Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Ягораў: «Калі б у Крамлі верылі, што Беларусь можна анэксаваць без крыві, яны б гэта зрабілі»


Госьць «Інтэрвію тыдня» — дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў. Ён адзначае, што канфрантацыя — адзіны шлях для сёньняшняй Расеі прымусіць іншых з сабой лічыцца; разважае, як Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь, і тлумачыць, што азначае, калі «Масква любіць вушамі».

Ані эканамічна, ані тэхналягічна Расея ня можа канкураваць з разьвітымі краінамі

— Выбары прэзыдэнта Расеі нібыта цалкам фармальная падзея, бо пераможца ў іх быў загадзя вядомы. Але для палітычных аналітыкаў гэта было пэўнай вяхой, бо многія аглядальнікі лічаць, што пасьля выбараў палітыка Крамля набудзе пэўныя новыя рысы. Ці згодныя вы з тымі, хто кажа, што новы тэрмін Пуціна — гэта будзе яшчэ большае процістаяньне з Захадам, большы ізаляцыянізм ад астатняга сьвету?

— Машына палітычных тэхналёгіяў і маніпуляцыяў у Расеі дазваляе арганізоўваць амаль любы працэнт падтрымкі, неабходны гэтаму палітычнаму рэжыму. Таму я ня думаю, што выбары нейкім істотным чынам будуць мяняць той курс Расеі, які быў выбраны Пуціным, і моцна задэкляраваны падчас ягонай знакамітай Мюнхэнскай прамовы. Дзе ён паставіў задачу вяртаньня Расеі ў сусьветныя лідэры, і потым мы бачым усе дзеяньні ад Грузіі да Ўкраіны і Сырыі.

Ані эканамічна, ані тэхналягічна Расея ня можа канкураваць з разьвітымі краінамі

Гэта такая агрэсіўная палітыка, накіраваная на абвастрэньне канфрантацыі, і такім шляхам Расея прымушае размаўляць з сабой. І ў Масквы няма ніякіх іншых магчымасьцяў рэалізаваць гэтую місію, дэкляраваную Пуціным, акрамя агрэсіўных вайсковых дзеяньняў, правакаваньнем канфліктаў, нагнятаньнем супрацьстаяньня з Захадам. Бо ані эканамічна, ані тэхналягічна Расея ня можа канкураваць з разьвітымі краінамі. Таму гэта застаецца для іх адзіным шанцам заняць тое месца, якое Пуцін бачыць для Расеі на міжнароднай арэне.

Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь

— У гэтым сэнсе нас, вядома, больш цікавіць, як гэтая старая палітыка можа відазьмяніцца ў стаўленьні Крамля да Беларусі. Магчыма, кіраўніцтва Расеі будзе патрабаваць ад свайго найбліжэйшага саюзьніка стаць у адзін антызаходні шэраг. Што на гэта можа адказаць Менск, як ён можа адбівацца ад такога ціску?

— Відавочна, што Расея будзе патрабаваць большай ляяльнасьці ад Беларусі. Падчас электаральных пэрыядаў, важных для аўтарытарных рэжымаў, яны звычайна не ідуць на абвастрэньне канфліктаў, каб не ствараць нэгатыўны для сябе імідж. Але пасьля такіх пэрыядаў яны могуць ісьці на пэўныя крокі.

Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь. Але сымпатыі расейскага грамадзтва да Беларусі даволі вялікія. Спрэчкі паміж Расеяй і Беларусьсю часта нэгатыўна адбіваюцца на лідэрстве Расеі ў розных інтэграцыйных аб’яднаньнях. Таму Крэмль выбірае для канфліктаў такія пэрыяды, калі ёсьць магчымасьці і рэсурсы ціснуць. І думаю, што такі момант будзе, бо Расея назапасіла даволі шмат нявырашаных канфліктаў.

Спрэчкі паміж Расеяй і Беларусьсю часта нэгатыўна адбіваюцца на лідэрстве Расеі ў розных інтэграцыйных аб’яднаньнях

Па-першае, Беларусь вельмі актыўна выкарыстоўвае расейскі рынак для рэакспарту санкцыянаваных тавараў. Па-другое, Менск ня вельмі ляяльна ставіцца да пэўных спадзеваў расейскага капіталу на засваеньне эфэктыўных беларускіх прадпрыемстваў. І, па-трэцяе, Беларусь не заўсёды ляяльная да расейскіх геапалітычных крокаў, не заўсёды падтрымлівае тую агрэсіўную палітыку, якую вядзе Расея.

Вядома, Расея хацела б выправіць гэтую сытуацыю, зрабіць Беларусь больш ляяльнай, і гэта будзе рабіцца. Але далей трэба разгледзець магчымасьці і сродкі, якія ёсьць у Расеі. Я думаю, што каб пуцінскі рэжым верыў у тое, што Беларусь можна анэксаваць без крыві, без супраціву на гэтай тэрыторыі — то яны б гэта зрабілі. Але ў іх няма веры, што такая анэксія не прывядзе да дэстабілізацыі ў Беларусі і да моцнага сабатажу ўнутры самой Беларусі.

І яны разумеюць, што калі такое пачынаецца, то выпраўленьне сытуацыі патрабуе значных рэсурсаў. І ці не прасьцей мець даволі ляяльную адміністрацыю Лукашэнкі, які ўсё ж рэалізуе значную частку расейскіх інтарэсаў тут, чым імкнуцца да наўпроставага ўсталяваньня кантролю, дзе ім давядзецца за ўсё плаціць.

— Вы разважаеце рацыянальна і лягічна, што і павінен рабіць прафэсійны палітоляг. Але ці ня варта пакідаць у гэтых развагах пэўнае поле для ірацыянальных і нават контрапрадуктыўных крокаў, якія нярэдка здараюцца ў расейскай замежнай палітыцы? Ці можна разглядаць імавернасьць такога імпульсіўнага і ірацыянальнага кроку Крамля ў дачыненьні Беларусі?

— Безумоўна, нельга выключаць цалкам ірацыянальную лінію паводзінаў ад «шырокай рускай душы». Але ж я ня думаю, што яны ня будуць пралічваць пэўныя наступствы такіх «імпульсіўных крокаў». Бо любая спроба агрэсіі супраць Беларусі падарве пэўны кансэнсус, які Расея мае на прасторы Эўразійскага саюзу.

Бо як, напрыклад, Казахстан успрыме агрэсіўныя дзеяньні супраць Беларусі? Набыць Беларусь празь нейкія нелегітымныя дзеяньні — гэта значыць страціць Казахстан. І таму кошт ўтрыманьня суседзяў вельмі ўзрастае. Хоць, вядома, нельга ніколі выключаць ірацыянальных крокаў Масквы.

Расея будзе спрабаваць адабраць частку сувэрэнітэту Казахстана, Армэніі і Беларусі праз наднацыянальныя органы Эўразійскага саюзу

Я думаю, што, хутчэй за ўсё, Расея будзе спрабаваць адабраць частку сувэрэнітэту гэтых краінаў (Казахстан, Армэнія, Беларусь) праз наднацыянальныя органы Эўразійскага саюзу.

Магчымая большая ўніфікацыя правілаў, спроба вярнуцца да ідэі ўвядзеньня адзінай валюты, інтэграцыя фінансавых і эканамічных сыстэмаў і гэтак далей.

Лукашэнка вельмі добра адчувае, што Расея «любіць вушамі»

— Калі глядзець на беларускую ўнутраную палітыку з гледзішча прысутнасьці Расеі, то мы назіраем гэтыя дні пэўны паварот у стаўленьні беларускай улады да гадавіны БНР. Адбыліся затрыманьні заяўнікаў шэсьця, перанос устаноўкі памятнай дошкі ў гонар БНР. Магчыма, чыноўнікі проста рэагуюць на апошнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Ці бачыце вы тут замежнапалітычны матыў — паказаць Расеі, што ўлады Беларусі ня будуць надта далёка заходзіць у прызнаньні нацыянальных каштоўнасьцяў, якія Расея можа ўспрымаць варожа?

— Я думаю, гэты складнік моцна прысутнічае ў замежнапалітычнай рыторыцы Менску — улік інтарэсаў Расеі і арыентацыя на тое, што яны там падумаюць. Лукашэнка вельмі добра адчувае, што Расея «любіць вушамі». Таму можна рабіць амаль што заўгодна, але гаварыць публічна нельга.

Таму Лукашэнка будзе падтрымліваць фактычна некаторыя рэчы, зьвязаныя зь незалежнасьцю Ўкраіны, а публічна казаць, што Крым дэ-факта расейскі. Тое самае і ўнутры краіны. Можна дазваляць прызнаньне БНР, рабіць крокі ў беларусізацыі, але казаць трэба ўсё роўна, што мы стаім на варце расейскіх інтарэсаў, што мы браты назаўсёды і гэтак далей. І гэтая гульня вельмі добра гуляецца.

У сьвяткаваньні Дня Волі ўлады спрабуюць выкарыстаць больш памяркоўныя сілы, каб іх рукамі задушыць больш радыкальную частку старой апазыцыі

Вядома, для ўладаў Беларусі прызнаньне БНР і ўвогуле крокі ў беларусізацыі зьвязаныя з пэўнай небясьпекай таго, што ў гэтым беларускамоўным асяродзьдзі канцэнтруецца значная колькасьць тых, хто процістаіць гэтаму рэжыму. Таму даваньне большай свабоды ім — гэта даваньне большай моцы сваім праціўнікам. Таму рэжым вельмі асьцерагаецца і скарыстоўвае гэтыя сытуацыі для таго, каб падзяляць і ўладарыць.

У сытуацыі са сьвяткаваньнем Дня Волі ўладам неабходна было пасварыць дзьве часткі апазыцыі, стварыць моцную канфліктную сытуацыю. Яны спрабуюць выкарыстаць больш памяркоўныя сілы, каб іх рукамі задушыць больш радыкальную частку старой апазыцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG