Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад імя арганізатараў канцэрту #БНР100 рассылаюць фэйкавыя запрашэньні


Запрашэньні выступіць на канцэрце ў гонар 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі зь невядомай электроннай пошты атрымалі «прадстаўнікі пракрамлёўскіх арганізацый і чарнасоценцы», напісаў у сваім фэйсбуку адказны за запрашэньні на канцэрт Эдуард Пальчыс.

З пошты BNR1918@protonmail.com невядомыя рассылаюць запрашэньні выступіць на канцэрце ў гонар стагодзьдзя БНР ад імя арганізатараў мерапрыемства. У рассылцы пазначана электронная пошта «Арт Сядзібы» і тэлефон арганізатара канцэрту Паўла Белавуса.

Першым пра такое запрашэньне паведаміў у сваім фэйсбуку заснавальнік прарасейскай арганізацыі «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў. Падобныя запрашэньні атрымалі таксама філёзаф Уладзімер Мацкевіч ды сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, сказаў Радыё Свабода Павел Белавус.

«У нас ужо сфармаваны сьпіс запрошаных гасьцей і сьпіс запрошаных музыкаў. На сцэну трапяць толькі людзі, зь якімі дамаўляліся. Людзей мы запрашалі не праз рассылкі, а праз тэлефонныя ці пэрсанальныя кантакты. Будзе сур’ёзная ахова і бясьпека з боку міліцыі і дружыньнікаў. Мы будзем старацца, каб ніякіх правакацый каля сцэны ці на сцэне не адбылося», — кажа Белавус.

Эдуард Пальчыс мяркуе, што падобную рассылку маглі зрабіць інтэрнэт-тролі, у тым ліку і пракрамлёўскія.

«Такая масавыя рассылка ідзе, каб было больш спрэчак, сварак і інфанагодаў нэгатыўных», — лічыць Пальчыс.

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Вядома, што з прамовай на канцэрце выступіць заснавальнік TUT.BY Юры Зісер. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by сабралі 94% неабходнай сумы, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі.

Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка дазволеныя ў Берасьці, Горадні, Гомлі і Пружанах. У Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG