Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Перамогі зь беларускім арнамэнтам замест «георгіеўскай» стужкі


Учора назіраў, як перад сьвятам аздаблялі плошчу Перамогі ў Менску — галоўную пляцоўку, дзе 9 траўня адбываюцца асноўныя дзяржаўныя ўрачыстасьці. Колеры афармленьня толькі афіцыйныя: чырвоны, зялёны і белы. Галоўны сымбаль сьвята, прыдуманы некалькі гадоў таму — яблыневая кветка.

У сьвяточных надпісах і віншаваньнях пераважае беларуская мова. Асабліва ўразіў нацыянальны арнамэнт, які паўсюль выкарыстоўваецца ў дызайне сьвяточнай лічбы «9».

І — ніводнай выявы паласатай чорна-жоўтай стужкі, якая зьяўляецца галоўным сымбалем сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Расеі. У Маскве сваё сьвята, у Менску — сваё.

Пра тое, як з дапамогай прапаганды можна выкарыстаць грамадзкі патрыятычны ўздым ва ўласных палітычных мэтах, Аляксандар Лукашэнка ведае ня горш за Ўладзіміра Пуціна. Таму і «Начных ваўкоў» сёлета ў Беларусі сустракалі без усялякіх афіцыйных ушанаваньняў, і да ідэі шэсьця па цэнтры Менску «Несьмяротнага палка» паставіліся больш чым холадна (афіцыйнага дазволу ініцыятары так і не атрымалі).

Чырвона-зялёныя стужкі зь белай яблыневай кветкай у гэтыя дні можна пабачыць паўсюль — на грудзях прадавачак у крамах, тэлевядоўцаў дзяржаўных каналаў, чыноўнікаў, якія даюць інтэрвію... Выглядае гэта як своеасаблівае супрацьпастаўленьне Маскве. Традыцыя са стужкамі ўзьнікла там і асабліва распаўсюдзілася на тле патрыятычнага запалу ў 2014 годзе, пасьля анэксіі Крыму.

Паласатая стужка спакваля стала сымбалем «русского мира», імпэрскіх памкненьняў Расеі. Тыя, хто сымпатызуе палітыцы Пуціна, паспрабавалі пашырыць гэты сымбаль і ў Беларусі. Але вельмі хутка атрымалі сымэтрычны адказ у выглядзе чырвона-зялёнай стужкі, якую намаганьнямі афіцыйных ідэолягаў у добраахвотна-прымусовым парадку масава распаўсюдзілі ў Беларусі.

Прыхільнікі «русского мира» часам спрабуюць бравіраваць паласатымі стужкамі, прымацоўваючы іх у салёне сваіх машын альбо на аўтамабільных антэнах, аднак шырокага распаўсюду гэтая практыка не атрымала. Ці то таму, што сама ідэя ў Беларусі ня надта папулярная, ці то праз асьцярогу гаспадароў за захаванасьць такіх аўтамабіляў. Рэакцыя палітычна ангажаваных грамадзянаў на такія аўтамабілі можа быць рознай, у тым ліку і агрэсіўнай.

Адметна, як хутка можа мяняцца сэнс і зьмест сымболікі, калі за гэта бярэцца сучасная агрэсіўная прапаганда. У мінулым чорна-жоўтая «георгіеўская» (гвардзейская) ордэнская стужка — частка адной з самых ганаровых вайсковых узнагарод спачатку Расейскай імпэрыі, а потым — Савецкага Саюзу.

У імпэрыі гэта быў Георгіеўскі крыж, у СССР — салдацкі ордэн Славы. Як ні дзіўна, у сыстэме дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь з прыходам Аляксандра Лукашэнкі гэта стужка таксама актыўна выкарыстоўвалася. Паглядзіце на выяву зацьверджанага ў 1995 годзе беларускага ордэна Вайсковай Славы.

Беларускі ордэн Вайсковай Славы (зьлева) і юбілейны мэдаль да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі
Беларускі ордэн Вайсковай Славы (зьлева) і юбілейны мэдаль да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі

Ордэнская стужка ў ім — гэта спалучэньне менавіта «георгіеўскай» стужкі і чырвона-зялёных колераў афіцыйнага сьцяга.

Пазьней гэты ж прыём актыўна выкарыстоўваўся ў дызайне шматлікіх юбілейных мэдалёў да гадавін Перамогі і вызваленьня Беларусі — у 2004, 2008, 2010, 2013 гадах. Апошні раз — у мэдалі «70 год вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», зацьверджаным у студзені 2014 году.

А потым здарыўся Крым, і паласатая стужка пачала набываць зусім іншы ідэалягічны і палітычны сэнс.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG