Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца скараціць свае паўнамоцтвы?


Аляксандар Лукашэнка ў Грузіі

Развагі Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасьць перадаць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы іншым органам улады — гэта гульня ў кошкі-мышкі з грамадзкасьцю і Захадам.

23 сакавіка, адказваючы на пытаньне журналіста грузінскага тэлебачаньня, кіраўнік Беларусі выступіў зь нечаканай заявай:

«Сапраўды, у нас моцная прэзыдэнцкая ўлада... Я нядаўна казаў пра тое, што прыйдзе час, калі мы павінны будзем і Канстытуцыю падкарэктаваць. Можа, нейкія нормы памяняць. Натуральна, нейкія функцыі ад прэзыдэнта перадаць выканаўчым органам улады, ураду, парлямэнту і да таго падобнае. Да гэтага мы і ідзем. Так, сёньня няма гэтага часу. Але ён заўтра можа прыйсьці. І мы павінны быць гатовыя. Таму мы будзем працаваць над Асноўным законам... І вы ведаеце, у нас, акрамя Лукашэнкі, досыць разумных, моцных палітыкаў, якія, няхай не аднаасобна, але ў камандзе могуць вырашаць пытаньні».

Ня першы раз Аляксандар Лукашэнка абяцае нейкія сутнасныя палітычныя перамены ў краіне. Нагадаю, што яшчэ ў перадвыбарчай праграме падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён абяцаў: «У Беларусі будзе створаны інстытут упаўнаважанага па правах чалавека».

У інтэрвію кітайскім СМІ ў студзені 2012 году Лукашэнка заявіў, што мы будзем «мадэрнізаваць нашу палітычную сыстэму». «Нам трэба зьвярнуць сурʼёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сыстэмы нашай краіны», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.

У перадвыбарчай праграме падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году Лукашэнка абяцаў «пашырэньне паўнамоцтваў і сфэр адказнасьці парлямэнту, а таксама органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня».

У кастрычніку 2016 году, выступаючы ў Нацыянальным сходзе, кіраўнік Беларусі казаў пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыі: «Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта [зьмяненьне Канстытуцыі] пойдзем».

Зусім нядаўна — 15 сакавіка, на Дзень Канстытуцыі — Лукашэнка падчас сустрэчы з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду зноў казаў, што «з часам мы прыйдзем да абмеркаваньня пытаньня аб унясеньні зьмяненьняў у Асноўны закон». Прычым, на ягоную думку, трэба «вельмі дакладна і правільна выбраць момант», «гэта ня заўтрашняга, ня сёньняшняга дня праблема». У заяве прагучала адна канкрэтная думка: «Нам трэба пачынаць з Канстытуцыі і там прапісваць жорстка гэтую шматпартыйную сыстэму, якая роля партый». Лукашэнка прапанаваў заняцца гэтай справай менавіта Канстытуцыйнаму суду.

І вось новая заява.

Не для таго Лукашэнка 24 гады вытоптваў палітычнае поле

Агульнае, што яднае ўсе падобныя выказваньні Лукашэнкі, палягае ў тым, што яны нічым не канчаюцца. Гэта проста страсаньне паветра. Думаю, і гэтая чарговая заява скончыцца тым жа.

Бо ўвесь час на пасадзе прэзыдэнта Беларусі Лукашэнка займаўся толькі адным: усё больш канцэнтраваў уладу ў сваіх руках, ператвараючы ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты (парлямэнт, суды, мясцовыя саветы) у фікцыю. Адваротнай тэндэнцыі не было заўважана.

Тады навошта ён робіць падобныя заявы? Бо адчувае запыт грамадзтва, ціск з боку Захаду. Лукашэнка добра навучыўся імітаваць працэс.

Глядзіце, якая мітусьня адбываецца ў такім простым пытаньні, як увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне. ЭЗ патрабуе, крытыкуе, настойвае на гэтым. І афіцыйны Менск кажа: добра, давайце пагаворым, абмяркуем. Колькі ўжо адбылося сэмінараў на гэтую тэму і ў Менску, і ў Страсбуры. Выніку нуль, але эўрапейцы задаволеныя — маўляў, нейкія ж зрухі адбываюцца, ідзе працэс.

Так і ў гэтым пытаньні перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў іншым органам улады. На мой погляд, гэта пустая гаварыльня, але якая шмат каму дае надзею. Людзям хочацца верыць у лепшае. На гэтым Лукашэнка і гуляе. У лепшым выпадку гэта скончыцца нейкай імітацыяй, якую дзяржаўныя мэдыі пасьпяшаюцца выдаць за сутнасьць. У горшым выпадку ўсё гэтай заявай і абмяжуецца. Не для таго Лукашэнка 24 гады вытоптваў палітычнае поле, каб цяпер сеяць там дэмакратычнае зерне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Бот кайзэра — чужы, а вось расейскі — свой. Як Лукашэнка прызнаўся, што не прымае БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG