Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве пакаралі яшчэ аднаго вайскоўца за «дзедаўшчыну»


Барысаўскі раённы суд пакараў сяржанта К. зьняволеньнем на тры з паловай гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пра гэта паведамляе сайт Вярхоўнага суду.

Сяржант К. праходзіў службу ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах на пасадзе намесьніка камандзіра ўзводу.

Паводле Вярхоўнага суду, вайсковец браў хабар за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю.

Яго прызналі вінаватым у перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, «учыненым з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці, што пацягнула за сабой прычыненьне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам».

Ён жа прызнаны вінаватым у перавышэньні ўлады, зьвязаным з гвалтам.

Таксама падчас суткавага нараду сяржант К. парушыў правілы нясеньня ўнутранай службы, «якія прывялі да наступстваў, для папярэджаньня якіх прызначаны дадзены нарад».

Лукашэнка запатрабаваў растлумачыць прычыны ўсплёску дзедаўшчыны ў войску

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня "сяржант".​

18 траўня суд Барысаўскага раёну Менскай вобласьці пакараў трыма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 23-гадовага сяржанта Андрэя Зайца з вайсковай часткі 39864 у Печах пад Барысавам.

Таксама ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьсьледаваньня па справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

30 сакавіка прапаршчыка з 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG