Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць «дзеда» з унутраных войскаў: «Удары былі для прафіляктыкі»


Уладзімера Санковіча пад канвоем вядуць у залю суду

20 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну Гомля пачаўся судовы працэс аб дзедаўшчыне ў вайсковай частцы № 5525 (унутраныя войскі). Абвінавачаны — 19-гадовы сяржант Уладзімер Санковіч. Яму інкрымінуюць артыкул 455 Крымінальнага кодэксу (перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў з прымяненьнем сілы).

​Пацярпелыя ў справе — пяць салдатаў. Адзін зь іх паскардзіўся лекару на гвалт з боку сяржанта, справа дайшла да кіраўніцтва вайсковай часткі. Распачалося сьледзтва.

Сяржант прымушаў «маладых» празьмерна есьці белы хлеб, піць кефір, біў іх.

«Не наядаесься? На, наесься!»

Андрэй Аксаментаў быў прызваны ў войска ў лістападзе 2017 году. Ён сутыкнуўся з гвалтоўнымі дзеяньнямі з боку сяржанта. «Гэта быў першы сяржант, зь якім я меў кантакт, сутыкнуўся пасьля прызыву, таму лічыў такія дзеяньні нармальнымі. Думаў, што трэба проста ператрываць», — патлумачыў салдат.

Ён і трываў, пакуль іншы салдат не расказаў пра нахабныя паводзіны сяржанта лекару, той — вайсковаму кіраўніцтву. Андрэй Аксаментаў дадаў, што лічыў «чаплю», «каня» і «акантоўку» не пакараньнем, а прафіляктыкай.

Уладзімер Санковіч на лаве падсудных
Уладзімер Санковіч на лаве падсудных

Абвінавачаньне падтрымлівае прадстаўнік пракуратуры Аляксей Гаўрыкаў. Ён зачытаў на судзе, што Ўладзімер Санковіч «наўмысна, прыніжаючы годнасьць», прымушаў ужываць Андрэя Баярынкава белы хлеб у празьмернай колькасьці«, у выніку гэтага ў салдата пагоршыўся стан, балеў жывот. Больш за тое, маладому чалавеку ўвогуле нельга было есьці белы хлеб з прычыны гастрыту.

Паводле Андрэя Баярынкава, ён еў у сталоўцы, калі да яго падышоў сяржант і спытаўся: «Не наядаесься? На, наесься!». Пасьля прынёс яму на падносе белы хлеб і загадаў зьесьці. Пасьля 200 грамаў салдату зрабілася блага. Але да мэдыкаў пацярпелы не зьвяртаўся. Намесьнік пракурора гораду пацікавіўся, чаму салдат згадзіўся есьці хлеб, ведаючы, што яму нельга гэта рабіць праз стан здароўя? «Баяўся, што сяржанты будуць па-іншаму ставіцца да мяне», — адказаў салдат.

Абвінавачаны тлумачыў эпізод па-свойму. Салдат еў апошні, таму ён спытаўся ў яго: «Ты што, не наядаесься? На, наесься!». Потым ужо Ўладзімер Санковіч даведаўся ў мэдыцынскага супрацоўніка, што салдату нельга есьці хлеб.

Абвінавачаны падчас суду
Абвінавачаны падчас суду

«Атрымліваецца, пацярпелы праявіў глупства? Вы проста прапанавалі есьці хлеб — і ён еў? Атрымліваецца, сам вінаваты?», — удакладніў прадстаўнік пракуратуры. «Я вінаваты. У тым, што паставіў на стол хлеб і прапанаваў есьці», — адказаў «дзед».

Гэтаму ж салдату сяржант і «прабіваў чаплю». «Мне ён прапаноўваў некалькі разоў — давай я табе пакажу „чаплю“. Я згадзіўся, каб ён адчапіўся ад мяне», — сказаў Андрэй Баярынкаў. «Чапля» яму не спадабалася.

«Я наогул ня бачу сэнсу ў службе»

Арсень Вялько атрымліваў ад сяржанта ўдары па розных частках цела, якія на вайсковым жаргоне называюцца «чапля», «конь», «акантоўка». Ён жа і зьвярнуўся да лекара — расказаў пра зьбіваньні. Вялько ня просіць для сяржанта строгага пакараньня. «Я сам чалавек, ня кат, не судзьдзя», — зазначыў малады чалавек.

Расказаў пра зьбіцьцё лекару, а не камандзірам, бо меў страх перад кіраўніцтвам і чуў, што пры скаргах на сяржантаў «можа быць несалодкая служба».

Адвакат абвінавачанага ўдакладніў, у чым пацярпелы бачыў сэнс службы: «кантавацца, чысьціць боты»? «Я наогул ня бачу сэнсу ў службе», — адказаў малады чалавек.

«Хто вас навучыў рабіць такія гадасьці? — Інтэрнэт».

Абвінавачаны прызнаваў віну. Але своеасабліва. Ён сьцьвярджаў, што сам пасьля прызыву ня зьведаў дзедаўшчыны. «Дык адкуль вы ведаеце тады такія гадасьці, як „чапля“, „конь“, „акантоўка“? З вамі такое рабілі? Хто вас навучыў?», — удакладніў Аляксей Гаўрыкаў. «Са мной — не. А ведаю гэта з інтэрнэту», — адказаў Уладзімер Санковіч.

У калідоры суду
У калідоры суду

Ён даводзіў, што белы хлеб проста прапанаваў салдату зьесьці, грамаў каля 250. А салдат успрыняў ягоныя словы як загад. Тое ж было, паводле абвінавачанага, і з кефірам. «Я спытаўся — хочаш выпіць кефір? Ён згадзіўся. Потым сказаў, што больш ня можа, яму блага. Кажу: ну ня пі», — даводзіў абвінавачаны.

«Чаплю», «каня», «акантоўку» Ўладзімер Санковіч лічыць ня гвалтам, а своеасаблівым жартам — мог стукнуць салдатаў таму, што быў зь імі ў прыяцельскіх стасунках. «А ў цывільным жыцьці вы таксама так сябе паводзіце — ідзяце па вуліцы і б’яце людзей? А як салдаты ўспрымалі вашы дзеяньні — радаваліся, сьмяяліся? А чаму вы па-сяброўску не прапанавалі ім зрабіць вам „чаплю“»? — запытаў Аляксей Гаўрыкаў.

Абвінавачаны каяўся, прасіў прабачэньня ў салдатаў, казаў, што мае намер завесьці сямʼю, уладкавацца на працу, «пачаць жыцьцё з чыстага ліста», быць прыстойным чалавекам і не парушаць закон.

Ён сьцьвярджае — афіцэры ня бачылі, што ён біў салдатаў. Быў страх, што нехта з «маладых» паскардзіцца, але лічыў, што салдаты будуць маўчаць.

Суд працягнецца 21 чэрвеня.

Гвалт у войску

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат, сталі паўторна пераглядаць вынікі сьледзтваў некалькіх дзясяткаў ужо закрытых крымінальных спраў, заведзеных пасьля выпадкаў суіцыдаў і траўмаваньня салдат тэрміновай службы.

«Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войску

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску. Адбыўся шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Сілавікі перад Лукашэнкам прызналі, што не зрабілі ўсяго, каб прадухіліць дзедаўшчыну

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG