Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як марнаваць менш прадуктаў


У гэтым артыкуле размова пра тое, колькі прыдатнай ежы мы выкідаем, а таксама практычныя парады, як можна мінімалізаваць асабістае марнаваньне прадуктаў харчаваньня.

Асноўныя факты пра харчовыя страты і адкіды паводле Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО):

• Прыкладна адна траціна прадуктаў харчаваньня, вырабленых ў сьвеце, выкідваецца. Гэта — каля 1,3 мільярда тон ежы ў год.

• Харчовыя страты і адкіды каштуюць штогод прыкладна USD $ 680 мільярдаў у прамыслова разьвітых краінах і 310 мільярдаў ў краінах, якія разьвіваюцца.

• Прамыслова разьвітыя краіны і краіны, якія разьвіваюцца, выкідваюць прыкладна аднолькавую колькасьць ежы — адпаведна 670 і 630 млн тонаў у год.

• Больш за ўсё выкідваецца садавіны і гародніны, а таксама каранёў і клубняў.

• На душу насельніцтва харчовыя адходы спажыўцоў складаюць 95-115 кг у год у Эўропе і Паўночнай Амэрыцы, у той час як спажыўцы ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, выкідваюць толькі 6-11 кг у год.

• На ўзроўні розьнічнага гандлю вялікая колькасьць ежы губляецца толькі з прычыны таго, што зьнешне яна не выглядае ідэальна. Гэта датычыцца пераважна садавіны і гародніны. Плады зь невялічкімі зьнешнімі дэфэктамі купляюць ня так ахвотна, як плады «правільнай» формы і колеру.

• Страты прадуктаў харчаваньня ёсьць адной з асноўных прычын растраты рэсурсаў, уключаючы ваду, зямлю, энэргію, працу і капітал. Да таго ж, перавытворчасьць прадуктаў харчаваньня прыводзіць да выкідаў парніковых газаў без неабходнасьці. А гэта, як вядома, спрыяе глябальнаму пацяпленьню.

• У цэлым на сельскую гаспадарку прыпадае ад адной пятай да чвэрці ўсіх выкідаў парніковых газаў у сьвеце. Паводле ацэнак ФАО, толькі змарнаваная ежа адказная за 4,4 гігатон вуглякіслага газу ў год. Гэта больш, чым увесь гадавы ўзровень выкідаў CO2 у Індыі і амаль столькі ж, колькі вырабляецца ў выніку выкідаў парніковых газаў ад аўтамабільнага транспарту на ўсёй плянэце.

• Ежа, якая ў цяперашні час марнуецца ў Лацінскай Амэрыцы, можа накарміць 300 мільёнаў чалавек.

• Ежа, якая ў цяперашні час марнуецца ў Эўропе, можа накарміць 200 мільёнаў чалавек.

• Ежа, якая ў цяперашні час марнуецца ў Афрыцы, можа накарміць 300 мільёнаў чалавек.

• Нават калі толькі 25% ад усёй змарнаванай ежы можна было б выратаваць, гэтага было б дастаткова, каб накарміць 870 мільёнаў галадаючых людзей у сьвеце. На дадзены момант 800 млн людзей пакутуе ад голаду.

• Для вытворчасьці ежы, якая выкідваецца, нам кожны год неабходна каля 14 мільёнаў квадратных кілямэтраў сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта толькі крыху менш, чым агульная плошча Расеі.

• У краінах, якія разьвіваюцца, 40% страт адбываецца пры пасьляўборачнай апрацоўцы прадуктаў. У прамыслова разьвітых краінах больш за 40% страт адбываецца на ўзроўні розьнічнага гандлю і спажыўцоў. То бок, у багатых краінах самі спажыўцы выкідаюць (часта некранутую) ежу. А ў бедных краінах марнаваньне прадуктаў ёсьць вынікам недасканалых мэтадаў вядзеньня сельскай гаспадаркі, дрэннай інфраструктуры, сьціплай упаковачнай прамысловасьці. Такім чынам, можна сказаць, што ў багатых краінах росквіт нясе адказнасьць за марнаваньне ежы, у той час як у бедных краінах за гэта адказна менавіта адсутнасьць росквіту.

Што вы можаце зрабіць?

Забесьпячэньне ўстойлівых мадэляў спажываньня і вытворчасьці, і, як вынік, памяншэньне харчовых адходаў — адна з мэтаў пляну ўстойлівага разьвіцьця за 2030 г Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Аднак як жа пазьбегнуць харчовых адходаў?

Вось некалькі практычных парадаў:

• Не хадзіце па крамах галодныя. Не выкарыстоўвайце у краме вялікую каляску, вазьміце лепш кошык.

• Загадзя напішыце сьпіс сапраўды неабходных прадуктаў, адхіляйцеся ад яго як мага менш.

• Перш, чым купіць ежу на распродажы па добрай цане, падумайце, ці сапраўды вы зьясьце гэтую ежу ў бліжэйшы час.

• Выкарыстоўвайце меншыя талеркі. На вялікія талеркі людзі накладаюць больш ежы, чым могуць зьесьці. Тое ж самае тычыцца латкоў ў кафэтэрыі.

• Калі вы нешта недаелі ў рэстаране, дык папрасіце, каб рэшткі вам запакавалі з сабой.

• Давярайце свайму ўласнаму смаку і паху ў ацэнцы тэрміну прыдатнасьці. Спажыўцы часам думаюць, што прадукты па-за датай нельга бясьпечна ўжываць у ежу, але гэта тычыцца толькі прадуктаў, якія хутка псуюцца, накшталт мяса і рыбы.

У далейшых артыкулах мы асобна пагаворым пра аптымальнае захоўваньне прадуктаў харчаваньня.

Калі ласка, падзяліцеся ў камэнтарах, якое ваша стаўленьне да выкінутай ежы і ці маеце вы ў арсэнале нейкія хітрыкі, каб пазьбегнуць марнаваньня прадуктаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG