Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як правільна захоўваць прадукты харчаваньня


У апошнім артыкуле мы гаварылі пра тое, як марнаваць менш прадуктаў. Сёньня — практычныя парады па іх захоўваньню.

Садавіна і гародніна

Калі гародніна спакаваная ў плястык, дык лепей яе пакінуць ва ўпакоўцы. Важна таксама захоўваць гародніну ў патрэбным месцы. Некаторыя гатункі гародніны лепш захоўваць у халадзільніку, а іншыя — па-за халадзільнікам.

У нясьпелых памідорах ёсьць таксын таматын, які можа быць шкодным для здароўя

Захоўвайце памідоры па-за халадзільнікам у сухім прахалодным месцы. Дарэчы, ежце толькі сьпелыя памідоры. У нясьпелых памідорах ёсьць таксын таматын, які можа быць шкодным для здароўя.

Цыбуля хутка паглынае вільгаць і гніе, таму захоўвайце яе ў сухім месцы. Дарэчы, цыбуля паглынае і водары, у тым ліку водар часнаку, таму лепей захоўваць іх асобна.

Зімовая морква, пастарнак і корань салеры захоўваюцца вельмі доўга. Лепей за ўсё трымаць іх у сухім месцы пры тэмпэратуры 12-15°C.

Бульбу лепш за ўсё трымаць у цёмным прахалодным месцы.

Трымайце бакляжаны, гуркі і перац па-за халадзільнікам, але ня побач з памідорамі і садавіной.

Бакляжаны асабліва адчувальныя да этылену — газу, які выпрацоўваюць бананы, грушы, яблыкі і памідоры. Праз этылен бакляжаны пакрываюцца цёмнымі плямамі і атрымліваюць горкі смак.

Бакляжаны асабліва адчувальныя да этылену — газу, які выпрацоўваюць бананы, грушы, яблыкі і памідоры. Праз этылен бакляжаны пакрываюцца цёмнымі плямамі і атрымліваюць горкі смак

Гуркі высыхаюць у халадзільніку. Часта гуркі прадаюцца ў плёнцы. Не здымайце яе, бо яна падаўжае тэрмін прыдатнасьці прыкладна на тыдзень.

Ліставая гародніна, напрыклад салата і цыкорый, і крыжакветныя (каляровая капуста, брокалі, брусэльская капуста, дайкон, радыска, рэпа) лепш за ўсё захоўваць у халадзільніку.

Тое ж тычыцца сьцёблаў салеры і парэю.

Лімоны і іншую цытрусавую садавіну лепш трымаць у цёмным месцы па-за халадзільнікам. Сярэдні тэрмін прыдатнасьці цытрусавых — 14 дзён.

Бананы і іншая экзатычная садавіна пакутуюць ад холаду. Калі яны захоўваюцца пры тэмпэратуры ніжэй за 7°C, то пачынаецца разбурэньне клетак, яны губляюць вільгаць і пачынаецца працэс гніеньня.

Вінаград лепей трымаць у халадзільніку. Там ён застанецца ў прыдатным стане на працягу сямі дзён, а па-за халадзільнікам — толькі тры-чатыры дні. Захоўвайце вінаград у папяровым пакеце або на талерцы.

Яблыкі лепей захоўваць у халадзільніку пры тэмпэратуры 4°С. Тады яны будуць на тры тыдні даўжэй прыдатнымі, чым па-за халадзільнікам.

Папярэдне нарэзаная гародніна і садавіна заўсёды павінна захоўвацца ў халадзільніку. Гэта тычыцца ўсіх гатункаў. Лепш за ўсё захоўваць яе ў арыгінальнай ўпакоўцы.

Малочныя прадукты

Тварог, малако, ёгурт і іншыя малочныя прадукты маюць тэрмін прыдатнасьці. Да гэтай даты гарантуецца добрая якасьць. Пасьля заканчэньня тэрміну прыдатнасьці якасьць прадукту можа пагоршыцца.

Што тычыцца малочных прадуктаў, часта яны прыдатныя для спажываньня яшчэ некалькі дзён пасьля тэрміну на ўпакоўцы. Выкарыстоўвайце свой зрок, пах і смак, каб зразумець, ці прыдатны яшчэ прадукт. Адкрыты ёгурт можна трымаць у халадзільніку каля 5-7 дзён, малако — 3-5 дзён.

Хлеб

Хлеб застаецца прыдатным ад 2 да 4 дзён у кухоннай шафе. У халадзільніку ён будзе старэць хутчэй. Хлеб застаецца сьвежым даўжэй, калі трымаць яго ў хлебным пакеце і ў хлебніцы. Дарэчы, хлеб можна замарозіць. Рабіць гэта трэба ў дзень пакупкі.

Яйкі

Яйкі трэба захоўваць у халадзільніку. Спажыўцы часта думаюць наадварот, бо яйкі ў краме знаходзяцца па-за халадзільнікам. Нізкая тэмпэратура прыпыняе рост бактэрый. Не выкідвайце кардонную ўпакоўку — дзякуючы ёй, яйкі не высыхаюць і застаюцца сьвежымі даўжэй.

Пакладзеце яго ў міску ці вялікую шклянку з падсоленай вадой. Яйка, што ўсплыве на паверхню, есьці ня трэба

На ўпакоўцы заўсёды стаіць тэрмін прыдатнасьці. Але яйкі можна зьесьці (у прыгатаваным відзе) і празь некалькі дзён пасьля сканчэньня тэрміну. Вы можаце зрабіць тэст, калі вы ня ўпэўненыя, ці яйка яшчэ прыдатнае. Пакладзеце яго ў міску ці вялікую шклянку з падсоленай вадой. Яйка, што ўсплыве на паверхню, есьці ня трэба.

Чаму яйкі ў краме не ў халадзільніку? Шкарлупіна абараняе яйка ад вільгаці. Вільгаць спрыяе росту шкодных бактэрый. Калі ў краме яйкі знаходзяцца ў халадзільніку, а адтуль вы бераце іх у свой кошык, каб аднесьці дадому, дык ўзьнікае розьніца тэмпэратур, і, як вынік, кандэнсат. Гэта ў тэорыі небясьпечна. Таму лепей, калі яйкі ў краме ляжаць не ў халадзільніку.

Увогуле, тэмпэратура ад моманту, калі курыца адкладае яйкі, і да крамы, павінна ўтрымлівацца на больш-менш адзіным узроўні.

Агульныя парады

Аптымальная тэмпэратура ў халадзільніку — 4°С.

Давярайце свайму ўласнаму смаку і паху ў ацэнцы тэрміну прыдатнасьці. Спажыўцы часам думаюць, што прадукты па-за датай нельга бясьпечна ўжываць у ежу, але гэта тычыцца толькі прадуктаў, якія хутка псуюцца, накшталт мяса і рыбы.

Ну а што наконт цьвілі?

Што рабіць, калі цьвіль распаўзлася па прадуктах харчаваньня? Некаторыя прадукты можна часткова выратаваць, але большасьць неабходна выкінуць.

Выратаваць можна цьвёрды сыр (пармэзан, чэдар) і цьвёрдую гародніну і садавіну (морква, капуста). Адрэжце ўсю паверхню, забруджаную цьвільлю, плюс яшчэ мінімальна адзін сантымэтар. Перакладзіце ў чысты посуд ці паперу.

Бясьпечная таксама цьвіль на цьвёрдых мясных вырабах тыпу салямі. Выдаліце цьвіль з паверхні мясных вырабаў перад ужываньнем.

Усе астатнія прадукты, на якіх завялася цьвіль, неабходна выкінуць. Гэта датычыцца хлебу, малочных прадуктаў, мяккай садавіны і гародніны, сасісак і каўбас, джэмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG