Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрацаваў беларуска-расейскі «спартовы бязьвіз». Што гэта такое


Беларуска-расейская мяжа. Фота: @Shutterstock

З 1 чэрвеня Беларусь і Расея ўводзяць супольны «спартовы бязьвіз». Паводле міжурадавага пагадненьня, замежныя заўзятары з адмысловымі картамі змогуць прыяжджаць на футбольны чэмпіянат сьвету 2018 году, які пройдзе ў Расеі, і на Эўрапейскія гульні 2019 году, якія адбудуцца ў Беларусі, бязь візаў.

Расейскія ўлады заявілі, што больш як 1,5 мільёна замежных заўзятараў будуць прысутнічаць на чэмпіянаце сьвету.

«Ня менш за 10% з гэтай колькасьці будуць ехаць у Расею праз тэрыторыю Беларусі», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 1-га чэрвеня начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

Заўзятары будуць дабірацца ў Расею трыма спосабамі: па шашы, чыгункай і на самалётах. У прыватнасьці, зь Менску будуць вылятаць самалёты ў тыя гарады Расеі, дзе маюцьпраходзіць футбольныя матчы: Масква — 16 рэйсаў на дзень, Санкт-Пецярбург — 5 рэйсаў, Калінінград — 2 рэйсы, а таксама наўпроставыя рэйсы ў Сочы, Растоў і Ніжні Ноўгарад.

Беларусь будзе задзейнічана і ў асобным маршруце, зьвязаным з Калінінградам — менавіта празь Беларусь і Літву заўзятары будуць ехаць у Калінінград, дзе пройдуць чатыры гульні чэмпіянату сьвету.

Як атрымаць «пашпарт заўзятара»

Для таго, каб трапіць у Беларусь, замежным гасьцям спатрэбяцца два пашпарты — так званы «пашпарт заўзятара» (можна аформіць праз інтэрнэт пры наяўнасьці квіткоў на матчы) і пашпарт грамадзяніна сваёй краіны.

Аднак ужо стала вядома, што «пашпарты заўзятара» да футбольнага чэмпіянату будуць выдавацца толькі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Зразумела, калі чалавек едзе, напрыклад, у Маскву з Варшавы, то ў Берасьці ён яшчэ ня будзе мець на руках такога пашпарта.

«У гэтым выпадку раздрукоўкі з інтэрнэту будзе дастаткова пры зьверцы дакумэнтаў», — патлумачыў журналістам супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Шпіленя.

Спартовы бязьвіз будзе дзейнічаць з 1 чэрвеня да 25 ліпеня. Непажаданыя асобы, чый уезд у Беларусь і Расею забаронены, а іх прыкладна 1 мільён 700 тысяч, «пашпарт заўзятара» атрымаць ня змогуць.

Калі запрацуе адзіная візавая прастора?

Разам з тым дагэтуль невядома, калі канкрэтна запрацуе анансаваная раней адзіная візавая прастора Беларусі і Расеі.

Ні намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня ў пытаньнях міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Дзьмітрый Дземідзенка, ні намесьнік дырэктара другога дэпартамэнту краінаў СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Дзьмітрый Вятроў не змаглі 15 траўня сказаць журналістам, калі ж канкрэтна пачне дзейнічаць адзіная візавая прастора так званай саюзнай дзяржавы.

9 студзеня 2017 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзян 80 дзяржаў.

У лютым 2017 стала вядома, што Расея ўводзіць на мяжы зь Беларусьсю памежную зону. Зь 15 траўня ўсе беларускія рэйсы ў расейскіх аэрапортах перавялі ў міжнародныя тэрміналы, а ў пасажыраў правяралі дакумэнты. Беларусы сталі скардзіцца, што цяпер пашпартны кантроль займае больш часу. У кампаніі «Белавія» паведамлялі, што рашэньне расейскага боку можа паўплываць на транзыт празь Менск, адкан ніякіх захадаў у адказ Менск не распачаў.

20 кастрычніка 2017 першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Аляксандр Гаравы заявіў, што ўвесну 2018 году на мяжы Расеі зь Беларусьсю могуць быць пастаўленыя часовыя памежныя пасты, і патлумачыў гэта занепакоенасьцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасьці беларуска-расейскай мяжы ў сувязі з увядзеньнем Беларусьсю на пачатку 2017 году 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 краінаў сьвету.

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG