Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік КДБ анансаваў інфармацыю пра новых фігурантаў справы Шаройкі


Старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык
Старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валеры Вакульчык у Палаце прадстаўнікоў расказаў пра дзьве гучныя справы, якімі займаецца ягонае ведамства.

Пра справу ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў шпіянажы, старшыня КДБ Беларусі сказаў, што «ў гэтай справе праходзяць і беларускія грамадзяне».

«Шаройка — гэта адна размова, а беларускія грамадзяне — іншая. У гэтай справе праходзіць былая дастаткова сур’ёзная асоба. Акрамя таго, там ёсьць яшчэ некалькі фігурантаў справы. Я думаю, некаторыя зь іх вам вядомыя. Матэрыял пра беларускіх удзельнікаў справы Шаройкі вылучаны ў асобную вытворчасьць. Мы не сьпяшаемся зараз называць імёны і факты. Гэты працэс патрабуе ўважлівай праверкі, і новую інфармацыю пра беларускіх грамадзянаў, у якой ступені яны былі зьвязаныя з прафэсійным украінскім выведнікам Шаройкам, мы паведамім пазьней».

Гаворачы пра затрыманьне былога памочніка прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці Сяргея Раўнейкі, старшыня КДБ сказаў, што ягонай справай займаліся дастаткова доўга.

«Наша задача — выкрыць найперш нават не асобных парушальнікаў закону, а ўскрыць усю сыстэму атрыманьня хабару, калі такая існуе. Не хацелася б мне казаць пра падрабязнасьці справы зарана. Пройдзе час, і вы ўсё даведаецеся», — сказаў Вакульчык.

Паўло Шаройка
Паўло Шаройка

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».

У дачыненьні да Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкула Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. 23 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Украінскія экспэрты лічаць, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Ўладзімер Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».

Сяргей Раўнейка
Сяргей Раўнейка

Пра затрыманьне памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Сяргея Раўнейкі паведаміў КДБ Беларусі 30 траўня. Як сьцьвярджае КДБ, яго засьпелі на вымаганьні і атрыманьні хабару ў 200 тысяч даляраў. Супраць Раўнейкі распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 КК РБ), за што пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG