Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калісьці усе ведалі: хлеб — усяму галава. Цяпер модна яго пазьбягаць. Сёньня пагаворым пра глютэн, пра тое, ці спрыяе хлеб атлусьценьню і ці ёсьць у ім нешта карыснае.

Частка прыхільнікаў дыеты бяз хлеба ня ведае, чаму хлеб — гэта быццам дрэнна. Многія людзі лічаць, то ад мучнога набіраеш лішнюю вагу. Гэта ня так. Лішняя вага — гэта вынік спажываньня занадта вялікай колькасьці калёрый, а ня нейкага аднаго прадукту, або катэгорыі прадуктаў.

Хлебабулачныя вырабы добра ўпісваюцца ў здаровы рацыён. Тым, хто хоча схуднець, хлеб есьці можна. Аднак, варта аддаваць перавагу хлебу з высокім утрыманьнем клятчаткі, бо ён больш карысны і лепей насычае. У сярэднім адзін кавалачак хлебу (30 г) утрымлівае каля 80 калёрый, а гэта менш чым, напрыклад, у банане.

Частка праціўнікаў хлеба сьцьвярджае, што хлеб — гэта дрэнна, таму што ён утрымлівае глютэн. Паняцьце глютэн аб’ядноўвае групу бялкоў некаторых злакавых расьлін (пшаніцы, жыта, аўса, ячменю). Глютэн у выглядзе клейкавіны мае вялікае значэньне ў хлебапякарнай прамысловасьці. Менавіта ўтрыманьне глютэну ў муцэ вызначае элястычнасьць і пругкасьць цеста. У некаторых людзей ёсьць неталерантнасьць да глютэну альбо яго поўнае непрыняцьцё (цэліакія).

Ня ўсе павінны быць на безглютэнавой дыеце. Дыета без глютэну жыцьцёва неабходная для тых, хто пакутуе ад цэліакіі, а гэта — адзін адсотак насельніцтва сьвету. Для астатніх 99 адсоткаў дыета без глютэну ня мае карысьці, але стварае рызыку недахопу неабходных пажыўных рэчываў, такіх як клятчатка, жалеза, вітаміны групы В, ёд. Да таго ж, трэба ведаць, што тлушч і цукар часта выкарыстоўваюцца у якасьці замены ў безглютэнавых прадуктах.

Галоўны складнік хлеба — гэта мука. Каб замясіць хлебнае цеста, у муку дадаюць ваду, дрожджы або іншы разрыхляльнік, соль, закваску і невялікую колькасьць тлушчу (алею). У прынцыпе, гэтым можна абмежавацца.

Увогуле я пазытыўна стаўлюся да хлеба. Аднак хлеб хлебу розьніца. Заўсёды чытайце этыкеткі. У Беларусі ў хлеб часта дадаюць фэрацыяністы калій, дэзадараваны алей, павідла, цукар і яшчэ шмат усяго непатрэбнага.

У большасьці людзей настальгія па ежы мае не фізіялягічную, а выразную псыхалягічную аснову. Эмігранты з постсавецкай прасторы часта за мяжой раптам пачынаць есьці ежу зь мінулага, якую асабліва і ня елі

Многія з тых, хто зьехаў зь Беларусі кажуць, што ім хочацца роднага хлеба. Асабіста ў мяне такой настальгіі няма наогул. У большасьці людзей настальгія па ежы мае не фізіялягічную, а выразную псыхалягічную аснову. Эмігранты з постсавецкай прасторы часта за мяжой раптам пачынаць есьці ежу зь мінулага, якую асабліва і ня елі. Напрыклад, пернікі, згушчанае малако, сала і той жа хлеб. Часта робіцца гэта не таму, што смачна, а таму, што такім чынам як бы ажыцьцяўляецца сувязь з радзімай.

Ну а што датычыць камэнтараў, што беларускі хлеб больш сытны, а замежны як нафарбаваная вата — гэта, лічу, неаб’ектыўнае параўнаньне. Гатункаў хлеба ў любой краіне велізарнае мноства, і яны кардынальна адрозьніваюцца. Ёсьць, вядома, паветраны хлеб (вялікая колькасьць разрыхляльнікаў і іншыя дабаўкі), але ёсьць і больш цьвёрдыя гатункі, якія вельмі нагадваюць наш жытні хлеб, і нават пераўзыходзяць яго па пажыўных і смакавых якасьцях. Парадокс у тым, што на захадзе цяпер лягчэй знайсьці нармальны хлеб з натуральных інгрэдыентаў бяз кучы непатрэбных і часта шкодных дадаткаў, чым у Беларусі (глядзіце этыкеткі: сьпіс з 15-20 інгрэдыентаў, як правіла, пра гэта сьведчыць).

А наогул хлеб з суцэльнага збожжа або хлеб з даданым вотруб’ем — гэта добрая крыніца клятчаткі, вітамінаў групы В, жалеза і ёду. У адрозьненьне ад белага або карычневага хлеба, суцэльны хлеб вырабляецца з суцэльнага збожжа. Суцэльныя прадукты ўтрымліваюць больш харчовага валакна, вітамінаў і мінэралаў, чым прадукты з рафінаванага збожжа.

Ужываньне прадуктаў з суцэльнага збожжа зьніжае рызыку некаторых захворваньняў сэрца і дыябэту 2-га тыпу.

У Галяндыі, дзе я жыву, Цэнтрам харчаваньня рэкамэндуецца спажываць 5-6 кавалкаў хлеба кожны дзень

Важная заўвага. Практычна ва ўсіх рэкамэндацыях па здаровым харчаваньні — а тут гаворка ідзе пра ўвесь сьвет — хлеб прысутнічае ў абавязковым парадку. Больш за тое, яго рэкамэндуецца есьці кожны дзень. У Галяндыі, дзе я жыву, Цэнтрам харчаваньня рэкамэндуецца спажываць 5-6 кавалкаў хлеба кожны дзень. Што галяндцы з вялікім задавальненьнем і робяць. Вельмі яны любяць хлеб! Працягласьць жыцьця ў Галяндыі, дарэчы, вельмі высокая.

У рэгіёнах, дзе шмат доўгажыхароў, напрыклад на грэцкім востраве Ікарыя і на італьянскім востраве Сардзінія, хлеб таксама спажываецца ў вялікіх колькасьцях. На Сардзініі налічваецца каля 600 гатункаў хлеба.

Больш падрабязна пра тое, як чытаць этыкеткі на хлебе, можна даведацца у гэтым артыкуле.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG