Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запатрабаваў растлумачыць прычыны ўсплёску дзедаўшчыны ў войску


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў растлумачыць прычыны ўсплёску фактаў нестатутных дачыненьняў у войску. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб выніках праверкі Узброеных сілаў, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка нагадаў, што было даручана вывучыць пытаньні ідэалягічнай працы ў сувязі з тым, што яна непасрэдным чынам уплывае і на вайсковую дысцыпліну.

«Дакладваюць, што ў войску захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэньня колькасьці правапарушэньняў. Але яны ёсьць», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, у такім паказьніку, як каэфіцыент злачыннасьці, сытуацыя ва Ўзброеных сілах лепшая, чым у цэлым па краіне, а таксама параўнальна стабільны стан у карупцыйных праявах, скарачаецца колькасьць злачынстваў, зьвязаных з гібельлю вайскоўцаў пры выкананьні службовых абавязкаў. Разам з тым Лукашэнка зьвярнуў увагу, што ў 2017 годзе зафіксаваны значны рост фактаў нестатутных узаемаадносінаў.

«Хацеў бы, каб мне даклалі, з чым гэта зьвязана. Гэта што, сапраўды такі ўсплёск непарадку з так званымі „нестатутнымі дачыненьнямі“, або службовыя асобы Мінабароны і іншых кампэтэнтных дзяржорганаў павысілі патрабавальнасьць і пачалі ўсё гэта ўлічваць?» — задаўся ён пытаньнем.

«Усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасьці і добрасумленнага выкананьня службовых абавязкаў», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Паводле афіцыйных дадзеных, узровень злачыннасьці ва Ўзброеных сілах Беларусі за апошнія пяць гадоў у цэлым зьнізіўся. Каэфіцыент злачыннасьці (колькасьць учыненых злачынстваў на 10 тысяч чалавек) ва Ўзброеных сілах у 2017 годзе склаў 21,2 (па рэспубліцы — 90,9). Разам з тым пачынаючы з 2017 году адзначаецца рост узбуджаных крымінальных спраў па фактах парушэньняў статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьследаваньня па справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

30 сакавіка прапаршчыка з 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня "сяржант".​ Арцём Берднік таксама не праходзіў па справе Коржыча.

Суд у Барысаве пакараў сяржанта трыма гадамі калёніі за хабар і зьдзекі з шарагоўцаў

3 траўня 21-гадовага сяржанта Ўладзіслава Яльца і 24-гадовага яфрэйтара Максіма Малышку асудзілі за «дзедаўшчыну» ў дачыненьні да пяцёх салдат на чатыры і тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

29 траўня ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту.

«У салдат няма свайго слова ў войску». У Горадні асудзілі двух «дзядоў»

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармацыя БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG