Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мянчук, які выкінуў сабаку зь пятага паверху, асуджаны на тры месяцы арышту


30-гадоваму менчуку, які выкінуў сабаку зь пятага паверха жылога дома па вуліцы Ясеніна, прысудзілі тры месяцы арышту. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку памочнік старшыні Маскоўскага суду Менску Анастасія Ахобіна.

20 кастрычніка жыхар Менску 1988 году нараджэньня ў стане алькагольнага ап’яненьня наўмысна нанёс некалькі ўдараў у галаву і іншыя часткі цела сабакі, затым выкінуў таго зь пятага паверху. Мёртвую жывёліну каля дома знайшлі мінакі, якія паведамілі пра гэта ў міліцыю.

Маскоўскі суд Менску вынес максымальнае пакараньне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 339-1 КК за жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі.

Таксама абвінавачаны мусіць праходзіць прымусовае лячэньне ад алькагалізму па месцы адбыцьця пакараньня.

Ня першы выпадак

Гэта ня першы выпадак жорсткага абыходжаньня з жывёламі за апошні час.

Сьлесар аўтобуснага парку № 2, які ўдарыў аб сьцяну кацяня, так што тое загінула, асуджаны на год папраўчых прац і адлічваньне 25% заробку ў даход дзяржавы.

Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць паводле Адміністрацыйнага кодэксу за хуліганства. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі ў 2015 годзе. Але паводле яго можна караць у выпадках, калі дзеяньне «ўчынена з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў або ў прысутнасьці заведама малалетняга» і калі яно «пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва жывёлы».

Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты. Актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG