Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь яшчэ доўга ня трапіць на чэмпіянат сьвету па футболе


Фота ©­Shutterstock
Фота ©­Shutterstock

За апошнія чвэрць стагодзьдзя нацыянальная зборная Беларусі шэсьць разоў спрабавала прабіцца на чэмпіянаты сьвету і столькі ж — на эўрапейскія першынствы. Ніводная такая спроба ня мела плёну, у пяці кваліфікацыйных турнірах беларусы фінішавалі на апошнім месцы. Чаму гульня мільёнаў абмінае Беларусь?

Нестратэгічны від

Беларускаму футболу не пашанцавала трапіць у стратэгічныя віды спорту, якія шчодра фінансуюцца зь дзяржаўнай казны. Як і іншыя «другасныя» дысцыпліны, футбольная гаспадарка растварылася ў цені абласканага Аляксандрам Лукашэнкам хакею. Гадавы бюджэт толькі аднаго хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) перавышае 20 мільёнаў даляраў — сума, практычна адпаведная выдаткам 16 камандаў вышэйшай футбольнай лігі.

Згодна з праграмай разьвіцьця хакею ў Беларусі, ад гэтага сэзону будзе павялічана колькасьць камандаў экстралігі: зьявяцца дзьве паўнавартасныя групы (аснова і рэзэрв), новыя экспэрымэнтальныя калектывы прывяжуць да балянсу прадпрыемстваў ды іншых раённых структураў. У той жа час чарговым разам вядуцца размовы пра неабходнасьць скарачаць элітны дывізіён футбольнага чэмпіянату, адна з прычынаў — «непамерная фінансавая нагрузка на дзяржбюджэт».

Зруйнаваная інфраструктура

Стадыён у Магілёве
Стадыён у Магілёве

Беларусь — ці не адзіная краіна Эўропы, дзе галоўная зборная ня мае сталай прыпіскі. Ад 2011 году, калі менскі стадыён «Дынама» зачынілі на рэканструкцыю, галоўная дружына туляецца па розных гарадах. З аднаго боку, гэта дадае глядацкага інтарэсу ў рэгіёнах, зь іншага — сьціплы антураж не заўсёды адпавядае міжнароднаму статусу матчаў. Выключэньнем хіба 13-тысячная «Барысаў-Арэна».

Нават пасьля аднаўленьня «Дынама» застанецца лёгкаатлетычнай пляцоўкай. Тым часам ва ўсім сьвеце ў вялікі футбол гуляюць на спэцыялізаваных арэнах. Размовы пра неабходнасьць збудаваць у Менску нацыянальны стадыён вядуцца даўно, але збольшага бясплённа. За некалькі гадоў ня раз мяняліся патэнцыйныя інвэстары, адрасы будоўлі, самі праекты. Днямі зроблены выбар на карысьць кітайскага варыянту — на месцы менскага «Трактара». Тэрміны рэалізацыі незразумелыя.

Кволая сэлекцыя

Футбольныя школы перасталі пастаўляць зорак. За апошнія гады так і не зьявілася гульцоў узроўню Валянціна Бялькевіча, Аляксандра Хацкевіча, Віталя Кутузава, братоў Глебаў. Няма асобы, дзеля якой людзі ішлі б на стадыён — як у свой час валілі на «народнага футбаліста» Аляксандра Пракапенку.

Няма і стройнай сыстэмы росту ад дзіцячай сэкцыі і клюбнай акадэміі да каманднага рэзэрву. Нормы БФФ абавязваюць кожны клюб вышэйшай лігі ўтрымліваць школу, але на практыцы гэта збольшага фікцыя. Трэнэрскія кадры, калі гэта не апантаныя фанатыкі, не застымуляваныя для працы на знос — настаўніцкія заробкі на ўзроўні выжываньня. З кожным годам усё меней футбольных пляцовак, якія раней былі ледзь ня ў кожным двары.

Задача-максымум маладога талента — прайсьці адбор у расейскую прэм’ер-лігу, сесьці на лаўку запасных і атрымліваць заробак, які ў Беларусі і ня сьніўся. Без гульнявой практыкі праз сэзон-другі здольнасьці скочваюцца да нуля. Тым ня меней гэтыя людзі, хіба што фармальна маючы ў паслужным сьпісе імянітыя расейскія клюбы, выходзяць гуляць за зборную краіны. Узровень кандыдатаў з унутранага першынства часта не найлепшы.

Эўрапейскія выкапні

Сёньня беларуская прысутнасьць на міжнароднай арэне зьведзеная да мінімуму. Часы, калі беларусы гулялі ў аснове італьянскіх, нямецкіх, гішпанскіх, ангельскіх, ізраільскіх чэмпіянатаў — Сяргей Алейнікаў, Андрэй Зыгмантовіч, Пётар Качура, Сяргей Герасімец, Аляксандар Глеб — беззваротна мінулі. Цяпер дасягненьне — трапіць у каманды Польшчы ці Літвы. І тое без гарантыі, што гэта ня лава запасных.

А менавіта досьвед выступленьняў у мацнейшых лігах дадае майстэрства, дазваляе прэтэндаваць на падвышэньне ў клясе. У той жа час беларускі футбол зазнае сапраўдную бальканскую атаку — рэдкая каманда вышэйшай лігі ня мае ў сваім складзе прадстаўніка Сэрбіі ці Чарнагорыі. Як паказвае практыка, гэта ня самыя моцныя гульцы з так званага «другога эшалёну», якія ня маюць шанцаў замацавацца ў мацнейшых эўрапейскіх прэм’ер-лігах.

Ярмо добраахвотнасьці

Неаднойчы агучвалася ідэя арганізаваць у Беларусі прафэсійную футбольную лігу («Майстар-лігу»). Галоўныя мэты — ператварыць унутраны чэмпіянат у пазнавальны брэнд, зрабіць турнір камэрцыйна пасьпяховым, падвысіць яго наведвальнасьць. Бюджэт «Майстар-лігі» павінен фармавацца з клюбных унёскаў, сродкаў тытульных спонсараў і грошай ад продажу правоў на трансьляцыю. На зьмену безыніцыятыўным застарэлым функцыянэрам — сучасныя спартовыя мэнэджэры.

Аднак да маштабных пераўтварэньняў не гатовыя найперш кіраўнікі фэдэрацыі, чыя роля ў выпадку пераходу на «гаспадарчы разьлік» зьвядзецца да тэхнічнай падтрымкі. Беларускі футбол у цяперашнім выглядзе не прадугледжвае таго, каб зарабляць самім, а традыцыйна чакае датацый. Іншымі словамі, ярмо для горадаўтваральных заводаў і фабрык, якія мусяць, хочаш ня хочаш, добраахвотна-прымусова цягнуць на сабе затратныя праекты. Прыватная ініцыятыва ў цяперашніх рамках не заахвочваецца. Паказальны прыклад — гісторыя менскіх «Крумкачоў», якія на энтузіязьме і мінімальных укладаньнях узьляцелі з трэцяга дывізіёну ў вышэйшы — дзе і сканалі, не атрымаўшы падтрымкі і разуменьня.

Трэнэрскі цэйтнот

Няма сыстэмнага падыходу ў прызначэньні галоўных трэнэраў зборнай. Кожны няўдалы цыкль непазьбежна суправаджаецца заменай спэцыяліста, які «не апраўдаў спадзяваньняў» Беларускай фэдэрацыі футболу. Ад сярэдзіны 1990-х зьмянілася больш за дзясятак трэнэраў і выканаўцаў іх абавязкаў, уключна з замежнымі спэцыялістамі, аднак на вынікі гэта не паўплывала. Задача-максымум — выйсьці ў фінальныя стадыі чэмпіянатаў сьвету і Эўропы — так і засталася недасяжнай.

Беларусь — Люксэмбург, 10 кастрычніка 2016, нічыя 1:1
Беларусь — Люксэмбург, 10 кастрычніка 2016, нічыя 1:1

Найлепшым у гісторыі вынікам у топ-турнірах стала 3 месца ў кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету 2002 году. Тады выхаванцы Эдуарда Малафеева да апошняга захоўвалі шанцы трапіць у Карэю і Японію, аднак у барацьбе за другі радок перайшла дарогу Ўкраіна. Паступова зборная Беларусі ператварылася ў пастаўшчыка ачкоў ня толькі для грандаў, але і для заштатных аўтсайдэраў. Каманда некалькі разоў прайгравала Люксэмбургу, першая ў гісторыі Андоры міжнародная перамога — таксама ў гульні зь беларусамі. Найвышэй у рэйтынгу ФІФА Беларусь узьляцела ў лютым 2011 году — 36 месца. Цяперашняя пазыцыя — 78-я, паміж Арабскімі Эміратамі і Лібанам.

Вывіхнуты патрыятызм

Гульня за зборную не прыносіць вялікіх матэрыяльных здабыткаў, асноўны стымул — жаданьне змагацца за гонар радзімы. Аднак выглядае, што не для ўсіх гэта важкая падстава, каб зьняцца з наседжанага месца ў клюбе.

Літаральна адзінкі футбалістаў рэальна пазыцыянуюць сябе ў беларускім кантэксьце. Зь цяперашняга прызыву — найперш Мікалай Януш, адзіны беларускі футбаліст, які карыстаецца роднай мовай, Вячаслаў Глеб, які падзяляе клопат пра неабходнасьць аднаўляць нацыянальныя сымбалі, у нейкай ступені Сяргей Крывец, які ў свой час пачынаў весьці блогі па-беларуску.

Але багата іншых прыкладаў, калі футбалісты разважаюць, што беларусы ня самі па сабе, а з расейцамі — браты навек. «Мы вельмі падобныя да Расеі. Адзін народ, адна мэнтальнасьць і культура», — заяўляе гулец зборнай Станіслаў Драгун. «Заўсёды лічыў Расею роднай і братэрскай. Для мяне наогул няма адрозьненьняў — адны і тыя ж людзі. Ідэальна, каб былі адной краінай», — выдае паўабаронца Цімафей Калачоў. «Мы — беларусы, расейцы, украінцы — вельмі блізкія. А для тых, хто нарадзіўся ў СССР, наогул адзін народ», — перадае эстафэту абаронца Аляксандар Марціновіч.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вялікі футбол у Расеі: арэны, базы, удзельнікі чэмпіянату сьвету — 2018

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG