Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля сотні катоў забралі з аднапакаёвай кватэры ў Менску. Наўрад ці ўратуюць усіх


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Чайлыткі жанчына трымала вялікую колькасьць катоў. Праз восем гадоў скаргаў суседзяў гарадзкія службы забралі жывёлаў — іх аказалася каля сотні, яны былі ў вельмі кепскім стане, піша Minsknews.by.

Пасьля чарговай скаргі суседзяў 6 чэрвеня прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзэнскага раёну, міліцыі, аддзелу надзвычайных сытуацыяў, цэнтру гігіены, службы ЖКГ, ЖЭУ, цэнтру дэзынфэкцыі і «Фаўны гораду» змаглі зайсьці ў кватэру.

Каты, паводле выданьня, спраўлялі натуральныя патрэбы проста на падлогу, за імі не прыбіралі. Дырэктарка «Фаўны гораду» Тамара Царыкоўская кажа, што жывёлы былі ў жахлівым стане: брудныя, хворыя на мікраспарыю, з гноем у вачах і сьлізьзю з носа, некаторыя без вачэй, большасьць чхае. Ім патрэбна тэрміновае лячэньне, але наўрад ці атрымаецца ўратаваць усіх.

«У нас не існуе азначэньня паняцьця „жорсткае абыходжаньне з жывёламі“, але, на мой погляд, тое, што адбывалася ў той кватэры, гэта ёсьць тое самае жорсткае і безадказнае стаўленьне да братоў нашых меншых», — кажа Царыкоўская.

Жывёлін пакуль забралі і пераправілі ў пункт часовага ўтрыманьня «Фаўны гораду». Дакладную колькасьць падлічыць складана — іх каля сотні, уладальніца ў заяве пазначыла 94, валянтэры налічылі прынамсі 74.

Error rendering VK.

Памяшканьні «Фаўны» разьлічаныя толькі на 120 катоў, а там ужо было 100 — давялося перавесьці новых катоў у пакой для шчанятаў, а шчанюкоў перасяліць у вальеры. Некалькі катоў забраў прытулак «Супэркот», асобным часткова зрабілі прышчэпкі, да справы падключыліся валянтэры. Але бальшыня жывёлаў яшчэ застаецца ў «Фаўне гораду».

Што рабіць з такой колькасьцю жывёлаў (а іх становіцца толькі больш — адна котка нарадзіла, яшчэ некалькі могуць нарадзіць неўзабаве), у «Фаўне» ня ведаюць. Але спадзяюцца вылячыць іх і знайсьці ім новыя сем’і.

Зоаабарона. Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах Эўразьвязу

Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.

Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю. Аднак на практыцы аказалася, што такія намеры даказаць ня так проста, таму ў лепшым выпадку з такога садыста могуць спагнаць некалькі базавых велічынь.

Тым ня менш, паводле актывістаў зоаабарончых арганізацый, пэўныя зрухі ўсё ж ёсьць: людзі ўсё часьцей самі зьвяртаюцца ў міліцыю, калі робяцца сьведкамі неналежнага абыходжаньня з жывёламі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG