Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм Літвы ўхваліў штрафы за «георгіеўскія» стужкі, апазыцыя прапануе «забараніць Расею»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі парлямэнт — Сойм — ухваліў 17 траўня папраўку ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якой маюць зьявіцца штрафы за «георгіеўскія» стужкі, піша Delfi.

Папраўка пакуль не набыла сілу: праект яшчэ будзе разглядацца камітэтамі і камісіямі Сойму, дэпутаты маюць вярнуцца да прыняцьця яе ўвосень.

Цяперашняя вэрсія правак прадугледжвае штраф у 150–300 эўра за публічнае дэманстраваньне, распаўсюд або выкарыстаньне стужкі на масавых мерапрыемствах — яна забароненая гэтак жа, як нацысцкая і камуністычная сымболіка.

Лёс папраўкі быў пад пытаньнем: прапанову сёлета ўносілі апазыцыянэры «Саюз Айчыны», ды й раней падобныя прапановы былі, але не атрымалі падтрымкі. Але цяпер прапанову падтрымалі і дэпутаты іншых партыяў: агулам за папраўку прагаласаваў 41 дэпутат, супраць 10, яшчэ 25 устрымаліся.

Адзін з аўтараў законапраекту Лаўрынас Кашчунас тлумачыў, што забарона патрэбна, бо яна «стала сымбалем расейскага імпэрыялізму», ды й Літве «няма чаго сьвяткаваць» у дзень перамогі над Нямеччынай у Другой усясьветнай вайне, бо «заканчэньне вайны прынесла 50 гадоў савецкай акупацыі».

Праціўнікі законапраекту пыталі, «які колер забараніць наступным» і ці ня лепей адразу «забараніць Расею».

Савецкую сымболіку ў Літве прыраўнялі да нацысцкай у 2008 годзе. Забароны на адначасова нацысцкую і камуністычную сымболіку таксама дзейнічаюць у іншых краінах: Вугоршчыне, Грузіі, Латвіі, Польшчы і Ўкраіне.

У Беларусі забароненая толькі нацысцкая, але не савецкая сымболіка — апошняя выкарыстоўваецца ў тым ліку ў афіцыйных сьвяткаваньнях Дня Перамогі, Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і іншых урачыстасьцях, зьвязаных з камуністычнай мінуўшчынай. Сучасная дзяржаўная сымболіка Беларусі (сьцяг, герб і гімн) — мадыфікацыя сымболікі БССР.​

«Георгіеўскія» стужкі ў Беларусі не забароненыя, але амаль не ўжываюцца на афіцыйным узроўні пасьля 2014 году. Так, на Дзень Перамогі ў 2018 годзе ў Менску «георгіеўскія» стужкі выкарыстоўвалі толькі на расейскай акцыі «Несьмяротны полк», але не на афіцыйных урачыстасьцях па суседзтве. Таксама сёлета ўпершыню за шмат гадоў на Дзень Перамогі не павесілі савецкі сьцяг на менскую вежу-«глушылку».

«Георгиевская ленточка» — ня Юраўская стужка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG