Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі з боку Лукашэнкі звольнілі намесьніка міністра транспарту і камунікацый


Ілюстрацыйнае фота

Намесьніка міністра транспарту і камунікацый Аляксандра Шышко 24 траўня вызвалілі ад абавязкаў.

Па інфармацыі з пастановы Савету Міністраў, Шышко не выконваў абмежаваньні, зьвязаныя зь дзяржаўнай службай. Паводле артыкула 22 Закону «Аб дзяржаўнай службе» чыноўнікам забаронена:

  • займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю і кіраваць камэрцыйнымі арганізацыямі;
  • займаць іншыя дзяржаўныя пасады;
  • удзельнічаць у пратэстах;
  • выконваць іншую працу, якая аплачваецца, акрамя пэдагагічнай, навуковай, культурнай, творчай і мэдычнай дзейнасьці;
  • выкарыстоўваць службовыя паўнамоцтвы ў інтарэсах палітычных партый, рэлігійных арганізацый, юрыдычных асобаў і грамадзян, калі гэта разыходзіцца з інтарэсамі дзяржаўнай службы;
  • прымаць маёмасьць (падарункі) ці атрымліваць іншую карысьць ад выкананьня службовых абавязкаў;
  • выкарыстоўваць па-за службай маёмасьць дзяржаўнага органа і службовую таямніцу;
  • мець рахункі ў замежных банках;
  • прымаць дзяржаўныя ўзнагароды краін замежжа бяз згоды кіраўніка Беларусі;
  • атрымліваць ад замежных дзяржаў дакумэнты на льготы і перавагі праз палітычныя і рэлігійныя погляды ці нацыянальную прыналежнасьць.

Падчас звароту да Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся карупцыяй і хабарніцтвам у міністэрствах спорту, лясной гаспадаркі і ў дэпартамэнце авіяцыі. Міністэрства транспарту «зарвалася да немагчымасьці», казаў кіраўнік дзяржавы.

Звальнялі раней, паведамлялі пасьля крытыкі Лукашэнкі

24 красавіка, празь некалькі гадзін пасьля звароту Лукашэнкі, зьявілася афіцыйная інфармацыя пра звальненьне генэральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага прадпрыемства «Белэнэрга» Яўгена Воранава. Пра адхіленьне Воранава Tut.by пісаў у красавіку.

25 красавіка ў КДБ раскрылі акалічнасьці справы супраць начальніка аддзелу аховы працы «Белэнэрга» Аляксандра Макарэвіча, якога абвінавачваюць у спробе выманіць 12 тысяч даляраў хабару ў дырэктара неназванай камэрцыйнай структуры за перамогу на тэндэры па закупе спэцадзеньня.

Паводле КДБ, гэта быў не адзінкавы выпадак — распачалі 22 крымінальныя справы супраць 19 службовых асобаў, якія за грошы «спрыялі» закупам у адных і тых жа пастаўшчыкоў буйных партый беларускага і замежнага спэцадзеньня. Паведамляецца, што хабарніцтва «гадáмі» адбывалася на прадпрыемствах «ГроднаАзот», «СьветлагорскХімвалакно», «Краснасельскбудматэрыялы», «Менскводаканал», на Мазырскім НПЗ і філіях «Беларуснафты», філіях Беларускай чыгункі.

2 траўня праз хабарніцтва звольнілі кіраўніка Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Сяргея Новікава і ягонага намесьніка Аляксандра Дуньковіча. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык казаў пра 3 крымінальныя справы, па якіх праходзяць 14 супрацоўнікаў дзяржаўнай інспэкцыі і 22 браканьеры. Па інфармацыі на 2 траўня, некаторыя падазраваныя ўжо прызналі віну.

Да звароту Лукашэнкі паведамлялася толькі пра крымінальныя справы супраць дырэктара Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і тэлекамунікацый Беларусі Ўладзімера Косьціна, якога затрымалі 20 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG