Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За красавік валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 9,7 мільярда рублёў


Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі вырас на 4,8% за студзень-красавік 2018 году да аналягічнага леташняга пэрыяду, згодна са зьвесткамі Белстату.

У грашовым эквіваленце ВУП за першыя чатыры месяцы 2018 году склаў 35,6 мільярда рублёў, гэта плюс 9,7 мільярда за красавік.

Найбольшы ўнёсак у ВУП зрабілі:

  • апрацоўчая прамысловасьць — плюс 9,6% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам;
  • Менск і Менская вобласьць — 27,3% і 14% ад агульнай лічбы па краіне.

У студзені-сакавіку Белстат фіксаваў рост ВУП на 5,1% да аналягічнага леташняга пэрыяду.

Сёлета ў красавіку МВФ палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця чакае, што беларуская эканоміка ў 2018 годзе вырасьце на 3%. Усясьветны банк прагназуе рост ВУП на 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% — у 2020 годзе.

Зьмены ВУП па месяцах за 2016 і 2017 гады
Зьмены ВУП па месяцах за 2016 і 2017 гады

На 2018 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 3,5%. У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG