Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: У мяне няма «міколкі», якога б я выгадаваў сабе на замену


Анатоль Лябедзька

Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які нядаўна заявіў, што ня будзе балятавацца на пасаду старшыні на бліжэйшым зьезьдзе. Ён ацэньвае вынікі 18 гадоў кіраваньня партыяй, заяўляе, што падтрымаў бы на пасаду старшыні чалавека, які, аднак, не жадае балятавацца, і чарговы раз тлумачыць, чаму ў 1994 годзе далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Мы стратэгічна выйгралі некалькі бітваў. Самая галоўная — незалежная Беларусь

— Інфармацыйнай нагодай для нашай размовы стала ваша рашэньне больш не балятавацца на пасаду старшыні АГП. Пасаду, якую вы займалі 18 гадоў, падчас якіх 9 разоў зьезд абіраў вас на старшыню партыі. Як даўно ў вас сасьпела гэтае рашэньне? Ці былі нейкія канкрэтныя падзеі і абставіны, якія падштурхнулі вас яго прыняць?

— У кожнай дзейнасьці ёсьць свой старт і фініш. Для мяне гэтая пасада была ня спрынтам, а маратонам. Відаць, прыйшоў час фінішаваць.

Гэтае рашэньне пагрукалася ў мае дзьверы некалькі гадоў таму, тады я ўжо сасьпеў, каб памяняць род дзейнасьці. На мінулым зьезьдзе я сказаў пра гэта даволі выразна. Увосень я гэта паведаміў сваёй камандзе, што не прывяло да ўсплёску пазытыўных эмоцыяў, але я іх паставіў перад фактам. На пачатку году я пра гэта заявіў публічна.

— Як бы вы ацанілі вынікі гэтага 18-гадовага маратону? Калі казаць пра нейкія стратэгічныя мэты, якія ставіла перад сабой ваша партыя і 18 гадоў таму, і ўвогуле за ўвесь гэты час — то відавочна, што ня ўсе яны былі выкананыя. У чым прычына? Гэта аб’ектыўныя абставіны пэўнага этапу палітычнага разьвіцьця Беларусі, ці, можа, былі нейкія асабістыя памылкі вашы ці партыі ў цэлым?

— Хай збоку ацэньваюць экспэрты, дый усе ахвотныя. Для мяне гэта кавалак майго жыцьця. Было і тое, што можна адзначыць як посьпех, былі і паразы, памылкі — гэта палітыка ў аўтарытарнай краіне. Гэта тая сытуацыя, калі плянаваць вельмі складана, бо ты ня ведаеш, што можа адбыцца праз 15 хвілін.

Магчыма, мы прайгралі шмат сутыкненьняў з уладамі, але стратэгічна выйгралі некалькі бітваў. Самая галоўная — незалежная Беларусь

У партыі былі посьпехі, але самае галоўнае дасягненьне — гэта тыя людзі, якія стваралі нашу «крэдытную гісторыю», імідж для структуры. Я думаю, высілкамі такіх людзей, як Ганчар, Захаранка, Карпенка, Багданкевіч, Дабравольскі, Шлындзікаў, Зініада Аляксандраўна Бандарэнка, Хашчавацкі, быў створаны дастаткова пазытыўны вобраз АГП.

Магчыма, мы прайгралі шмат сутыкненьняў з уладамі, але стратэгічна выйгралі некалькі бітваў. Самая галоўная — незалежная Беларусь. Другая — тое, што рынкавая эканоміка, за якую заўсёды выступала АГП, паступова выцясьняе цэнтралізаваную плянавую, кіраваную з аднаго цэнтра эканоміку, апалягетам якой быў і застаецца Аляксандар Лукашэнка.

— Але шмат хто скажа, што на пачатку свайго існаваньня, у сярэдзіне 90-х, ваша партыя была нашмат больш масавай і ўплывовай.

— Уплывовасьць палітычнай структуры вызначаецца толькі свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Гэта адзін з нашых галоўных кірункаў — вярнуць людзям права выбару. Калі гэта будзе — тады можна будзе і аб’ектыўна ацаніць вынікі працы. На вялікі жаль, у краіне няма выбараў, таму ўсе ацэнкі (мае таксама) будуць насіць суб’ектыўны характар.

Мы фактычна адзіная структура, якая не прайшла праз працэдуру палітычнага банкруцтва і расколу ўнутры

— Каго вы хацелі б бачыць замест сябе на пасадзе кіраўніка партыі? Ці вы зусім ня будзеце пра гэта гаварыць? Няўжо ў вас няма чалавека, якому вы аддаяце перавагу? Вы ўсё аддасьце на волю зьезду і ніяк нават ня выкажацеся наконт гэтага?

— АГП — гэта дэмакратычная структура, дзе ўсё вызначае рашэньне зьезду. Усё будзе вырашаць канкурэнцыя. І хай перамагае мацнейшы. Мне хацелася б, каб захавалася канкурэнцыя. Мы фактычна адзіная структура, якая не прайшла праз працэдуру палітычнага банкруцтва і расколу ўнутры.

Усё будзе вырашаць канкурэнцыя. І хай перамагае мацнейшы

У нас ніколі не было вялікай самацэнзуры. Мы застаёмся піянэрамі і лепшымі ў напрацоўках праграм эканамічнага зьместу, і хацелася б, каб гэтая роля заставалася за партыяй.

— Вы не адказалі на маё пытаньне, ці ёсьць у вас свой кандыдат.

— У мяне няма «міколкі», якога б я гадаваў цягам гэтых гадоў. Няма такога чалавека, за якога я б быў адназначна. Калі б я выбіраў, то я б сказаў — Аляксандар Дабравольскі. Гэты чалавек мае добрую «крэдытную гісторыю», падрыхтаваны, пазытыўны, каштоўнасны. Але ў яго, на вялікі жаль, няма намераў удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі. Таму паглядзім на тых прэтэндэнтаў, якія заяўляюць пра свае амбіцыі.

— Адным зь яркіх момантаў быў Кангрэс дэмакратычных сілаў у 2005 годзе, які выбіраў адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Вы тады прайгралі Аляксандру Мілінкевічу лічаныя галасы. Ці разглядаеце вы гэты момант як нейкі паваротны пункт, пасьля якога ваша палітычная гісторыя магла б пайсьці па-іншаму? Вы часам узгадваеце той момант, ці ў чарадзе іншых падзеяў гэта прайшло ня самым заўважным у вашым жыцьці?

— Восем галасоў тады вырашылі вынікі галасаваньня. Калі б мы былі больш жорсткімі пры фармаваньні дэлегатаў і не пайшлі на саступкі, калі значная частка дэлегатаў прыйшлі ад няўрадавых арганізацый — відаць, расклад быў бы іншы. Але сама кампанія, праз выбары, праз Кангрэс — гэта быў правільны падыход. На наступных выбарах мы ўжо прапаноўвалі «праймэрыз», каб пашырыць кола ўдзельнікаў, людзей, якія вызначаюць, хто мае прадстаўляць прыхільнікаў пераменаў.

Шкада толькі, што мы далей не разьвівалі гэтую працэдуру. Сама прэзыдэнцкая кампанія — 2006 была з больш пазытыўным зьместам. Я адказваў за пэўны кірунак дзейнасьці, распрацоўку пазытыўнай альтэрнатывы, — і, падаецца, мы зрабілі добрую альтэрнатыву, за якую гатовыя былі галасаваць вельмі шмат людзей.

1994 год — адзіны папрок, які мне дагэтуль выказваюць. Гэта можна разглядаць як камплімэнт

— Калі вам апошні раз прыгадвалі вашую «палітычную памылку» (як вы самі неяк выказаліся наконт гэтага) — падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе? Урэшце, як мне падаецца, сваёй палітычнай дзейнасьцю, адседкамі, шпіталямі — вы гэтую памылку цалкам вычарпалі. Аднак, калі вы зараз глядзіце на той год — ці гэта была непазьбежная памылка, уласьцівая ня толькі вам, але і значнай частцы грамадзтва, ці проста вы тады няправільна ацанілі сытуацыю?

— 1994 год — гэта адзіны папрок, які мне дагэтуль выказваюць. З аднаго боку, гэта можна разглядаць як камплімэнт. Бо калі чалавек столькі часу ў палітыцы, а яму нагадваюць толькі тое, што было 24 гады таму — гэта значыць, што ня так шмат ён нарабіў іншых памылак.

Галоўнай праблемай у 1994 годзе быў не Аляксандар Лукашэнка

Праблема 1994 году была ў тым, што дэмакраты ня ўмеюць абʼядноўвацца. Выхад на выбары з трыма кандыдатамі — Шушкевіч, Пазьняк і Карпенка — выглядаў як сцэнар, у якім нельга перамагчы. І галоўная праблема ў 1994 годзе быў не Аляксандар Лукашэнка, а старая савецкая партыйная намэнклятура на чале зь Вячаславам Кебічам. Гэта была тая акалічнасьць, якая схіліла мяне да падтрымкі Лукашэнкі, які адзіны тады мог выйграць у Кебіча. А вось спрагназаваць, што будзе далей — так, я тады ня мог, як і пераважная большасьць выбарнікаў, якія не маглі прадбачыць, што адбудзецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Не хацеў бы, каб мой цень ціснуў на тых, хто прыме кіраўніцтва партыі

— Вы ўжо паведамілі, куды пойдзеце пасьля таго, як пакінеце пасаду старшыні партыі. Што гэта за структура?

— Чым я буду займацца, я да канца так і ня вырашыў. Калі вы маеце на ўвазе «Эўрапейскі дыялёг» як дыскусійную пляцоўку па актуальных пытаньнях і праблемах — то гэта можа быць адзін з кірункаў дзейнасьці. Ня больш за тое.

— Мне проста цікава, наколькі вы будзеце аддаленыя ад рэальнай палітыкі? Ці вы сапраўды сыходзіце на палітычную пэнсію, ці гэта проста шырма, за якой вы як былы старшыня партыі будзеце ўплываць на партыйныя справы? Тым больш калі ў краіне нешта зьменіцца — і вы адразу вяртаецеся ў актыўную палітыку?

— Час пакажа. Вы самі адказалі на гэтае пытаньне — усё залежыць ад шэрагу абставін. Я ў добрай фізычнай і інтэлектуальнай форме і буду імкнуцца яе падтрымліваць.

— Вы не адказалі на маё пытаньне. Наколькі вы, знаходзячыся не на пасадзе старшыні, будзеце прымаць удзел у актыўным палітычным жыцьці, у тым ліку ў АГП?

— Я скажу адназначна, што не хацеў бы, каб мой цень ціснуў на тых, хто прыме кіраўніцтва партыі. Таму я адмаўляю любыя такія формулы — калі я буду намесьнікам і буду за плячыма кагосьці кіраваць партыяй. Я для сябе гэта выключаю. Тыя, хто прыйдзе, мусяць узяць на сябе ўсю адказнасьць. Разам з тым, вядома, я буду адкрыты для калегаў, партыйцаў. Парадай, дзеяньнем заўсёды гатовы буду дапамагчы.

Што да самой беларускай палітыкі — паглядзім, тут шмат чаго залежыць. У любым выпадку, наперадзе рэфэрэндум, што зьяўляецца выклікам для ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі, у тым ліку для мяне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG