Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месца Лябедзькі ўжо тры афіцыйныя прэтэндэнты


Офіс АГП
Офіс АГП

Падчас справаздачных абласных канфэрэнцый Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія прайшлі ў мінулыя выходныя ў Гомлі і Магілёве, Мікалай Казлоў, Ганна Канапацкая і Васіль Палякоў афіцыйна заявілі пра свой намер ачоліць АГП. Усе яны выступалі на абедзьвюх канфэрэнцыях, казалі пра тое, што яны хочуць зьмяніць у партыі.

Справаздачна-выбарчы зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім абяруць новага старшыню партыі, адбудзецца 8 ліпеня.

Што кажуць прэтэндэнты

Казлоў: Трэба дадаць партыі болей аўтарытэту

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Як я разумею сытуацыю, нам найперш неабходна дадаваць аўтарытэту і нарошчваць рэпутацыю партыі, змагацца і адстойваць свае каштоўнасьці. Гэта — бліжэйшыя пэрспэктывы. А як і над чым канкрэтна працаваць, то гэта прапісана ў партыйнай праграме.

Каманда, якая цяпер стаіць за Анатолем Лябедзькам, — гэта прафэсійная каманда, якая сфармавалася ўжо даўно, і я разьлічваю на яе падтрымку».

Канапацкая: Патрэбны новая праграма і новая каманда

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Наша партыйная праграма састарэла.

Другая вельмі важная рэч — АГП неабходна пазбаўляцца ад арэолу пакутніка. У звычайных людзей складаецца ўражаньне, што ўся дзейнасьць апазыцыйнай партыі абавязкова зьвязаная з рызыкай: пасадкамі, грашовымі штрафамі і гэтак далей. Мне хочацца, каб партыя больш накіроўвалася на грамадзянскую актыўнасьць насельніцтва. Каб мы кожнаму чалавеку патлумачылі, што цэны ў крамах залежаць ад справядлівай выбарчай сыстэмы.

Мне падаецца, што АГП цяпер вельмі патрэбная маладая, амбітная каманда. Каманда, якая можа ставіць задачы і мэты і іх выконваць».

Палякоў: Неабходна замацаваць пераемнасьць і ўмацаваць партыю

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

«Хачу сфармаваць каманду, здольную і гатовую вярнуць сямі мільёнам грамадзян Беларусі права выбару. Правесьці эфэктыўныя эканамічныя і палітычныя рэформы, якія дазволяць кожнаму беларусу жыць годна, мець добрую працу з годным заробкам, каб бяз страху глядзець у заўтрашні дзень.

А для гэтага трэба захаваць пераемнасьць і сысьці ад узрушэньняў унутры партыі. І працаваць на тое, каб у прэзыдэнцкай кампаніі ад апазыцыі быў адзіны кандыдат».

Скрабца ў кандыдатах няма і ня будзе

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Нечаканасьцю выбарчай кампаніі АГП стала жаданьне балятавацца на пасаду старшыні партыі былога парлямэнтара і палітвязьня Сяргея Скрабца. Ён сапраўды меў такі намер. Аднак калі высьветлілася, што Скрабец — лідэр незарэгістраванай партыі «Свабода», то ў вылучэньні яму адмовілі.

Cтатут АГП дазваляе сябрам партыі ўдзел у іншых грамадзкіх арганізацыях (напрыклад, руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду»), аднак пры адной умове — у іншых структурах нельга займаць ніякай пасады, можна быць толькі шараговым чальцом.

Канапацкая: партыйныя білеты прадаваліся, Лябедзька: такога ніколі не было

Ганна Канапацкая ў Фэйсбуку абрынулася з крытыкай на абвестку пра намер Скрабца балятавацца на пасаду кіраўніка АГП. Яна піша, што гэта прыклад таго, як «перад любымі мясцовымі альбо парлямэнцкімі выбарамі цяперашняе кіраўніцтва АГП ня грэбавала прымаць у партыю людзей цэлымі пачкамі, без разбору іхніх поглядаў і ідэалягічных пераваг дзеля вылучэньня затым кандыдатамі ў дэпутаты паводле партыйных сьпісаў... Фактычна цяперашнім кіраўніцтвам АГП партыйныя білеты прадаваліся. Таму цяпер у партыі ёсьць ня проста „мёртвыя душы“, а сябры розных палітычных партый зусім розных, часам супрацьлеглых ідэалёгій».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька, які кіруе партыяй ад 2000 году, кажа Свабодзе, што практыка вылучэньня кандыдатам у дэпутаты ад АГП асоб, якія рэальна не зьяўляюцца сябрамі партыі, існуе выключна з прычыны рэалій беларускага жыцьця.

«Мы дапамагаем некаторым іншым арганізацыям і людзям з дэмакратычнымі поглядамі стаць удзельнікамі выбарчых кампаній. Возьмем, напрыклад, аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Яна дагэтуль не зарэгістраваная. І некаторых яе актывістаў мы юрыдычна афармлялі як чальцоў нашай партыі, каб яны хутчэй уключыліся ў выбарчую кампанію», — тлумачыць ён.

Лідэр АГП называе гэтыя дзеяньні «інвэстыцыямі ў дэмакратыю і дапамогай братэрскім партыям». Такая сытуацыя была падчас апошніх мясцовых выбараў са Скрабцом, калі ён балятаваўся як сябра АГП у Менскі гарсавет.

Што тычыцца нібыта продажу сяброўскіх білетаў АГП, то Анатоль Лябедзька заяўляе, што такога ніколі не было:

«На абедзьвюх канфэрэнцыях у Ганны пра гэта пыталіся. І ў Гомлі, і ў Магілёве адзін і той жа адказ: пунсовыя шчокі і ніводнага факта. Яна сказала, што выдаліла гэты момант са свайго паста. Але я сёньня глядзеў у першай палове дня, нічога там ня выдалена. Уражаньне, што Канапацкая сама не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, а ўсё вядзе яе памочнік Дзяніс Ціханенка», — сказаў Лябедзька.

Марголін: калі партыя — гэта дрыгва, дык навошта туды лезьці?

Леў Марголін
Леў Марголін

Адзін зь цяперашніх намесьнікаў старшыні АГП Леў Марголін сказаў Свабодзе, што ў яго «нармальныя дачыненьні і з Анатолем, і з Ганнай».

«Я кажу Канапацкай: калі АГП — гэта дрыгва ці нават яшчэ нешта горшае, то навошта туды лезьці? Чаму ня кінуць усе сілы на стварэньне новай арганізацыі, тым больш што яна (маецца на ўвазе „Ўперад, Беларусь“) абвешчаная яшчэ паўгода таму?»

Спадар Марголін кажа, што, на яго думку, Канапацкая спачатку так і хацела зрабіць. Але калі сутыкнулася з рэаліямі, то вырашыла адыграць назад.

Хто з апазыцыянэраў кіруе партыямі найдаўжэй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG