Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пагадзіўся на просьбу маці Коржыча правесьці дадатковыя сьледчыя дзеяньні ў справе


Магіла Аляксандар Коржыча

Сьледчы камітэт Беларусі разгледзеў хадайніцтва маці салдата Аляксандра Коржыча аб правядзеньні дадатковых сьледчых дзеяньняў, паведамляе БелТА.

«Мы разгледзелі яе хадайніцтва. Ня бачым перашкодаў, каб гэтыя дадатковыя сьледчыя дзеяньні правесьці. Магчыма, будзе прызначаная яшчэ адна экспэртыза», — сказаў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч. Паводле яго ацэнак, на выкананьне хадайніцтва, якое заявіла пацярпелая, пойдзе яшчэ пару тыдняў.

Пасьля гэтага Сьледчы камітэт перадасьць крымінальную справу пракурору для накіраваньня ў суд.

Старшыня Сьледчага камітэту ўдакладніў, што з боку абвінавачаных пакуль ніякіх хадайніцтваў наогул не паступала.

Пасьля прад’яўленьня канчатковага абвінавачваньня тром сяржантам у давядзеньні да самагубства салдата Коржыча Сьледчы камітэт абвясьціў аб завяршэньні папярэдняга расьсьледаваньня і перадачы матэрыялаў справы для азнаямленьня маці загінулага Сьвятлане Коржыч, якая прызнаная пацярпелай у справе, і абвінавачаным. Пасьля вывучэньня матэрыялаў крымінальнай справы (а яны складаюць больш за 30 тамоў) жанчына заявіла хадайніцтва аб правядзеньні дадатковых сьледчых дзеяньняў.

Маці Коржыча зьвярнулася ў Сьледчы камітэт і Адміністрацыю прэзыдэнта. Яна ня верыць у «самагубства» сына

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.

«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Загінулы Аляксандар Коржыч
Загінулы Аляксандар Коржыч

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў прадухіленьня гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

Адбыліся шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.

30 сакавіка прапаршчыка з 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту зь Печаў Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня сяржант.

18 траўня суд Барысаўскага раёну Менскай вобласьці пакараў трыма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 23-гадовага сяржанта Андрэя Зайца з вайсковай часткі 39864 у Печах пад Барысавам.

6 чэрвеня Барысаўскі раённы суд пакараў сяржанта К., які праходзіў службу ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах на пасадзе намесьніка камандзіра ўзводу, зьняволеньнем на тры з паловай гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, зьвязанае з гвалтам, а таксама за атрыманьне хабару.

Таксама ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG