Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі замежных заўзятараў праехалі празь Беларусь за два дні «спартовага бязьвізу»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За два дні сем замежных заўзятараў скарысталіся «спартовым бязьвізам», створаным пад чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі. Гэтую лічбу назваў сёньня Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Антон Бычкоўскі.

«4 чэрвеня нашу дзяржаўную мяжу перасеклі 5 іншаземцаў з „пашпартамі заўзятара“. А на наступны дзень — яшчэ двое», — сказаў Бычкоўскі.

Цікава, што адзін аматар футболу зь Нямеччыны едзе ў Расею празь Беларусь на трактары. З сабою ён вязе дом на колах, які стылізаваны пад піўную бочку з надпісам «Hallo, Moskau!». Нацыянальная зборная Нямеччыны на першым этапе правядзе тры гульні: у Маскве, Сочы і Казані. Уважаючы на адлегласьці паміж гэтымі гарадамі, нямецкаму заўзятару, пэўна, давядзецца пакінуць свой трактар у сталіцы Расеі, а далей рухацца іншымі транспартнымі сродкамі.

Чэмпіянат сьвету стартуе 14 чэрвеня. З набліжэньнем першых гульняў колькасьць заўзятараў, якія паедуць на яго празь Беларусь, будзе ўзрастаць.

Расейскія ўлады заявілі, што на чэмпіянаце сьвету будуць прысутнічаць больш за 1,5 мільёна замежных заўзятараў.

«Ня менш за 10% з гэтай колькасьці будуць уяжджаць у Расею праз тэрыторыю Беларусі», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі 1 чэрвеня начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

З 1 чэрвеня ў Беларусі і Расеі запрацаваў супольны «спартовы бязьвіз». Паводле міжурадавага пагадненьня, замежныя заўзятары з адмысловымі картамі змогуць прыяжджаць на футбольны чэмпіянат сьвету 2018 году, які пройдзе ў Расеі, і на Эўрапейскія гульні 2019 году, якія адбудуцца ў Беларусі, бязь візаў.

Для таго каб трапіць у Беларусь, замежным гасьцям спатрэбяцца два пашпарты — так званы «пашпарт заўзятара» (можна аформіць праз інтэрнэт пры наяўнасьці квіткоў на матчы) і пашпарт грамадзяніна сваёй краіны.

Запрацаваў беларуска-расейскі «спартовы бязьвіз». Што гэта такое

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG