Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты бізнэсу ад барацьбы Расеі з Telegram ацанілі ў 2 млрд даляраў


Магчымыя страты бізнэсу праз спробы расейскіх уладаў заблякаваць Telegram могуць скласьці каля 2 мільярдаў даляраў. Так, расейскія кампаніі могуць страціць мільярд даляраў да канца 2018 году.

Яшчэ столькі ж — Amazon і Google. Пра гэта гаворыцца ў лісьце генэральнага дырэктара кампаніі-распрацоўніка софту Flexbby Андрэя Пракоф’ева інтэрнэт-амбудсмэну Дзьмітрыю Марынічаву, паведамляе «Коммерсант».

«Гэта самы пэсымістычны сцэнар», — адзначыў Пракоф’еў. У гэтым выпадку, на яго думку, выйграць ад перадзелу рынку могуць «Ростелеком», Mail.ru Group, «Яндекс» і Microsoft.

Кіраўнік Flexbby лічыць, што неабходна прыняць папраўкі, якія выключаць сытуацыі, пры якіх «жыцьцёва важныя сэрвісы расейскага бізнэсу будуць блякавацца ў аднабаковым парадку». Паводле ягоных зьвестак, ужо пацярпела каля 400 расейскіх арганізацый, якія выкарыстоўваюць Google і Amazon.

Напярэдадні Таварыства навуковых работнікаў зьвярнулася да прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева з патрабаваньнем «спыніць шкодную дзейнасьць „Роскомнадзора“». Навукоўцы лічаць, што супрацоўнікі ведамства павінны панесьці адказнасьць за нанесены імі ўрон. Таксама ўчора пра збоі ў працы сайтаў, бяз доступу да якіх немагчымая паўнавартасная навуковая дзейнасьць, паведаміў Савет па навуцы пры Міністэрстве адукацыі і навукі. Навукоўцы лічаць, што менавіта «Роскомнадзор», а не канкрэтныя інтэрнэт-правайдэры, нясе ўсю паўнату адказнасьці за сытуацыю, якая склалася.

У «Роскомнадзоре» заявілі, што «прымаюць захады з мэтай пазьбегнуць блякаваньня добрапрыстойных рэсурсаў». На гарачую лінію ведамства паступіла 46 тысяч зваротаў, якія тычацца збояў з прычыны блякаваньня Telegram.

З 16 красавіка ў Расеі паводле рашэньня суду блякуюць доступ да Telegram за адмову даць ФСБ ключы шыфраваньня паведамленьняў карыстальнікаў. Паколькі мэсэнджар стаў выкарыстоўваць для абыходу блякаваньня сэрвэры амэрыканскіх кампаній Amazon і Google, «Роскомнадзор» пачаў абмяжоўваць доступ да іх. Заблякавана амаль 20 мільёнаў адрасоў.

Нягледзячы на ўсе намаганьні, мэсэнджар працягвае працаваць, а яго аўдыторыя нават узрасла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG