, як быццам бы, яны забываюць, што тут і жанчыны могуць таксама сядзець і заўзець разам зь імі.

«Жанчын-заўзятарак даволі шмат, мы проста іх менш бачым на арэнах»

Юлія Коцкая: Мне здаецца, што ў прынцыпе жанчын-заўзятарак даволі шмат, можа быць, мы проста іх менш бачым на арэнах, і менш жанчын заўзее за такі масавы від спорту як футбол. Але калі хадзіць на іншыя віды спорту, ці дома заўзець, то ў мяне ў сям’і дакладна жанчын больш, якія заўзеюць. У мяне тата, напрыклад, не заўзятар, а мама — за тэніс і біятлён. А што тычыцца гендэрных адрозьненьняў, то я на арэнах заўважаю (можа, у мяне такі заўсёды сэктар), што жанчыны менш ужываюць лаянкі, і ў жанчын менш камэнтатарскіх здольнасьцяў, чым у мужчын. Бо мужчыны ўвесь час нешта камэнтуюць на стадыёнах.

Вікторыя Дарагонька: На мой погляд, жанчыны больш эмацыйныя, яны больш перажываюць няўдачы, прынамсі ў баскетболе, дзе я бываю рэгулярна. Плюс ёсьць такі момант, можа быць, гэта жаночая псыхалёгія, у заўзятарак ёсьць нейкі свой гулец, які ім падабаецца ня толькі па манэры гульні, а праз нейкія асабістыя сымпатыі, і таму перажываньні за канкрэтнага гульца і за каманду робяцца больш насычаныя. Магу сказаць, што прынамсі ў баскетболе жанчын-фанатак даволі многа, і на трыбунах на дадзены момант можна назіраць суадносіны 50/50.

Менск-Арэна
Менск-Арэна

Ірына Ванцлаў: На «Менск-арэне» жанчын працэнтаў 30-40. Калі па эмоцыях, то я лічу, што не адрозьніваюцца. Бо эмоцыі, калі забіваецца ці прапускаецца гол, аднолькавыя. Няважна, мужчына гэта ці жанчына. А вось у лексыцы ёсьць усё ж адрозьненьні. Мы ж усё-такі дамы — ня можам сабе дазволіць іншы раз неяк выражацца.

Ганна Соўсь: Ці лічаць вас заўзятары-мужчыны такімі ж раўнапраўнымі заўзятаркамі ў гэтай супольнасьці? На выездах? Ці бывае крыху падзел?

Ірына Ванцлаў: У некаторых выпадках так, але гэта ня так часта здараецца. Ёсьць такое, што лічаць, што мы так проста, паказуха, як кажуць. Але гэта не паказуха, і большасьць гэта зразумее.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG