Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва разгледзіць забарону «георгіеўскіх» стужак


Ілюстрацыйнае фота

Дэпутаты апазыцыйнай партыі «Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» 9 траўня ўнесьлі ў літоўскі Сэйм законапраект аб забароне выкарыстаньня «георгіеўскай» стужкі, піша Delfi. Калі ініцыятыву ўхваляць, нашэньне яе стане адміністрацыйным правапарушэньнем.

Як кажа адзін з аўтараў законапраекту Аўдронюс Ажубаліс, прапанова зьвязаная з «новымі геапалітычнымі рэаліямі» і накіраваная на абарону сувэрэнітэту, свабоды і дэмакратычнай сыстэмы.

«Літве няма чаго сьвяткаваць [у Дзень Перамогі ў Другой сусьветнай вайне. — РС], таму што канец гэтай вайны прынёс Літве 50 гадоў савецкай акупацыі, боль і ссылкі, — дадае Ажубаліс. — А цяперашняе расейскае кіраўніцтва адмаўляе і не згаджаецца асудзіць злачынствы сталінскіх рэпрэсіяў і таталітарнага рэжыму».

«Георгіеўскую» стужку прапануюць аднесьці да нацысцкай і камуністычнай сымболікі, ужо забароненай у Літве. Ці прымуць цяпер папраўкі, цяжка прадказаць: «Саюз Айчыны» мае ў Сэйме толькі 31 месца са 141, разам у апазыцыянэраў там 52 месцы — гэта значыць, законапраекту патрэбна падтрымка іхных палітычных апанэнтаў. Падобная прапанова ўжо ўносілася ў Сэйм у 2016 годзе, падтрымкі тады не атрымала.

Савецкую сымболіку ў Літве прыраўнялі да нацысцкай у 2008 годзе. Забароны на адначасова нацысцкую і камуністычную сымболіку таксама дзейнічаюць у іншых краінах: Вугоршчыне, Грузіі, Латвіі, Польшчы і Ўкраіне.

У Беларусі забароненая толькі нацысцкая, але не савецкая сымболіка — апошняя выкарыстоўваецца ў тым ліку ў афіцыйных сьвяткаваньнях Дня Перамогі, Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і іншых урачыстасьцях, зьвязаных з камуністычнай мінуўшчынай. Сучасная дзяржаўная сымболіка Беларусі (сьцяг, герб і гімн) — мадыфікацыя сымболікі БССР.

«Георгіеўскія» стужкі ў Беларусі не забароненыя, але амаль не ўжываюцца на афіцыйным узроўні пасьля 2014 году. Так, на Дзень Перамогі ў 2018 годзе ў Менску «георгіеўскія» стужкі выкарыстоўвалі толькі на расейскай акцыі «Несьмяротны полк», але не на афіцыйных урачыстасьцях па суседзтве. Таксама сёлета ўпершыню за шмат гадоў на Дзень Перамогі не павесілі савецкі сьцяг на менскую вежу-«глушылку».

«Георгиевская ленточка» — ня Юраўская стужка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG