Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку тыдня даляр падаражэў у Беларусі на 5,01%, эўра — на 5,92%


Фінансавыя аналітыкі аб пэрспэктывах беларускага рубля на тле абвалу расейскага.

Расейскі рубель працягвае абясцэньвацца на фоне ўвядзеньня новых санкцый ЗША. На таргах Маскоўскай біржы 11 красавіка ўпершыню зь вясны 2016 году курс эўра перавысіў 80 рублёў. Курс даляра ЗША ўзьняўся да 65 рублёў.

Аслабленьне расейскай валюты адбіваецца і на фінансавым рынку Беларусі — у валютным кошыку Нацыянальнага банку расейскі рубель займае 50% (яшчэ 50% падзелена паміж далярам і эўра).

На адкрыцьці валютных таргоў у Менску даляр ЗША і эўра таксама прадоўжылі расьці.

Так, эўра вырас на 7 капеек (+2,82%) і дасягнуў 2,56 беларускага рубля. Гэта абсалютны максымум, на пачатку 2016-га эўрапейская валюта каштавала 2,49 рубля.

Даляр ЗША вырас на 4,4 капейкі (+2,17%), да 2,06 беларускага рубля. Праўда, да паўтарэньня рэкорду таго ж 2016 году пакуль далёка — тады было 2,2 дэнамінаванага рубля.

З пачатку гэтага тыдня даляр ЗША падаражэў на 5,01%, эўра — на 5,92%.

100 расейскіх рублёў сёньня патаньнелі на 3 капейкі — да 3,21 беларускага. З пачатку тыдня ў Беларусі расейская валюта абясцэнілася на 4,53%.

Палхоўскі: міні-паніка неўзабаве ўляжацца

Фінансавы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клюб» Валеры Палхоўскі перакананы, што нічога надзвычайнага не адбываецца — цяперашнія ваганьні для нестабільных валют накшталт расейскага ці беларускага рубля, падатных на ўнутраныя і вонкавыя рызыкі, — справа цалкам натуральная.

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі

«Я ня вельмі разумею, адкуль наогул паніка, — кажа экспэрт. — Курс расейскага рубля зьмяніўся на 5-7%, што для гэтай валюты ня ёсьць чымсьці звышнатуральным. Іншая справа, апошнім часам ён быў дастаткова стабільным, штодзённыя ваганьні былі ня вельмі моцныя. Так, на навінах пра санкцыі пайшоў больш-менш актыўны рух. Але гэта і блізка не 2011-ы ці 2014 год».

Ён таксама мяркуе, што міні-паніка неўзабаве ўляжацца і істотных карэктываў у курсавую, грашова-крэдытную палітыку, якую праводзяць цэнтральныя банкі ў Беларусі і Расеі, зроблена ня будзе.

Валеры Палхоўскі ня думае, што пагрозы больш жорсткіх захадаў супраць Расеі могуць спрычыніцца да краху яе эканомікі і, як вынік, фінансавай сыстэмы. З аднаго боку, кажа ён, у многіх сфэрах гандлёвыя інтарэсы ўзаемныя; адпаведна, байкот абсталяваньня ці сыравіны на амэрыканскіх ці эўрапейскіх партнэраў адаб’ецца ня ў меншай ступені. Па-другое, упэўнена растуць нафтавыя цэны, што дазваляе Расеі мець пэўную «падушку бясьпекі».

«Ну якім бокам санкцыйная палітыка супраць Расеі павінна нас цікавіць? — перапытвае аналітык. — У гэтым выпадку нас можа толькі цікавіць, што цэны на нафту маркі Brent знаходзяцца на трохгадовым максымуме і цэляцца ў дыяпазон 80 даляраў за барэль. Пагрозы не купляць расейскую нафту пакуль не абмяркоўваюцца. З улікам нават гэтага санкцыі наўрад ці акажуць такі ўплыў на эканоміку Расеі, які нельга згладзіць больш высокімі цэнамі на нафту. Таму на гэты момант ніякага вялікага нэгатыву я ня бачу і мяркую, што пэрсанальныя санкцыі супраць пэўнага кола асобаў (яны нават не сэктаральныя) наўрад ці адаб’юцца на эканоміцы ў шырокім сэнсе».

Нацыянальны банк Беларусі пакуль ня ўмешваецца ў сытуацыю на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Болтачка: Нацбанк не зацікаўлены дэвальваваць рубель

Экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка лічыць, што рэгулятару пакуль нічога не застаецца, як маніторыць сытуацыю — курс беларускага рубля ня можа заставацца статычным на фоне працэсаў ва ўсходніх суседзяў.

Антон Болтачка
Антон Болтачка

«Тое, што адбываецца на фінансавым рынку Расеі, безумоўна, будзе аказваць уплыў на Беларусь — асабліва з улікам, што мы асноўныя гандлёвыя, інвэстыцыйныя партнэры, — кажа экспэрт. — Разам з тым гэта ня ўсе фактары, якія могуць аказваць уплыў. У нас ёсьць свой рэгулятар, які мусіць кантраляваць разьвіцьцё сытуацыі і нівэляваць нэгатыўныя наступствы. І пакуль моцнага пагаршэньня няма, можна лічыць, што Нацбанк намагаецца не дапусьціць адмоўных наступстваў для краіны. Што тычыцца далейшай пэрспэктывы, то застаецца шмат няпэўнасьці».

Тым ня меней ці могуць біржавыя хваляваньні ў Расеі стаць падставай, каб Нацбанк перагледзеў празьмерную залежнасьць у валютным кошыку ад расейскага рубля? Антон Болтачка мяркуе, што пакуль беларуская эканоміка застаецца арыентаванай на расейскі рынак, наўрад ці такія карэктывы мэтазгодныя.

«Ня думаю, што тут варта шукаць нейкую падаплёку ці прамую залежнасьць, — гаворыць Антон Болтачка. — Нацбанк першы зацікаўлены, каб курс беларускага рубля заставаўся стабільным і кошык валют, структураваны менавіта такім чынам, адпавядаў разьмеркаваньню гандлю па краінах. Адпаведна, рэгулятар ня будзе зацікаўлены, каб зьмяняць існы балянс. Як не зацікаўленыя дэвальваваць рубель, ведаючы, што гэта можа выклікаць нэгатыўныя наступствы. У тым ліку з боку стаўленьня насельніцтва да рубля, які ўлады намагаюцца ўмацаваць якраз з гледзішча даверу».

Кангрэс ЗША: Працяг санкцый непазьбежны, «чорны сьпіс» будзе пашырацца

Да абясцэньваньня расейскага рубля, які за сабой пацягнуў і беларускі, спрычыніўся санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША ад 6 красавіка.

У яго ўвайшлі сем буйных расейскіх бізнэсоўцаў і 17 высокапастаўленых чыноўнікаў. Сярод іх — былы прэзыдэнт En+Group Алег Дзерыпаска, старшыня праўленьня «Газпрома» Аляксей Мілер, старшыня праўленьня ВТБ Андрэй Косьцін, чалец Савету Фэдэрацыі Сулейман Керымаў, старшыня савету дырэктараў групы кампаній «Ренова» Віктар Вексельберг, чалец праўленьня групы «СИБУР» Кірыл Шамалаў ды іншыя.

Санкцыі моцна ўдарылі па расейскім фондавым рынку — на піку падзеньня 9 красавіка індэкс Маскоўскай біржы апусьціўся больш як на 9%, а індэкс РТС — амаль на 11%. Сукупнае багацьце 50 найбагацейшых расейцаў за адзін дзень скарацілася практычна на 12 мільярдаў даляраў.

Тым часам у Кангрэс ЗША ўнесены законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да Расеі за яе датычнасьць да атручваньня былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Сярод захадаў уціску на Крэмль аўтары прапануюць забараніць амэрыканскім удзельнікам рынку любыя апэрацыі з расейскімі дзяржаўнымі аблігацыямі і даўгамі найбуйнейшых расейскіх банкаў. Мараторый на пастаўкі нафты і абсталяваньне пакуль не абмяркоўваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG