Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывістаў правялі ператрусы пасьля акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем

абноўлена

Дазволены мітынг у Берасьці супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, 29 красавіка 2018
Дазволены мітынг у Берасьці супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, 29 красавіка 2018

У сувязі з акцыяй супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем у некалькіх актывістаў правялі ператрусы, канфіскавалі кампутарную тэхніку і іншыя рэчы, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Раніцай 16 траўня да актывіста Ільлі Міраненкі, які жыве ў Менску, уварваліся супрацоўнікі міліцыі. Гэта адбылося ў той момант, калі ягоная сваячка выходзіла з кватэры.

«Я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што каля мяне стаяць людзі ў масках. Яны не прадстаўляліся, не паказвалі дакумэнтаў, а толькі сказалі, што зараз прыйдзе міліцыянт у форме», — кажа Ільля Міраненка.

Празь нейкі час у кватэры былі ўжо двое ў масках, адзін у форме і адзін у цывільным. Яны паказалі хлопцу паперу, у якой было напісана, што агляд будзе ажыцьцяўляцца ў зьвязку з акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці — перакрыцьцем трасы М1.

У Міраненкі забралі два кампутары, чатыры мабільныя тэлефоны, флэшку і фотаапарат Polaroid, які ўвогуле ня можа быць носьбітам інфармацыі па сваіх тэхнічных характарыстыках. Акрамя гэтага, забралі стары блянк аб грашовым пераводзе ў Расею. Копіі дакумэнтаў аб выманьні не далі, сказалі толькі, што ўсе рэчы будуць перададзеныя ў Берасьце, а праверка зойме ад дзесяці дзён да месяца.

Таксама міліцыянты прыйшлі да анархіста Рамана і яшчэ адной дзяўчыны з падазрэньнем на іх удзел у той жа акцыі. У Рамана агляд праводзілі ўчастковы РУУС Заводзкага раёну Менску Алег Ганестаў і яшчэ чатыры асобы ў цывільным, якія не прадставіліся і не паказвалі пасьведчаньняў, забралі ноўтбук, тэлефоны і вопратку. Зьнялі з хлопца красоўкі.

«Паводзілі сябе дастаткова карэктна, не хамілі, ня білі, кайданкаў не надзявалі. Запыталіся, ці быў я ў Берасьці ў дзень акцыі», — кажа Раман.

Дзяўчыны, да якой прыйшла міліцыя, дома не было. Міліцыянты спрабавалі адабраць кампутарную тэхніку, аднак маці дзяўчыны сказала, што яе дачка па месцы рэгістрацыі даўно не пражывае. Міліцыянты папрасілі маці расьпісацца ў паперы з інфармацыяй пра тое, што 6 траўня дзяўчыны не было ў Баранавічах, і сышлі.

* * *

Акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу прайшла 5 траўня. На сваім сайце, доступ да якога ў Беларусі закрыты, анархісты напісалі, што правялі ў Берасьці дзьве акцыі: нанесьлі на плот будаўнічай пляцоўкі прадпрыемства надпіс «Не — заводу АКБ», а таксама перакрылі тры паласы трасы М1.

«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Будаваць завод у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

«Нам тут жыць». Да 2000 берасьцейцаў выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу. ФОТА

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае, аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Ад будаўнічай пляцоўкі да цэнтру гораду каля 16 кілямэтраў
Ад будаўнічай пляцоўкі да цэнтру гораду каля 16 кілямэтраў

11 траўня актывісты накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі заяву і прыкладзеныя да яе 2665 подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Берасьця, Берасьцейскага раёну і вобласьці ў сувязі са стратай даверу. Напярэдадні зьбіральнікаў подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Берасьцейшчыны пакаралі штрафамі, у аднаго зь іх правялі ператрус.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG