Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хлусьлівыя даносы завялі крымінальныя справы на жанчыну зь Любаншчыны і мужчыну з Лагойшчыны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі расказаў аб расьсьледаваньні справаў аб заведама лжывых данясеньнях аб учыненых злачынствах — паводле артыкулу 400 Крымінальнага кодэксу Беларусі за такое пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле сьледчых, 53-гадовая жыхарка Любанскага раёну Менскай вобласьці падазраецца ў тым, што наўмысна зьвярнулася ў міліцыю зь непраўдзівай заявай аб «крадзяжы» невядомай асобай ейнай торбы на рынку: падазраюць, што так жанчына хацела аднавіць бяз штрафу страчаныя дакумэнты.

34-гадовага жыхара Лагойскага раёну Менскай вобласьці падазраюць у тым, што ён хацеў пазьбегнуць пакараньня за кіраваньне машынай п’яным і без пасьведчаньня, таму паведаміў аб крадзяжы машыны (машыну нібыта скралі, калі ён спаў у салёне).

Усяго з пачатку 2018 году толькі ў Менскай вобласьці перадалі ў суд «каля трох дзясяткаў» крымінальных справаў аб ілжывых даносах. Сьледчыя пішуць, што такія крымінальныя справы звычайна расьсьледуюцца ў «паскораным парадку», бо ёсьць «шырокія магчымасьці, у тым ліку тэхнічныя», для выяўленьня непраўдзівых паказаньняў.

«Робячы заведама лжывы данос, грамадзяне легкадумна ставяцца да наступстваў сваіх дзеяньняў, — піша Сьледчы камітэт. — У той час яны істотна парушаюць правы і законныя інтарэсы грамадзянаў, у дачыненьні да якіх зроблены данос, а таксама адцягваюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў ад службовай дзейнасьці».

10 беларускіх фэйкаў 2017 году: Ад «фраў А.» да Лукашэнкі на Tesla

Летась, паводле зьвестак дзяржаўных СМІ, з хлусьлівага даносу пачалася гучная «справа патрыётаў»: па тэлевізіі і ў дзяржаўных газэтах сьцьвярджалася, што нейкая «фраў А.» быццам паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску. Пры гэтым затрыманьні падазраваных у справе пачаліся толькі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў аб «затрыманьні дзясяткаў баевікоў». Урэшце справа развалілася, але тым, хто незаслужана правёў за кратамі некалькі месяцаў, адмовіліся плаціць кампэнсацыю. Ці неяк каралі «фраў А.» за хлусьлівы данос, не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG